Беларусы дорага заплацяць за валютныя пазыкі дыктатуры
89- 9.10.2012, 14:48
Крэдыты дыктатарскай Беларусі выдаюцца пад вялікія адсоткі.
Празмернае ўмяшанне дзяржавы ў эканоміку і ўнутраная палітычная сітуацыя, якая характарызуецца як апошняя дыктатура ў Еўропе, занадта дорага абыходзяцца беларускай эканоміцы, у тым ліку і з пункту гледжання кошту валютных пазык і крэдытаў (уключаючы еўрабонды і г. д.).
Намаганні па паляпшэнню інвестыцыйнага іміджу, спрашчэнню адміністравання бізнесу, стабілізацыйныя праграмы і матрыцы - усе гэтыя меры пакуль не прыводзяць да зніжэння кошту знешніх запазычанняў, паведамляе АФН.
Як паведамлялася, у канцы верасня беларускія ўлады дамовіліся з Ашчадным банкам РФ аб пралангацыі $1 млрд. крэдыту Беларуськалію. У пралангацыі ніхто не сумняваўся, аднак усіх цікавілі ўмовы, якія адлюстроўваюць своеасаблівы бягучы папраўчы каэфіцыент згаданых рызык.
Крэдыт быў пралангаваны на 3 гады па стаўцы 8,2% гадавых (для параўнання: стаўка LIBOR, па якой даляравыя крэдыты прыцягваюць першакласныя банкі і краіны з нармальнай рэпутацыяй, складае каля 1% гадавых). Дарэчы, беспамерныя крэдытныя ўліванні абыходзяцца Грэцыі і Іспаніі значна танней.
Учора, міністр фінансаў РБ Андрэй Харкавец паведаміў аб тым, што Мінфін РБ ажыццявіў на мінулым тыдні прамы продаж Белзнешэканомбанку выпуску намінаваных у валюце 3-гадовых ДДА з купонным даходам. Аб'ём выпуску склаў $100 млн.
«Для нас гэтая здзелка з'яўляецца пакуль пробнай, мы паспрабуем пагаварыць яшчэ з інвестарамі, будзе цікавасць прысутнічаць да гэтага інструмента - будзем развіваць яго больш актыўна», - заявіў учора Харкавец, адмовіўшыся назваць адсоткавую стаўку па купонным даходам.
Між тым, стаўка, якая стане арыенцірам для наступных валютных пазык, не з'яўляецца вялікім сакрэтам - 7,5% гадавых. Пры гэтым, купонны даход, як і ў выпадку з еўрабондамі будзе выплачвацца двойчы ў год.
Па сутнасці, 7,5% - гэта індыкатыўны мінімум, ніжэй якога наўрад ці апусціцца хто-небудзь з патэнцыйных інвестараў (банкаў). Хутчэй за ўсё, прыкладны кошт валютных запазычанняў, на які могуць разлічваць беларускія ўлады, складае 7,8-8,5% гадавых. Абслугоўванне знешніх і ўнутраных валютных пазык па такіх стаўках абыходзіцца штогод у немалую суму, якую беларускім падаткаплацельшчыкам прыйдзецца выкладваць са сваіх кішэняў на працягу доўгіх гадоў.