28 лiстапада 2024, Чацвер, 6:34
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Бюджэт развіцця галечы

18
Бюджэт развіцця галечы

«Бюджэтам развіцця» назваў прэм'ер-міністр Беларусі прыняты «палатай прадстаўнікоў» асноўны фінансавы закон краіны.

Урад зробіць усё для росту валавога ўнутранага прадукту ў гэтым годзе на 5-5,5%, запэўніў Міхаіл Мясніковіч. Ці палепшаць аптымістычныя паказчыкі жыццё беларусаў?

У наступным годзе, паводле слоў кіраўніка ўрада, ВУП Беларусі і зусім павялічыцца на 8,5%, піша «Завтра твоёй страны».

Эканаміст Леанід Злотнікаў скептычна ацэньвае планы ўрада.

- Я не разумею адкуль возьмецца рост ВУП у гэтым годзе. Пабудаваць у кожным раёне па 10 сучасных эфектыўных прадпрыемстваў, мадэрнізаваць больш паловы дзеючых фабрык і заводаў, нерэальна. На гэта няма ўласных рэсурсаў. Хіба што, як у сталінскія часы, прымушаць насельніцтва набываць аблігацыі і такім чынам знаходзіць грошы на інвестыцыі.

Але цяпер прымусіць насельніцтва да падобнай «дабрачыннасці» наўрад ці ўдасца. А прыцягнуць з-за межаў краіны 4-5 мільярдаў даляраў інвестыцый, як гэта плануе ўрад, на думку, эканаміста таксама нерэальна.

- Нават калі ўлады знойдуць грошы на мадэрнізацыю прадпрыемстваў, у нас няма тэхналогій, абсталявання, неабходнай колькасці спецыялістаў для яе правядзення, - лічыць эксперт.

Фармальна паказчыкі па валавому ўнутранаму прадукту ўрад можа зрабіць, калі, як у мінулыя гады, у краіне зноў пачнуць друкаваць велізарную колькасць не заробленых грошай.

- Але да рэальнага паляпшэння жыцця беларусаў гэта не прывядзе, - перакананы былы старшыня Нацыянальнага банка Станіслаў Багданкевіч. - У гэтым годзе прадукцыйнасць працы ў Беларусі вырасла прыкладна на 3%, а даходы насельніцтва, паводле афіцыйнай статыстыкі, павялічыліся на 10%. На паперы такое магчыма. Але рэальны ўзровень жыцця павысіць усё роўна не атрымаецца, - падкрэслівае прафесар.

Па словах эканаміста, для ўрада галоўным павінен быць не ВУП, а рэнтабельнасць прадпрыемстваў, паспяховы знешні гандаль.

- Вал - гэта адміністрацыйны паказчык. Ён павінен быць другарадным у планах кіраўніцтва краіны. Асноўную ўвагу неабходна надаць эфектыўнасці эканомікі. Менавіта ад яе залежыць дабрабыт беларусаў, - адзначае Станіслаў Багданкевіч.

Леанід Злотнікаў для рэальнага паляпшэння жыцця беларусаў раіць правесці карэнныя рэформы.

- У краіне павінна быць ліберальная эканоміка, якая выкарыстоўвае сотні тысяч прадпрымальнікаў. А для рэфармавання сельскай гаспадаркі неабходная прыватная ўласнасць на зямлю або гарантыі доўгатэрміновай арэнды, - прапаноўвае шляхі вырашэння праблемы Леанід Злотнікаў.

Напісаць каментар 18

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках