4 лiстапада 2024, панядзелак, 21:04
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У школьніка забралі дзённік, запоўнены на беларускай мове

65

Настаўніца дзейнічала паводле інструкцыі аб парадку фарміравання культуры вуснага і пісьмовага маўлення.

Гэтая гісторыя адбылася з трэцякласнікам адной з гімназій горада Гародні. Бацька з сынам набылі дзённік, выдадзены на беларускай мове, разам запоўнілі яго на «роднай мове». Настаўніца, убачыўшы непарадак, папрасіла набыць новы і запоўніць яго па-расейску, піша газета «Наша Ніва» са спасылкай на газету «Вячэрняя Гародня».

«На мой погляд, я дзейнічаў лагічна: на якой мове надрукаваны, на такой і запаўняем. Але, настаўнік сцвярджаў, што ў вядзенні дакументаў павінна быць адзінства: калі мова навучання ў школе расейская, значыць, і запісы ў дзённіку павінны быць па-расейску. Таму што пры першай праверцы дзённікаў адміністрацыя школы ці камісія з раённага аддзела адукацыі зробіць строгую заўвагу», - распавядае Валерый, бацька хлопчыка.

У выніку сям'я патрабаванню падпарадкавалася, але асадак застаўся.

Бацькі ўпэўненыя, што з такім стаўленнем у дзяцей знікае цікавасць да мовы. У дзіцяці адклалася ў галаве: «мова» - гэта дрэнна, з-за яе адныя праблемы.

Не зразумелі яны і таго, навошта тады ў нашай краіне друкуюць дакументы на беларускай мове, калі ў той жа час запаўняць іх на гэтай мове нельга. Дарэчы, «бракаваны» дзённік ім яшчэ не вярнулі.

Па законе настаўнік меў рацыю. Завуч пачатковых класаў згаданай гімназіі пацвердзіла, што педагог дзейнічаў паводле інструкцыі аб парадку фарміравання культуры вуснага і пісьмовага маўлення. У ёй гаворыцца, што ўся школьная дакументацыя павінна весціся на асноўнай мове выкладання, а гэта расейская.

Паводле яе словаў, у такім жа становішчы знаходзяцца і настаўнікі, якія вядуць запісы на расейскай мове ў класных журналах, выдадзеных на «роднай мове».

Але калі б патрыятычны бацька настаяў, для яго сына, магчыма, зрабілі б выключэнне. Праўда, на педсавеце спачатку задумаліся б, з якімі цяжкасцямі сутыкнуўся б клас. Інакш дыктаваць трэцякласнікам хатняе заданне прыйдзецца па чарзе на дзвюх мовах, а гэта доўга і будзе блытаць дзяцей.

У аддзеле адукацыі Ленінскага раёна абурыліся: «у нас жа дзве дзяржаўныя мовы, дзіця можа зрабіць выбар». Затым паглядзелі ў паперы: «па інструкцыі пісаць на беларускай мове не варта». «Але на практыцы мы б зразумелі настрой сям'і, і рабіць заўвагу школе не сталі б», - сказала намеснік начальніка аддзела адукацыі Аксана Тарасевіч.

Вось і атрымліваецца, што па тэорыі ў нас дзве дзяржаўныя мовы, а на практыцы падтрымка адной з іх цалкам залежыць ад поглядаў канкрэтнага педагога або чыноўніка.

«Закон не можа ўлічваць усіх сітуацый, таму падобныя выпадкі трэба разглядаць як выключэнні і на карысць вучня, так як у краіне дзве дзяржаўныя мовы», - патлумачыла галоўны інспектар упраўлення агульнай сярэдняй адукацыі Ірына Кірыновіч. Затым усхвалявана заявіла: «друкуюць на беларускай мове, каб хоць бы так не адвыклі ад яе».

Не пазней чым праз месяц з Міністэрства адукацыі павінны даслаць адказ на запыт, чаму у школьных дакументах нельга пісаць на беларускай мове.

Напісаць каментар 65

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках