25 снежня 2024, Серада, 9:25
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Андрэй Саннікаў: «Галоўнае – умацаванне незалежнай, дэмакратычнай і еўрапейскай дзяржавы»

6

Лідэр грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» упэўнены, што надыйшоў час радыкальна памяняць жыццё ў нашай краіне.

У Беларусі падзеі мінулага тыдня выклікаюць шырокі рэзананс у грамадстве і СМІ. Абмяркуем гэтыя падзеі разам з каардынатарам грамадзянскай кампаніі "Еўрапейская Беларусь" Андрэем Саннікавым.

Прайшлі ператрусы ў офісе «Хартыі-97», у рэдакцыі газеты «Народная Воля», а таксама на кватэрах шэрагу журналістаў, у тым ліку і ў вашым доме. Як можна ахарактарызаваць гэтыя ператрусы? Ці сапраўды назіраецца зачыстка на інфармацыйнай прасторы Беларусі?

– Безумоўна, назіраецца зачыстка, але я звязваю гэтыя падзеі не толькі з зачысткай на інфармацыйнай прасторы, але і з тым, што я абвесціў пра свой удзел у выбарчай прэзідэнцкай кампаніі. Лукашэнка проста не выносіць канкурэнцыі. І будзе рабіць усё, каб гэтага не было, каб не стварылася канкурэнтная сітуацыя. Вось таму ўсё гэта і адбываецца.

Справа ў тым, што зусім нядаўна ўзнікла канфліктная сітуацыя з Саюзам палякаў Беларусі, на чале якога стаіць Анжаліка Борыс. Тады Еўропа моцна і гучна адрэагавала на гэта. Сёння мы фактычна не назіраем якой-небудзь рэакцыі з боку еўраструктураў. Чаму так адбываецца, на вашую думку?

– Гэта мяне здзіўляе. Сапраўды, была рэакцыя. Гэта было лабіяванне Польшчы. А вось чаму цяпер Польшчу не цікавіць, што працягваюцца тыя ж дзеянні, яшчэ больш жорсткія, у дачыненні да грамадзянскай супольнасці і палітыкаў. Гэта сапраўды здзіўляе, таму што я быў узрадаваны, калі ўплывовыя польскія палітыкі і спадарыня Борыс, казалі, што гэта не адзіны выпадак ціску на Саюз палякаў, а наогул, усё, што прагне волі і дэмакратыі, апынулася пад ціскам.

Іншымі словамі, у Еўропы пакуль няма нейкіх канкрэтных вызначаных крокаў у пытанні ўзаемаадносінаў з Беларуссю.

– Так, яны не маюць рашучасці прызнаць, што памылковымі былі крокі, якія давалі авансы Лукашэнку.

Нядаўна вы агучылі інфармацыю, што збіраецеся ўдзельнічаць у прэзідэнцкіх выбарах у якасці кандыдата. На якія сілы вы разлічваеце? Бо сабраць 100 тысячаў подпісаў – гэта вялікая праца.

– Так, гэта вялікая праца. Але ёсць ужо група, якая будзе пашырацца. Я разлічваю на вельмі моцную ініцыятыўную групу, якая будзе займацца зборам подпісаў. Але гэта не галоўнае. Галоўнае атрымаць падтрымку той палітыкі, якую я буду прапаноўваць. А гэта - умацаванне незалежнай, насамрэч дэмакратычнай і еўрапейскай дзяржавы.

І на гэтым будзе рабіцца акцэнт вашай выбарчай кампаніі?

– Так. Таму што хопіць ужо, 16 гадоў, стаміліся, надакучыла ўжо ўсё тое, што адбываецца з Беларуссю. У нас іншы лёс і будзе іншы лёс.

У Беларусі апазіцыя, нягледзячы на тое, што яна ў пэўнай ступені малалікая, мае пэўныя погляды. Я маю на ўвазе, партыйныя структуры. Вы не належыце ні да якіх партыйных структураў, але якіх поглядаў вы прытрымваецеся?

– Калі казаць абагульнена, я ўжо некалькі разоў гэта агучваў. Я лічу, што Беларусь павінна рэфармавацца, каб уступіць у Еўрасаюз. Гэта значыць, інтэграцыя ў адзіную, аб'яднаную Еўропу, гэта вырашае праблемы Беларусі – як дзяржавы, як культуры, як народа.

А што датычыць стасункаў з Расеяй? Якімі ім быць?

– Мы павінны адстойваць свае нацыянальныя інтарэсы, але павінны ўлічваць інтарэсы і іншых дзяржаваў. Такія стасункі будуць з Расеяй. Бачыце, што цяпер адбываецца: цяпер найгоршыя стасункі з Расіяй, якая была дэклараваная як стратэгічны партнёр. І нават былі гэтыя гульні ў «саюзную дзяржаву». І што адбылося цяпер? Шукаем нафту ў Венесуэле.

У Беларусі яшчэ некалькі чалавек абвесцілі пра свае палітычныя амбіцыі. Чым вы будзеце вылучаць сябе сярод гэтых кандыдатаў?

– Згода павінна адбыцца з народам, з грамадзянскай супольнасцю. Я не бачу ў тых кандыдатах, якія цяпер вылучыліся, жадання перамагаць. Яны кажуць пра тое, што трэба трываць, трэба спрабаваць пэўнымі дробнымі крокамі штосьці зрабіць, штосьці памяняць. Я лічу, што надыйшоў час памяняць усё жыццё ў Беларусі.

Такім чынам, наколькі я зразумеў, вы будзеце адрознівацца сваёй скіраванасцю на перамогу?

– Так, безумоўна. Я не думаю, што хтосьці з кандыдатаў будзе прывабны, калі будзе казаць, што перамога цяпер немагчымая, а магчымая праз 50 гадоў.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках