27 лiстапада 2024, Серада, 15:58
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У цэнтры ўвагі ААН - палітвязні ў Беларусі

13
У цэнтры ўвагі ААН - палітвязні ў Беларусі

У Радзе ААН па правах чалавека, дзе праходзіць 20 сесія, абмяркоўваюцца дзве краіны - Сірыя і Беларусь.

Інтэрактыўны дыялог аб сітуацыі ў Беларусі пачаўся ў сераду і працягнецца сёння. Напярэдадні ў ААН прайшлі кансультацыі па рэзалюцыі аб сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі, галасаванне па якой адбудзецца ў канцы гэтай сесіі. Рэзалюцыя, якая заклікае да неадкладнага і безумоўнага вызвалення ўсіх палітвязняў у Беларусі і патрабуе ўвядзення пасады спецдакладчыка ААН мае моцную падтрымку з боку больш чым 20 краін-сябраў Рады. Неназваная крыніца з дэлегацыі ЕЗ паведаміла, што існуе упэўненасць у тым, што рэзалюцыя будзе прынятая большасцю галасоў, а ў самім ЕЗ прапанаваную рэзалюцыю па Беларусі аднадушна падтрымліваюць. У выступах прадстаўнікоў краін, заклапочаных правамі чалавека ў Беларусі, згадваліся імёны беларускіх вязняў сумлення Зміцера Дашкевіча, Анджэя Пачобута і Алеся Бяляцкага, перадае «Радыё Свабода».

Інтэрактыўны дыялог пачала Вярхоўны камісар ААН па правах чалавека Наві Пілэй, якая падрыхтавала раней справаздачу па Беларусі, і заклікала ўлады Беларусі супрацоўнічаць з яе офісам і дапусціць яе экспертаў у Беларусь.

Свой даклад яна назвала «вынікам ўважлівага збору і аналізу сітуацыі». Пілэй адзначыла, што даклад рыхтаваўся ў Жэневе. «Маё ўпраўленне не раз прасіла дазволу для тэхнічнай місіі наведаць Беларусь, каб сустрэцца з афіцыйнымі прадстаўнікамі і зацікаўленымі бакамі. Але адказу мы так і не атрымалі. Вельмі шкада, асабліва калі ўлічыць, што беларускі бок крытыкаваў наш леташні вусны даклад за тое, што ён быў складзены без наведвання краіны», - сказала Пілэй.

«Хачу адзначыць, што Мартынаў (міністр замежных спраў Беларусі) запрашаў мяне наведаць Беларусь пры ўмове, што гэта наведванне не будзе несці справаздачныя абавязальніцтвы», - дадала яна.

Паводле ацэнкі Піллэй, «становішча з правамі чалавека ў Беларусі істотна пагоршылася пасля 19 снежня 2010 года». «Адказы уладаў на пераважна мірныя дэманстрацыі прывялі да кампаніі супраць палітычных апанентаў, праваабаронцаў, грамадзянскай супольнасці, журналістаў», - сказала вярхоўны камісар ААН.

«Урад узмацніў кантроль над СМІ і Інтэрнэтам, такім чынам яшчэ больш абмежаваў свабоду слова. Улады праводзяць палітыку пераследу незалежных няўрадавых арганізацый, у тым ліку праваабарончых. Шэраг груп грамадзянскай супольнасці не могуць атрымаць рэгістрацыю ў якасці НДА, а шматлікія праваабаронцы пераследуюцца па палітычных матывах», - адзначаецца ў дакладзе Піллэй.

Беларускі прадстаўнік Міхаіл Хвастоў, які па існуючых правілах атрымаў слова адразу пасля Вярхоўнага камісара, заявіў, што Беларусь - дэмакратычная краіна і сітуацыя з правамі чалавека там значна лепшая, чым у заходнееўрапейскіх краінах, якія крытыкуюць Беларусь. Беларусь не прызнала справаздачу Вярхоўнага камісара ААН па Беларусі і назвала яе не адпаведнай праўдзе. Што тычыцца пераследу за падзеі 19 снежня 2010 года, то беларускі прадстаўнік заявіў у ААН, што пакараныя былі толькі хуліганы і крымінальныя элементы.

Прадстаўнік Расеі назваў даклад Вярхоўнага камісара ААН «контрпрадуктыўным», заснаваным на «сумніўных крыніцах», заявіў, што яна «скажае падзеі ў Беларусі», а абмеркаванне мае «замоўны, палітызаваны характар» і «служыць мэтам пэўнай групы дзяржаў». Прадстаўнік місіі Расеі падкрэсліў, што Беларусь выдатна супрацоўнічае з офісам Вярхоўнага камісара, а ініцыятывы ЕЗ накіраваныя на ізаляцыю Беларусі і такі падыход «вядзе Раду па правах чалавека ў тупік».

Прадстаўнік дэлегацыі ЕЗ заявіла: «ЕЗ застаецца сур'ёзна заклапочаным сітуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі, арыштам актывістаў, пераследам незалежных журналістаў». Прадстаўнік дэлегацыі ЕЗ нагадала ў сваім выступе аб нядаўнім паўторным арышце журналіста Анджэя Пачобута, а таксама пераслед праваабаронцаў, якія супрацоўнічаюць з ААН, у іх ліку прысуд Алесю Бяляцкаму. Аб пераследзе журналістаў і праваабаронцаў, пра беларускіх палітвязняў згадвалі ў сваіх выступах і прадстаўнік Германіі, і іншых краін ЕЗ.

Дэлегацыя ЕЗ падкрэсліла, што сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі патрабуе сталай увагі і патрабуе неадкладнага ўвядзення пасады спецдакладчыка ААН па Беларусі.

Праект прапанаванай рэзалюцыі, кансультацыі па якой прайшлі ў ААН ўчора, і ўвядзенне пасады спецдакладчыка падтрымалі щ сваіх выступах прадстаўнікі краін ЕЗ. Літва заявіла, што цалкам падтрымлівае рэзалюцыю і прапанову ўвядзення мандата ААН па Беларусі.

Прадстаўнік Польшчы распавёў пра акалічнасці пераследу журналіста Анджэя Пачобута і адзначыў, што гэта толькі адзін прыклад шматлікіх парушэнняў правоў чалавека ў Беларусі, пераследу праваабарончых НДА, якія супрацоўнічаюць з ААН.

Прадстаўніца дэлегацыі ЗША сказала аб «глыбокай заклапочанасці, якую выклікае грубае парушэнне асноўных правоў чалавека» у Беларусі, і тое, што сітуацыя з правамі чалавека там стала пагаршаецца. Яна сказала пра тое, што да фактаў, прадстаўленых ў справаздачы Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека, дадаецца і праблема парушэння ўладамі Беларусі свабоды перамяшчэння людзей. Пра гэта ж казалі ў выступах і прадстаўнікі еўрапейскіх краін.

Дэлегацыя ЗША ў ходзе інтэрактыўнага дыялога заявіла, што спецдакладчык ААН па Беларусі неабходны і выказала глыбокую упэўненасць, што ўвядзенне пасады спецдакладчыка па Беларусі паспрыяе вызваленню палітвязняў у Беларусі.

Супраць увядзення пасады спецдакладчыка ААН па Беларусі выказаліся, акрамя самой Беларусі і Расеі, прадстаўнікі Кубы, Кітая, Зімбабвэ.

Прадстаўнікі дэлегацый часткі краін выказваліся стрымана, дыпламатычна і асцярожна, заклікалі ўлады Беларусі да супрацоўніцтва з ААН у галіне правоў чалавека, а Рада - да супрацоўніцтва з Беларуссю, як, да прыкладу, В'етнам, Азербайджан, Іран, Венесуэла.

Напісаць каментар 13

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках