27 лiстапада 2024, Серада, 3:33
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Ірына Халіп: Усе ведаюць вартасць слова Лукашэнкі  

19
Ірына Халіп: Усе ведаюць вартасць слова Лукашэнкі  

Журналістка не бачыць сэнсу каментаваць абяцанне Лукашэнкі пра яе вызваленне.

Нямецкі ПЭН-цэнтр прысудзіў прэмію імя Германа Кестэна за гэты год карэспандэнтцы расійскай "Новой газеты" ў Менску Ірыне Халіп. У нядзелю,  11-га лістапада, у горадзе Дармштадт пройдзе цырымонія ўручэння прэміі. Яна прымеркаваная да Міжнароднага дня пісьменніка ў зняволенні, які адзначаюць 15-га лістапада.

У інтэрв'ю Deutsche Welle невыязная журналістка распавяла, якім чынам яна прыме ўдзел у цырымоніі і як цячэ яе жыццё ва ўмовах хатняга арышту.

- Ці збіраецеся Вы прыняць удзел у цырымоніі ўручэння прэміі ў Нямеччыне?

- Я буду ўдзельнічаць, калі можна так выказацца, віртуальна, праз скайп-канферэнцыі. Асабіста прыняць узнагароду я не змагу.

- Вольнае крэсла на цырымоніі ўручэння прэміі - гэта, са слоў генеральнага сакратара нямецкага ПЭН-цэнтра Гербэрта Візнэра (Herbert Wiesner), ужо традыцыя. Лаўрэат 2010 года кітайскі праваабаронца Лю Сяобо таксама не змог асабіста прыняць узнагароду, бо сядзеў у турме.

- Я таксама толькі фармальна знаходжуся на волі. У рэальнасці я жыву ва ўмовах хатняга арышту. Мне забаронена выязджаць за межы Беларусі і выходзіць з дому пасля дзесяці вечара. Я абавязаная адзначацца ў міліцыі штопанядзелак. У тыя дні, калі я не адзначаюся, міліцыянеры прыходзяць уначы спраўджваць, ці я дома. У ліпені наступнага года ў мяне скончыцца адтэрміноўка выканання прысуду, і суд будзе вырашаць, ці адправіць мяне ў турму, ці вызваліць мяне, ці падоўжыць мне адтэрміноўку.

- Месяц таму Аляксандр Лукашэнка ў інтэрв'ю брытанскаму журналісту паабяцаў, што дазволіць Вам выязджаць з краіны. Ці можаце Вы цяпер перасоўвацца свабодна?

- Пра што вы кажаце? Не мае сэнсу каментаваць словы Лукашэнкі. Усё ведаюць іхную вартасць.

- Ваш муж Андрэй Саннікаў надоечы атрымаў палітычны прытулак у Вялікабрытаніі. Як вы паставіліся да яго пастановы?

- Гэта была нашая агульная пастанова, якая абмяркоўвалася яшчэ да яго ад'езду. Безумоўна, я яго магу толькі падтрымліваць. Таму што я ўжо досыць наездзілася з перадачамі ў турмы. Я досыць часу выдаткавала на бессэнсоўныя тэлефонныя званкі ў розныя інстанцыі з пытаннем, дзе мой муж, калі яго этапавалі з адной турмы ў іншую. Я ўважаю за лепшае, каб ён быў у бяспецы.

- Ці плануеце Вы рушыць услед за ім у Вялікабрытанію?

- Я планую адбыць сваё пакаранне ў Беларусі. Я не збіраюся выязджаць ў багажніку аўтамабіля ці як-небудзь яшчэ, каб мяне тут абвясцілі ў вышук і завялі на мяне новую крымінальную справу. Так што для мяне пакуль гэта пытанне неактуальнае. Наогул жа, я мару пра тое, што наша сям'я з'яднаецца ў Беларусі.

Цяпер, калі мой муж знаходзіцца ў бяспецы, ён зможа больш рабіць для таго, каб наша краіна змянілася. Бо вельмі шмат залежыць ад пазіцыі Захаду. Калі ёсць магчымасць працаваць там, значыць, гэтым трэба карыстацца. Я цяпер усё ж не магу ў поўнай меры даносіць сваю пазіцыю. Людзі ж, якія з'ехалі за мяжу пасля 19 снежня 2010 года, ужо сталі сур'ёзнай палітычнай сілай. Думаю, што супольныя дзеянні знутры і звонку паскораць змены ў Беларусі.

- Нядаўна Беларусь пакінулі таксама Аляксандр Атрошчанкаў і Зміцер Бандарэнка, сябры каманды Андрэя Саннікава. Ці можна казаць пра новую хвалю палітэміграцыі?

- Гэта не хваля палітэміграцыі. Проста беларускія ўлады не маглі змірыцца з тым, што людзі выйшлі з турмаў і прадоўжылі сваю актыўную дзейнасць. Спецслужбы рабілі ўсё магчымае для таго, каб вымусіць гэтых людзей з'ехаць. Калі пытанне ставіцца так: ты хочаш быць удавой Саннікава ці жонкай Саннікава? - я аддаю перавагу другому.

- Што Вы хочаце сказаць у сваім выступе на цырымоніі ўручэння Вам прэміі Нямецкага ПЭН-цэнтра ў гэтую нядзелю?

- Я ўжо падрыхтавала выступ, ён будзе перакладзены на нямецкую мову і зачытаны. Мой галоўнае пасланне ў тым, што свабода непадзельная. Немагчыма казаць пра свабоду сходаў без свабоды веравызнання. Няма свабоды веравызнання без свабоды думкі. Няма эканамічнай свабоды без свабоды слова. Свабода альбо ёсць, альбо яе няма. Але ўсё ж, на мой погляд, усё пачынаецца менавіта са свабоды слова, - яна першасная.

Напісаць каментар 19

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках