25 снежня 2024, Серада, 8:49
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Рэзалюцыя Еўрапарламента па Беларусі прынятая - рэпрэсіі асуджаныя

20

Далейшыя парушэнні правоў чалавека могуць прывесці да аднаўлення санкцый супраць рэжыму Лукашэнкі.

Еўрапарламент большасцю галасоў прыняў рэзалюцыю, якая асуджае становішча грамадзянскай супольнасці і нацыянальных меншасцяў у Беларусі. Прамая трансляцыя сесіі ў Страсбургу вялася 10 сакавіка на афіцыйным сайце Еўрапарламента, паведамляе БелаПАН.

Прынятая рэзалюцыя была папярэдне ўзгоднена пяццю палітычнымі фракцыямі Еўрапарламента.

У дакуменце, у прыватнасці, выказана занепакоенасць у сувязі з парушэннямі правоў чалавека ў дачыненні да грамадскіх актывістаў і прадстаўнікоў незарэгістраванага аб'яднання «Саюз палякаў у Беларусі» на чале з Анжалікай Борыс.

Еўрапарламентары заклікалі беларускія ўлады зарэгістраваць партыю «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» (БХД), гарантаваць свабоду слова і аб'яднанняў, забяспечыць магчымасці для працы недзяржаўных арганізацый і СМІ.

Акрамя таго, рэзалюцыя заклікае вызваліць палітычных актывістаў Яна Міхайлава, Арцёма Дубскага і Андрэя Бандарэнку, а таксама спыніць пераслед Тацяны Шапуцькі і адмовіцца ад намераў кантраляваць інтэрнэт.

У дакуменце адзначаецца, што далейшыя парушэнні правоў чалавека могуць прывесці да перагляду пазіцыі ЕЗ у дачыненні да Беларусі нават да аднаўлення санкцый.

У той жа час прагрэс у сферы дэмакратыі дазволіць Беларусі разлічваць на падпісанне пагаднення аб партнёрстве і супрацоўніцтве з ЕЗ, атрыманне чарговага крэдыту ад Міжнароднага валютнага фонду і вяртанне ў Абагульненую сістэму прэферэнцый Еўразвяза, гаворыцца ў дакуменце.

Выступаючы на сесіі, еўрадэпутаты адзначалі, што сваёй рэзалюцыяй Еўрапарламент дэманструе салідарнасць з грамадзянскай супольнасцю і нацыянальнымі меншасцямі ў Беларусі.

«Еўразвяз павінен паслаць вельмі выразны сігнал Беларусі аб тым, што могуць быць сур'ёзныя наступствы з-за парушэнняў правоў чалавека», - заявіў адзін з членаў Еўрапарламента ад Польшчы.

Напісаць каментар 20

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках