24 снежня 2024, aўторак, 20:38
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Расейскія СМІ: Любы апазіцыянер будзе лепш за істэрычнага Лукашэнку

77
Расейскія СМІ: Любы апазіцыянер будзе лепш за істэрычнага Лукашэнку

Масква гатовая здаволіцца проста адэкватным чалавекам на пасадзе прэзідэнта Беларусі.

Як піша газета «Сегодня.ру», у Беларусі прызначылі дату выбараў прэзідэнта на 19 снежня 2010 года. Тэрмін паўнамоцтваў Аляксандра Лукашэнкі сканчаецца 6 красавіка 2011 года, а выбары павінны быць прызначаныя не пазней, чым за 2 месяцы да гэтай даты, гэта значыць, 6 лютага. Гэткі ранні тэрмін выбараў, практычна за 4 месяцы да заканчэння паўнамоцтваў цяперашняга прэзідэнта, выклікаў адназначную рэакцыю апазіцыі і палітычных экспертаў: Лукашэнка ў паніцы.

За першае паўгоддзе 2010 года беларуская эканоміка скарацілася вельмі значна. Практычна 15% беларускіх прадпрыемстваў стратныя (статыстыка Белстата). Астатнія прадпрыемствы працуюць «у нуль». Імпарт нафты з Расеі скарочаны напалову, імпарт нафтапрадуктаў – на 2/3.

Растуць кошты на тавары першай неабходнасці. Бульба падаражэла на 35%, цукар – на 30%, гародніна – на 19%, масла (жывёльнае) – на 15%. Кошт бензіну вырас на 20%, а лекаў – на 16%.

Аднак самае страшнае, як лічаць эксперты, наперадзе. З новага года ў Беларусі будзе рэзкае падвышэнне коштаў на паслугі ЖКГ і асноўныя тавары спажывання, прагназуецца падзенне курсу нацыянальнай валюты ў 2 разы.

Прамысловасць, якую так адчайна рэкламуе Лукашэнка, даўно не прыносіць значнага прыбытку. Спробы прадаць апошнія значныя актывы працягваюцца, але інвестары не надта імкнуцца ўкладвацца ў Беларусь, улічваючы дырэктыўныя метады Менска па працы з прадпрымальнікамі. Бізнэсмэны аддаюць перавагу чаканню: незалежна ад зыходу выбараў улады Беларусі будуць вымушаныя развітацца з дзяржуласнасцю.

Па сутнасці, эканоміка Беларусі знаходзіцца на мяжы дэфолту. У такіх умовах перанос выбараў на найбліжэйшую будучыню лагічны: патрапіўшы ў жорсткія ўмовы пасля новага года, народ будзе больш спрыяльна разглядаць крытыку апазіцыі. Нягледзячы на тое, што афіцыйна рэйтынг даверу да Лукашэнкі абвешчаны на ўзроўні 80%, незалежныя апытанні кажуць пра рэйтынг, прыкладна, у 35%.

Кароткая перадвыбарчая кампанія выгодная менавіта Лукашэнку: апазіцыя пакуль што не мае ў сваім распараджэнні дастаткова рэсурсаў для разгортвання масавай агітацыі і не мае адзінага кандыдата. Працэс аб'яднання апазіцыянераў толькі распачаўся, аднак цяпер трэба будзе завяршаць яго ў аўральным рэжыме. Тым не менш, гэтыя спешныя перамовы вядуцца, а нянавісць да Лукашэнкі, мабыць, мацней за нянавісць адзін да аднаго. Здолелі ж апазіцыянеры выставіць Мілінкевіча адзіным кандыдатам у 2006 годзе.

На гэтыя выбары Мілінкевіч заявіў пра немагчымасць удзелу ў кампаніі з матэрыяльных меркаванняў. Асноўнымі гульцамі, такім чынам, становяцца Андрэй Саннікаў («Еўрапейская Беларусь»), Уладзімір Някляеў («Гавары праўду»), Яраслаў Раманчук (Аб'яднаная грамадзянская партыя). Аднак Аляксандр Мілінкевіч («За свабоду»), роўна як і Аляксей Янукевіч («Беларускі Народны Фронт»), змогуць дадаць свой аўтарытэт да таго ці іншага кандыдата.

Аднак, нягледзячы на значныя цяжкасці, якія чакаюць супернікаў Лукашэнкі, сам ён пазбаўлены звычайнай знешнепалітычнай падтрымкі. Палітычнае і інфармацыйнае супрацьстаянне з Масквой, усе больш жорсткія межы эканамічнага датавання беларускай эканомікі ставяць тлусты крыж на «беларускім цудзе» Лукашэнкі за кошт расейскай казны. Апазіцыянеры ж за апошнія год-два паспелі пабываць у Маскве і запэўніць Крэмль у сваёй лаяльнасці ў выпадку змены рэжыму Лукашэнкі.

Складваецца адчуванне, што амбіцыі Крамля даволі сціплыя: Масква гатовая задаволіцца проста адэкватным чалавекам на пасадзе прэзідэнта Беларусі – любы апазіцыянер будзе лепш за істэрычнага і непрадказальнага Лукашэнку. Таму Расея не вядзе актыўнай гульні на ўнутрыпалітычным полі Беларусі, абмяжоўваючыся байкотам Лукашэнкі. Нельга сказаць, што гэта вельмі ўдалая тактыка, аднак ва Украіне яна сябе апраўдала, дазволіўшы дамагчыся ад урада Януковіча значных для Масквы саступак.

Зрэшты, ва Украіне са свабодай слова ўсё ж значна лягчэй, чым у Беларусі, дзе існуе жорсткая цэнзура. Расея спадзяецца на эвалюцыю дэмакратычнай свядомасці беларускага народа, аднак крыху недаацэньвае маштаб антырасейскай прапаганды, разгорнутай Лукашэнкам ў апошнія гады: Лукашэнка выразна ўсведамляе залежнасць свайго рэйтынгу ад меркавання Масквы, і спрабуе выкарыстоўваць канфлікт на сваю карысць.

Акцыі ўладаў Беларусі па супрацьдзеянні апазіцыі, якія працягваюцца, асабліва загадкавая смерць Алега Бябеніна, выклікаюць усю большую агіду на Захадзе, які ніколі не меў любові да Лукашэнкі. Еўропа не хоча здавольвацца абяцаннямі палітычных і эканамічных рэформаў, якія шчодра раздае Лукашэнка, таму ЕБРР прыкрыў крэдытную лінію для Менска. МВФ, іншы крэдытны інстытут, традыцыйна патрабуе жорсткіх рэформаў сацыяльнай сферы, скарачаючы датаванне насельніцтва з бюджэту. Прынамсі, да выбараў грошай з МВФ браць нельга: электарат можа адвярнуцца ад Лукашэнкі. Што да фантастычных праектаў, накшталт паставак нафты з Венесуэлы, ці распрацоўкі іранскіх радовішчаў, дык яны цягнуць за сабой значныя выдаткі і палітычныя рызыкі. Ізноў жа, гэтыя праекты ўсяго толькі саломінка, за якую спрабуе схапіцца экс-старшыня калгасу Лукашэнка, які тоне ў эканамічным балоце.

У найбліжэйшай перспектыве Беларусь чакае непрыемнасць у выглядзе запуску новага расейскага нафтаправода БТС-2, а праз пару гадоў і газаправода «Паўночная плынь». Транзітныя прыбыткі пакінуць беларускі бюджэт, а значнасць транзітных шляхоў, на якой любіць гуляць Лукашэнка ў супрацьстаянні з Расеяй і Еўропай, сыйдзе на нішто.

Так што восень 2010 года падобная да зацішша перад бурай. Гэтае зацішша і спрабуе выкарыстоўваць Лукашэнка. Хто б не перамог на выбарах прэзідэнта, у найбліжэйшай будучыні яму трэба будзе сутыкнуцца з велізарнымі складанасцямі. І тут вельмі важна не памыліцца, выбіраючы сяброў.

Напісаць каментар 77

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках