23 лiстапада 2024, Субота, 22:14
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Трэці сектар нараджаецца ля абменнікаў

18
Трэці сектар нараджаецца ля абменнікаў

Дэфіцыт наяўнай валюты ў абменных пунктах і касах беларускіх банкаў справакаваў дзве з'явы, адну з якіх можна аднесці ў разрад пазітыўных, другую - у разрад негатыўных.

Негатыў. За апошнія 10 гадоў стабiльнага «чаркава-шкваркавага» жыцця беларусы не згубілі нюх да спекулятыўных аперацый і магчымасці «абуць» сваіх суграмадзян. Як мінімум для паловы з тых, хто стаіць перад абменнымі пунктамі, чаканне ў чарзе з'яўляецца няпыльнай працай, якая добра аплочваецца. Пры набыцці ў абменніку той жа 1000 даляраў па 3100 рублёў, ужо праз гадзіну яе можна прадаць на чорным рынку па 3800 рублёў за даляр, зарабіўшы на перапродажы нават на такой параўнальна невялікай суме валюты 700 тыс. беларускіх рублёў (паўтары пенсii).

Але пазітыў у дадзеным выпадку перавешвае негатыў. Чэргі ў абменныя пункты, у першую чаргу размешчаныя ў буйных супермаркетах і транспартных вузлах, з'яўляюцца самарэгуляванымі. І фішка нават не ў тым, што выкарыстоўваецца досвед 90-х гадоў вядзення нумарных запісаў, а за захаваннем чарговасці строга сочаць «дзяжурныя» з прадстаўнікоў самой чаргі.

У залежнасці ад аб'ёму валюты, які праходзіць праз дадзены абменны пункт, чарга ўсталёўвае суму валюты, якая прадаецца ў адны рукі. У дробных (па абароту) абменніках можна купіць не больш за 200 даляраў ці іншай валюты ў эквіваленце. У абменных пунктах з буйным абаротам ліміт павышаецца да 1000 даляраў. Пры гэтым спробы грамадзян, якім неабходна прадаць валюту, здаць свае баксы каму-небудзь, хто стаяць у чарзе па больш высокім курсе жорстка спыняюцца.

На самой справе гаворка ідзе пра яскравыя праявы самакіравальнай грамадзянскай супольнасці, зародкі якой былі растаптаныя беларускім аўтарытарным рэжымам гадоў гэтак дзесяць таму. Ля абменнікаў адбываецца адраджэнне трэцяга сектара. І па вялікім рахунку кіраўніку адміністрацыі У. Макею варта было б звярнуць пільную ўвагу на гэтую з'яву. Бо нельга выключаць, што калі дэфіцыт валюты ў абменніках будзе працягвацца яшчэ некалькі месяцаў (а хутчэй за ўсё так і будзе), у буйных чэргах (асобныя ўжо сёння налічваюць да паўтысячы чалавек) будуць створаныя самыя сапраўдныя страйкамы, якія ў выніку безумоўна публічна вылучаць свае патрабаванні да ўладаў, піша АФН.

Заадно можна прыгледзецца да найбольш актыўных грамадзянаў, за кошт якіх нядрэнна было б абнавіць узначалены Макеем грамадска-кансультатыўны савет.

Напісаць каментар 18

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках