23 снежня 2024, панядзелак, 23:30
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Апошні дыктатар Еўропы застаўся ў адзіноце

32
Апошні дыктатар Еўропы застаўся ў адзіноце

Перамены ў Беларусі рэальныя, лічаць вядучыя аналітыкі ЗША.

Аб развіцці сітуацыі ў Беларусі піша на старонках «Center for European Policy Analysis» прафесар Універсітэта Альбэрты і прэзідэнт Паўночнаамерыканскай асацыяцыі вывучэння Беларусі Дэвід Марплз.

У траўні 2009-га года Беларусь прыняла ўдзел у цырымоніі інаўгурацыі праграмы «Усходняе партнёрства» у Празе. Перад гэтым, у кастрычніку 2008-га, была знятая забарона на ўезд у Еўропу Аляксандру Лукашэнку і некаторым чальцам яго ўрада. Еўразвяз аднесся з падтрымкай да руху Беларусі ў бок змены сітуацыі ў краіне і яе паляпшэння, асабліва - да вызвалення палітычных зняволеных.

Праз шаснаццаць месяцаў пасля гэтага аказалася, што сітуацыя толькі пагоршылася. Зноў пачаліся нападкі на прадстаўнікоў апазіцыі, няўрадавыя газеты і вэб-сайты, а ў фінале - смерць (відаць, гвалтоўная) заснавальніка «Хартыі-97» Алега Бябеніна. Спецслужбы нападаюць на маладых актывістаў, пераследуюць іх. Некалькі чалавек выключылі з універсітэтаў, у тым ліку - Таццяну Шапуцьку, якая прысутнічала на лістападаўскім форуме грамадзянскай супольнасці «Усходняга партнёрства».

Лукашэнка падрыхтаваў указ нумар 60, згодна з якім узмацняецца дзяржаўны кантроль над дзейнасцю ў сетцы Інтэрнэт, што, на думку вярхоўнага прадстаўніка ЕЗ Кэтрын Эштан, было «крокам у няправільным кірунку». Праваабарончы цэнтр «Наша вясна» і партыя «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» - неаднаразова атрымлівалі ад уладаў адмову ў рэгістрацыі. Кампанія «Гавары праўду», якая ўзначальваецца беларускім паэтам Уладзімірам Някляевым, стала ахвярай дзейнасці КДБ.

Гэтыя падзеі звязаныя з двума ўзаемазвязанымі праблемамі: прэзідэнцкімі выбарамі, якія маюць адбыцца 19 снежня, і жахлівым пагаршэннем стасункаў паміж Беларуссю і Расеяй. Яшчэ да абвяшчэння даты правядзення выбараў лідэры апазіцыі радасна абяцалі вылучыць свае кандыдатуры. Магчыма, некаторыя кандыдаты дамовяцца аб'яднаць свае сілы, як гэта было ў 2006-м годзе з Аляксандрам Мілінкевічам, якая прадстаўляла апазіцыю на выбарах, але няма ніякай упэўненасці, што гэтым разам будзе вылучаны адзіны кандыдат.

Ліхаманкавыя паводзіны апазіцыі тлумачыцца тым, што Масква адмовілася ад сваёй ролі гаранта перамогі беларускага кіраўніка. Усе прыкметы кажаць пра тое, што расейцам патрэбная змена рэжыму ў Беларусі.

Раскол распачаўся з «газавай вайны», якая разгарэлася шэсць гадоў таму, а гэтым летам ўспыхнула ізноў, калі Расея запатрабавала выплаты даўгоў за газ. У 1990-х гадах Беларусь набывала расейскі газ па датацыйных цэнах і адразу перапрадавала яго на сусветным рынку, атрымліваючы істотны прыбытак. У студзені 2007-га года бакі падпісалі дамову, паводле якой ва ўласнасць «Газпрама» да 2011-га года перадавалася 50 адсоткаў беларускай газатранспартнай кампаніі «Белтрансгаз».

Лукашэнка раз'юшана выступаў супраць, сцвярджаючы, што Расея здрадзіла партнёрскім стасункам, усталяваным падчас Вялікай Айчыннай вайны. Ён патрабаваў падвышэння платы за транзіт і адкідваў любую спробу Расеі кансалідаваць свае стратэгічныя партнёрскія стасункі з Беларуссю.

З-за гэтага Беларусь адмовілася прызнаць незалежнасць Абхазіі і Паўднёвай Асеціі. Таксама Беларусь зацягвала ўступленне ў Мытны саюз з Расеяй і Казахстанам - на апошнім саміце Лукашэнка адмовіўся ўдзельнічаць у гэтай задуме. Ён часта рабіў з Еўрасаюза супрацьвагу ўплыву Расеі на яго краіну. Так, у лістападзе мінулага года ізаляцыя Беларусі ў Еўропе скончылася - краіну наведаў прэм'ер-міністр Італіі Сільвіа Берлусконі і сказаў кіраўніку, што, мяркуючы па выніках выбараў - «беларусы любяць вас».

Гэтым летам на расейскім тэлебачанні быў паказаны дакументальны фільм пра Лукашэнку «Хросны бацька». Яго тэмай сталі знікненні лідэраў апазіцыі ў 1999-2000 гадах, а беларускага кіраўніка аўтары фільма выявілі прыхільнікам Адольфа Гітлера. Лукашэнка адказаў на гэта, уступіўшы ў адкрыты дыялог з грузінам Міхаілам Саакашвілі, палітыкам, якога больш за ўсё ненавідзяць ў Маскве.

З красавіка гэтага года Лукашэнка хавае ў сябе зрынутага прэзідэнта Кыргызстана Курманбека Бакіева - у красавіку ў Бішкеку адбыўся пераварот (пры адкрытай падтрымцы Масквы). Расейскія ўлады раз'юшыліся, і цяпер хочуць змены кіраўніцтва ў Беларусі, хаця кандыдатаў на замену пакуль не абралі. Некаторых лідэраў апазіцыі запрашалі ў Маскву, і цяпер яны ўключылі паляпшэнне стасункаў з Расеяй у свае перадвыбарчыя платформы ў якасці аднаго з ключавых пунктаў.

«Апошні дыктатар Еўропы» Лукашэнка адчувае сур'ёзны ціск, які ўзмацняецца вялізным доўгам яго дзяржавы перад Расеяй. З-за нядаўніх ганенняў ён збольшага пазбавіўся падтрымкі Еўропы, а ў Маскве яго перасталі лічыць надзейным партнёрам. Рэйтынг папулярнасці яго ў Беларусі складае каля 33 адсоткаў, чаго недастаткова для перамогі ў першым туры на сумленных выбарах. Безумоўна, у Беларусі надышлі неспакойныя часы. Гістарычны збег падзеяў стварае магчымасць для сапраўдных зменаў у краіне, няхай нават зыход пакуль застаецца нявызначаным.

Пераклад: Inosmi.ru

Напісаць каментар 32

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках