27 лiстапада 2024, Серада, 3:24
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Кшыштаф Занусі: «Самае важнае - абудзіць сумленне»

6
Кшыштаф Занусі: «Самае важнае - абудзіць сумленне»

Сапраўдным шокам стаў для менскага гледача спектакль Кшыштафа Занусі «Дзева і смерць».

П'еса чылійскага драматурга Арыэля Дорфмана была пастаўленая знакамітым польскім рэжысёрам Кшыштафам Занусі ў Рускім драматычным тэатры імя Горкага ў Менску. Дзеянне п'есы адбываецца ў наш час, можа быць у Чылі, ці ў любой іншай краіне, дзе да ўлады прыйшоў дэмакратычны ўрад пасля доўгіх гадоў таталітарнага рэжыму. Галоўная гераіня, чый муж - старшыня Камітэта па правах чалавека - сустракае чалавека, які шмат гадоў таму, калі яна была маладой апазыцыянэркай, катаваў, збіваў і гвалтаваў яе. Жанчына памятае прычыненыя пакуты і хоча адпомсціць свайму кату. Яна звязвае яго і вяршыць суд ...

Прэм'ера спектакля «Дзева і смерць» адбылася 21 верасня. Напярэдадні Кшыштаф Занусі даў эксклюзіўнае інтэрв'ю сайту charter97.org.

- Вы разумееце, наколькі ўзнятая вамі ў спектаклі тэма актуальная для Беларусі, дзе пры кіраванні Лукашэнкі выкрадаюць і забіваюць людзей, апазіцыянераў саджаюць у турмы па сфабрыкаваных абвінавачваннях, збіваюць і пагражаюць?

- Калі я выбраў гэтую п'есу і вырашыў яе паставіць у Беларусі, вядома, я разумеў, што яна датычыць вашага досведу, вашай рэальнасці, вашых пакутаў. Але ў якой ступені - гэта ўжо не мне меркаваць. Меркаваць тым, хто тут жыве і бачыць, што тут адбываецца, што тут робіцца, што тут дазволена, а што забаронена. Я спадзяюся, што па рэакцыі публікі ўбачу, што хвалюе гэтую краіну.

- Якой вам падалася рэакцыя беларускага гледача на спектакль «Дзева і смерць»?

- Я адчуў, што людзі дакладна разумеюць сюжэт, што яны неабыякавыя. Ёсць рэакцыі на пэўныя думкі, словы. Я ставіў гэтую п'есу ў Германіі, Польшчы. У кожнай краіне яна мае іншае значэнне. Я яе бачыў у Нью-Ёрку, дзе яна значыць нешта зусім іншае. Але ў тых краінах, дзе злачынствы ўлады былі найбольш масавымі, гэтая п'еса найбольш актуальная.

- Паставіўшы спектакль у Беларусі, вы усведамляеце рызыку таго, што ўлады могуць яго забараніць?

- Вядома, могуць. Хаця я не думаю, таму што тэатр сёння ўжо не можа зрабіць рэвалюцыю. Калі Віктор Гюго напісаў «Эрнані», пачалася рэвалюцыя ў Парыжы. Але гэта былі не тыя людзі, якія сёння наведваюць тэатр. Сёння рэальны ўплыў аказвае тэлебачанне, а тэатр быў заўсёды для эліты. На жаль.

- Якое вы бачыце вырашэнне глыбокай праблемы, узнятай ў п'есе? Як грамадству, якое вызвалілася ад тыраніі, абыходзіцца з тымі, хто здзекаваўся над ім на працягу шматлікіх гадоў?

- Безумоўна, самае важнае - абудзіць сумленне. Каб людзі ведалі, што такое дабро, а што - зло. І не думалі, што ў пэўных умовах зло дапушчальнае. Не, ёсць рэчы, якія заўсёды недапушчальныя. Павінна прыйсці і пакаянне, і пакаранне. Без гэтага няма развіцця для грамадства.

Гэта вялізная праблема. Усе грамадствы, якія спрабавалі забыцца без пакаяння, потым вярталіся да нестабільнасці, таму што маладое пакаленне губляла давер да сваіх бацькоў і дзядоў. Так было ва Францыі, якая не разлічылася з рэжымам Вішы, і ў Італіі, якая не да канца разлічылася з фашызмам. Ва ўсе гэтыя краіны потым прыйшла сацыяльная нестабільнасць. Таму трэба заўсёды азірацца на гісторыю, не забываючыся на сумленне, не ўпадаючы ў бязглузды цынізм і прагматыку, калі кажуць: «Ідзем наперад, забудзем, што было». Нельга забывацца. Як цудоўна сказаў Барыс Пастарнак: «Мы жывем не ў прыродзе, мы жывем у гісторыі».

- Што б вы хацелі сказаць таму чалавеку, які сёння яшчэ не звязаны, а сядзіць у глядзельнай зале?

- Каб ён ніколі не забываўся, што адказвае перад сумленнем і людзьмі за свае ўчынкі.

***

На перадпрэм'ерны паказ спектакля Кшыштаф Занусі запрасіў патэнцыйнага кандыдата ў прэзідэнты Беларусі, лідэра грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Андрэя Саннікава, з якім ён знаёмы асабіста.

«Калі я атрымаў запрашэнне ад Кшыштафа Занусі, я адклаў усе справы, якіх зараз нямала, і пайшоў на спектакль. Занусі - мудры чалавек, і таму ён у сваім спектаклі кажа не пра дыктатуру сённяшняга дня, а пра тое, з чым нам вельмі хутка прыйдзецца сутыкнуцца. Пасля дыктатуры грамадства мае патрэбу ў вяртанні да нармальных чалавечых адносінаў, да маралі. Могуць быць розныя ўспрыняцці гэтага спектакля. Для мяне ж ідэя аўтара п'есы і рэжысёра прагучала так: для таго, каб грамадства не захварэлі смяротна, трэба як мага хутчэй пазбавіць яго ад мярзоты дыктатуры», - сказаў Андрэй Саннікаў.

Андрэй Саннікаў, Станіслаў Шушкевіч і Зміцер Бандарэнка з Кшыштафам Занусі (фота з архіва)

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках