25 лiстапада 2024, панядзелак, 5:47
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Лукашэнка прызнаўся ў любові да Сірыі і зноў лаяў Расею

27

Беларускі кіраўнік сустрэўся сёння ў Менску з прэзідэнтам Сірыі Башарам Асадам.

«У апошні час мы значна прасунуліся ў палітычнай, гандлёва-эканамічнай сферах у нашых адносінах. Але гэта амаль нішто ў параўнанні з тым, што мы можам зрабіць сёння», - цытуе Аляксандра Лукашэнкe БелТА .

Ён звярнуў увагу на падабенства поглядаў Беларусі і Сірыі на светапарадак і лічыць, што краіны сёння могуць зрабіць вельмі шмат. »Хачу, каб вы ў выніку гэтага візіту пазнаёміліся з нашай краінай, убачылі яе магчымасці. Усё, што вы захочаце, мы гатовыя рабіць у Сірыі», - падкрэсліў кіраўнік, звяртаючыся да калегі. Ён пацвердзіў зацікаўленасць Беларусі ў пашырэнні супрацоўніцтва з Сірыяй па многіх напрамках.

«Мы хацелі б ведаць дасканала магчымасці Сірыі, і, калі Сірыя зацікаўлена па нейкіх кірунках супрацоўнічаць з Беларуссю, вы можаце быць упэўненыя, што мы таксама зробім усё», - адзначыў Лукашэнка. »Вы - нашыя сябры. З сябрамі мы ўмеем будаваць адносіны і гатовыя зрабіць усё, што вы пажадаеце», - падкрэсліў ён.

Беларускі кіраўнік адзначыў, што з вялікім задавальненнем узгадвае свае візіты ў Сірыю і сустрэчы з папярэднім прэзідэнтам гэтай краіны Хафезам Асадам: «Маім першым сябрам у мусульманскім свеце і наогул на Усходзе быў Хафез Асад. Да гэтага часу памятаю праведзены з ім час. Ён мне шмат распавёў, што адбывалася ў тым свеце, ўзаемаадносінах паміж СССР і краінамі Усходу. Я гэта ўспамінаю з асаблівай цеплынёй, таму што для мяне, маладога палітыка, быў дадзены сапраўдны палітычны ўрок. У выніку гэтага я на многія рэчы паглядзеў іншымі вачыма».

Лукашэнка з задавальненнем канстатаваў сяброўскія адносіны, якія склаліся паміж дзвюма краінамі. «Пры наведванні Сірыі ў мяне склаліся самыя добрыя ўражанні пра вашу дзяржаву. Я гэта кажу не таму, што гэта трэба казаць па пратаколе. Я сапраўды люблю вашу краіну, хоць яна вельмі адрозніваецца ад маёй Беларусі. Мне падалося, што там жыве вельмі добры і свабодалюбівы народ», - сказаў ён.

Прэзідэнт Сірыі адзначыў, што вельмі рады пабываць у Беларусі. Па яго словах, Беларусь, народ якой у свой час выстаяў перад нацызмам, і сёння працягвае пераемнасць гэтага напрамку, праводзячы незалежную палітыку.

Башар Асад адзначыў, што абодва бакі павінны скарыстацца існуючымі паміж імі добрымі палітычнымі сувязямі на карысць сваіх народаў. «Самае галоўнае - эканамічны бок адносін. Вы валодаеце высокімі эканамічнымі і навуковымі магчымасцямі. Абедзве краіны маюць важнае становішча ў сваім рэгіёне», - сказаў прэзідэнт Сірыі. Пры гэтым ён выказаў зацікаўленасць у практычнай рэалізацыі дасягнутых дамоўленасцяў.

Башар Асад таксама асабліва падкрэсліў дружалюбныя адносіны паміж дзвюма краінамі. «Думаю, што мы можам цалкам пакласціся адзін на аднаго ў гэтай дружбе», - сказаў ён.

З інтэрв'ю сірыйскай газеце «Аль-вата»

Расея - гэта натуральны, гістарычна складзены стратэгічны партнёр Беларусі. Пра гэта ў інтэрв'ю сірыйскай газеце «Аль-вата» заявіў Аляксандр Лукашэнка.

«У нас шматмільярдны гандлёвы абарот, найшырэйшы спектр абласцей ўзаемадзеяння», - сказаў прэзідэнт.

Па яго словах, магчымасці паглыблення супрацоўніцтва з Расеяй павінны яшчэ больш павысіцца са стварэннем Мытнага саюза Беларусі, Казахстана і Расеі. «Калі, вядома, гэты саюз запрацуе паўнавартасна, без канфіскацый і абмежаванняў. Дарэчы, гэта выключна цікавы праект для сірыйскага бізнесу, які атрымлівае магчымасць праз Беларусь мець фактычна бесперашкодны доступ на 170-мільённы рынак», - адзначыў Лукашэнка.

Што тычыцца стасункаў з ЕЗ, то яны, па словах Лукашэнкі, у апошні час сапраўды пачалі змяняцца да лепшага.

«Мяркую, тэма нашага дыялогу з ЕС адыграла не апошнюю ролю ў абвастрэнні беларуска-расейскіх адносін. І гэта тым больш дзіўна, што нашыя расейскія калегі самі актыўна заклікалі нас да наладжвання стасункаў з ЕЗ», - падкрэсліў ён.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што «мы бачым імкненне буйнога расейскага капіталу займець смачныя кавалкі беларускай эканомікі, якія належаць нашаму народу».

«Так, працягласць ўзаемасувязі Беларусі і Расеі, наша бязмежная вера ў сумленнасць і адданасць партнёра прывялі да таго, што мы сталі ў сыравінным плане залежныя ад Расеі, якая да апошняга часу была нашым практычна манапольным пастаўніком вуглевадароднай сыравіны. Гэтым нашы партнёры сталі проста карыстацца, спрабуючы праціскваць у Беларусі свае інтарэсы. Ужываючы метады эканамічнага шантажу ў палітычных мэтах, выкарыстоўваючы інструменты інфармацыйнай вайны. Але любы дыктат непрымальны. Спадзяюся, у Маскве гэта ўсё ж такі зразумеюць», - сказаў Лукашэнка.

Беларусь заўсёды была ініцыятарам і актыўным рухавіком інтэграцыйных працэсаў. «Скажу шчыра, «звяз» Беларусі і Расеі шмат у чым жывы дзякуючы таму, што менавіта Беларусь не дае затухнуть гэтаму стваральнаму агню. Мы падтрымалі стварэнне мытнага саюза з Расеяй і Казахстанам, хоць разумеем, што ён у большай ступені выгодны для Расеі. Беларусь эфект ад яго пакуль не адчула. Але мы пайшлі на гэты крок, каб развіваць ідэю інтэграцыі», - дадаў беларускі дыктатар.

Напісаць каментар 27

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках