27 лiстапада 2024, Серада, 1:13
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

МАЗ, МТЗ, «Гомсельмаш» і «Віцязь» рыхтуюць да продажу

75
МАЗ, МТЗ, «Гомсельмаш» і «Віцязь» рыхтуюць да продажу

Усяго два месяцы таму Лукашэнка расхвальваў дырэктара МАЗа Аляксандра Бароўскага.

Паспяховага кіраўніка флагмана беларускай эканомікі - і раптам у адстаўку?

Відавочных прыкмет, якія маглі б падштурхнуць да змены кіраўнікоў МАЗа і МТЗ, эксперты не бачаць.

«Надоечы ордэнам узнагародзілі чалавека (Аляксандра Бароўскага). А калі б не гэты крызіс, ён бы яшчэ датэпаў да Героя Беларусі. Яму за шэсцьдзесят, але фору кожнаму дасць», - распавёў не далей як у кастрычніку на прэс-канферэнцыі для прадстаўнікоў расійскіх СМІ Аляксандр Лукашэнка, піша «Заўтра тваёй краіны».

Зрэшты, перасоўванні і прызначэнні ў беларускім кіраўніцтве праводзяцца настолькі кулуарна, што ніхто ніколі не ведае, чым яны выкліканыя. Гэта становіцца зразумела ў лепшым выпадку праз нейкі час.

Лукашэнка гуляе ў кадравую чахарду

- Я думаю, што звольненыя кіраўнікі МАЗа і МТЗ і самі не ведаюць, чаму гэта адбылося. У «Беллегпраме», дзе надоечы таксама змянілася кіраўніцтва, хаця б былі агучаныя прычыны, - адзначае былы прэм'ер Беларусі Міхаіл Чыгір. - Бо МАЗ, напрыклад, убіраўся ў сілу, нарошчваў экспарт, даваў значныя паказчыкі.

У рэйтынгу беларускіх ААТ за студзень-верасень 2012 года МАЗ на пятай пазіцыі. За тры квартала гэта акцыянернае таварыства паказала чысты прыбытак у суме 1,1 трлн рублёў. А гэта ў 1,5 разы больш, чым за першае паўгоддзе гэтага года.

- Я не бачу логікі ў кадравай мітусні апошняга часу, - кажа экс-прэм'ер. - Магчыма, кіраўнікі МАЗа і МТЗ адпраўленыя ў адстаўку так, на ўсялякі выпадак, каб іншым было непанадна разнявольвацца?

Новыя кіраўнікі - даручэнцы Лукашэнка

За адстаўкамі і новымі прызначэннямі генеральным дырэктарам МАЗа Віктара Асноўскага, а генеральным дырэктарам МТЗ - Уладзіміра Ваўчка эканаміст Леў Марголін разгледзеў прызнанне Лукашэнкам таго, што ў наступным годзе ўсё-ткі давядзецца заняцца прыватызацыяй.

- 2,5 мільярды даляраў ад прыватызацыі ў гэтым годзе так і не атрыманыя. У наступным годзе, каб атрымліваць абяцаныя раты крэдыту, давядзецца займацца прыватызацыяй. І больш за тое, жыццёва важныя пытанні для Беларусі, у прыватнасці, пра 4,5 мільёны тон расійскай нафты, мяркуючы з усяго, не развязаныя праз тое, што ўтаймоўваецца прыватызацыя, - мяркуе эксперт. - Я ўспрымаю прызначэнне новых дырэктараў МАЗа, МТЗ, а таксама «Гомсельмаша» і «Віцязя» як перадпродажную падрыхтоўку гэтых прадпрыемстваў, а новых кіраўнікоў як асабістых даручэнцаў Лукашэнкі. Калі давядзецца прадаваць гэтыя прадпрыемствы, Лукашэнка паспрабуе атрымаць з гэтага максімум.

Што да атмасферы на саміх прадпрыемствах пры змене іхных кіраўнікоў, то, як адзначае Леў Марголін, гэта зазвычай хвалюе хіба што верхавіну кіраўніцтва гэтых самых прадпрыемстваў.

- Рабочы да дырэктара далёка. Іншая рэч, што змена кіраўніка - гэта зазвычай і змена стылю працы і прыярытэтаў, таму ў канчатковым выніку і рабочыя на сабе адчуюць гэтыя перамены. Не раз ужо здаралася: калі мянялі кіраўніка і прадпрыемства ледзь не раскідвалася, даводзілася пільна шукаць замену. З МАЗам менавіта так і адбылося, - нагадвае эканаміст. - Нездарма ж Бароўскага некалькі гадоў таму дасталі з калоніі.

Нагадаем, Лукашэнка прызначыў Аляксандра Бароўскага генеральным дырэктарам Мінскага аўтазавода ў снежні 2009 года. Гэта адбылося амаль праз год пасля таго, як Бароўскі быў вызвалены з-пад варты. Ён быў затрыманы 29 траўня 2007 года, калі быў кіраўніком канцэрна «Белнафтахім».

Напісаць каментар 75

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках