27 лiстапада 2024, Серада, 15:39
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Amnesty International: Справа Сурапіна - яшчэ адзін цвік у труну свабоды слова

3
Amnesty International: Справа Сурапіна - яшчэ адзін цвік у труну свабоды слова

Міжнародная праваабарончая арганізацыя заклікае неадкладна вызваліць Антона Сурапіна.

Праваабарончая арганізацыя «Міжнародная амністыя» заклікае ўлады Беларусі неадкладна вызваліць 20-гадовага фатографа Антона Сурапіна і зняць з яго ўсе абвінавачванні, перадае БелаПАН.

«Справа супраць Антона Сурапіна - гэта яшчэ адзін цвік у труну свабоды слова і асацыяцый у Беларусі, дзе ілжывыя абвінавачванні часта выкарыстоўваюцца ў спробах прымусіць замаўчаць тых, хто абараняе правы чалавека», - цытуе прэс-служба арганізацыі заяву дырэктара «Міжнароднай амністыі» па Еўропе і Цэнтральнай Азіі Джона Дэлхэйсэна.

Антон Сурапін быў затрыманы 13 ліпеня супрацоўнікамі КДБ па падазрэнні ў «дапамаганні наўмыснаму незаконнаму перасячэнню мяжы, здейсненаму арганізаванай групай асоб», яму пагражае да сямі гадоў турмы.

Студэнт Інстытута журналістыкі БДУ першым апублікаваў у інтэрнэце фатаграфіі цацачных мядзведзяў, скінутых 4 Ліпеня над Івянцом і Менскам са шведскага самалёта, які незаконна перасёк дзяржаўную мяжу. Паводле слоў Антона, фатаграфіі яму былі дасланыя па электроннай пошце.

23 ліпеня скончыліся 10 сутак, на працягу якіх Сурапіну альбо павінны былі прад'явіць абвінавачванне, альбо адпусціць з-пад варты. На волю журналіст не выйшаў, ці прад'яўлена яму абвінавачванне, невядома.

У цэнтры інфармацыі і грамадскіх сувязяў КДБ ад любых каментароў па справе аб «плюшавым бамбаванні» адмаўляюцца.

Родным Сурапіна па-ранейшаму нічога пра яго невядома. У той жа час маці затрыманага Алена Сурапіна распавяла, што 24 ліпеня ад сына прыйшоў ліст. Антон, па яе словах, піша, што кормяць яго добра, таксама ён удзячны усім, хто яго падтрымлівае. Ліст напісаны такім чынам, як быццам Антон не ўпэўнены ў тым, што ён дойдзе да бацькоў, дадала Алена Сурапіна.

Родныя спадзяюцца, што ў бліжэйшыя дні з'явіцца свежая інфармацыя аб іх сыне.

На мінулым тыдні арганізатары «плюшавага дэсанту» - прадстаўнікі шведскай піяр-кампаніі «Studio Total» - заявілі аб недатычнасці беларускіх грамадзян да акцыі. Аб яе падрыхтоўке ведалі ўсяго каля 10 чалавек, і ўсе яны шведы. Заснавальнік кампаніі «Studio Total» Пер Кромвелл выказаў гатоўнасць прыехаць, у выпадку неабходнасці, у Беларусь для дачы паказанняў.

Варта адзначыць, што беларускія ваенныя і памежнікі спачатку катэгарычна абвяргалі факт перасячэння мяжы замежным самалётам.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках