25 снежня 2024, Серада, 19:39
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

ЗША падоўжылі санкцыі супраць Лукашэнкі і яго чыноўнікаў

13
ЗША падоўжылі санкцыі супраць Лукашэнкі і яго чыноўнікаў

Прэзідэнт ЗША Барак Абама падоўжыў яшчэ на адзін год санкцыі, уведзеныя ў дачыненні да кіраўніцтва Беларусі.

Пра гэта паведамляе прэс-служба Белага дома. «Дзеянні і палітыка, якая праводзіцца, некаторых чальцоў урада Беларусі ўсё яшчэ ўяўляюць надзвычайную пагрозу нацыянальнай бяспецы ЗША. У сувязі з гэтым дзеянне абмежаванняў і санкцыяў павінна падоўжыцца пасля 16 чэрвеня 2010 года. Паводле дзейснага заканадаўства, я падаўжаю санкцыі на адзін год», — кажацца ў лісце, накіраваным 8 чэрвеня Баракам Абамай кангрэсу ЗША.

Па словах прэзідэнта, нягледзячы на вызваленне некалькіх палітвязняў у 2008 годзе і спробы ЗША дамагчыся дэмакратычных рэформаў у Беларусі, у краіне ўсё яшчэ захоўваюцца сур'ёзныя праблемы.

«Нягледзячы на вызваленне ў канцы 2008 года палітычных вязняў, прызнаных такімі міжнароднай супольнасцю, а таксама на нашыя пастаянныя высілкі, накіраваныя на правядзенне ў Беларусі далейшых рэформаў, звязаных з дэмакратыяй, захаваннем правоў чалавека і вяршэнствам закона, у гэтай краіне застаюцца сур'ёзныя праблемы», - адзначаецца ў заяве.

Нагадаем, санкцыі супраць прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі, экс-старшыні КДБ Сцяпана Сухарэнкі, старшыні дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі Аляксандра Зімоўскага, былога міністра ўнутраных справаў Уладзіміра Навумава, намесніка кіраўніка адміністрацыі прэзідэнта Наталлі Пяткевіч і іншых чыноўнікаў і чальцоў іх сем'яў былі ўведзеныя Джорджам Бушам у 2006 годзе.

ЗША штогод падаўжае ўказ аб арышце ўласнасці шэрагу беларускіх чыноўнікаў, якая знаходзіцца пад амерыканскай юрысдыкцыяй.

У лістападзе 2007 года ЗША ўвялі эканамічныя санкцыі ў дачыненні да канцэрна «Белнафтахім» у сувязі з парушэннем правоў чалавека ў Беларусі. Двухбаковыя стасункі пагоршыліся ў сакавіку 2008 года пасля таго, як улады Беларусі адмовіліся вызваліць былога кандыдата ў прэзідэнты Аляксандра Казуліна (на той момант апошняга з шасці прызнаных міжнароднай супольнасцю палітвязняў). Амбасадары Беларусі і ЗША былі адкліканыя з Вашынгтона і Менска для кансультацыяў; штаты абедзвюх амбасадаў скарочаныя да мінімуму.

Напісаць каментар 13

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках