23 снежня 2024, панядзелак, 9:19
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Падпалкоўнік Мікалай Казлоў: Міліцыя і ЦВК пакрываюць злачынцаў

34
Падпалкоўнік Мікалай Казлоў: Міліцыя і ЦВК пакрываюць злачынцаў

Фальсіфікацыі выбараў — крымінальна каральная дзея, нагадвае падпалкоўнік міліцыі.

Сталі вядомыя вынікі праверкі ГУУС Менгарвыканкама па факце фальсіфікацыі вынікаў датэрміновага галасавання на выбарах у парламент у 2008 годзе на сталічным участку №463, пра які больш з месяц таму паведамляла «Народная воля».

Сталічныя міліцыянты, бачыце, не знайшлі доказаў фальсіфікацыяў, пра якія паведаміў іх калега — падпалкоўнік міліцыі Мікалай Казлоў.

Афіцыйны адказ з ГУУС Менгарвыканкама за подпісам начальніка сталічнай міліцыі Леаніда Фармагея ў мінулую пятніцу атрымаў лідэр Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька. Гэта ён ініцыяваў гэтую праверку. Дакладней, Лябедзька, які ў 2008 годзе балатаваўся ў парламент па гэтай акрузе, патрабаваў узбуджэння крымінальнай справы па фактах фальсіфікацыяў на ўчастку, пра якія паведаміў падпалкоўнік Мікалай Казлоў (ён нёс дзяжурства на гэтым участку і бачыў, як пасля датэрміновага галасавання, калі ўчастак быў зачынены, чальцы выбарчай камісіі ўкідвалі ў скрыню бюлетэні). Аднак заяву Анатоля Лябедзькі Генеральная пракуратура перанакіравала ў МУС і даручыла міліцыянтам правесці... праверку. Яе вынікі сталі вядомыя праз месяц. Генералу Фармагею хапіла двух сказаў, каб паведаміць пра гэта Анатолю Лябедзьку:

«Паведамляем, што ваш зварот, адрасаваны ў Генеральную пракуратуру Рэспублікі Беларусь, аб ўзбуджэнні крымінальнай справы і прыцягненне арганізатараў і выканаўцаў фальсіфікацыяў вынікаў галасавання да крымінальнай адказнасці па фактах, выкладзеных у артыкуле «Што ж кажуць ім напярэдадні выбараў, калі яны так самазабыўна займаюцца фальсіфікацыямі?..», апублікаваным 15 кастрычніка 2010 года ў газеце «Народная Воля», разгледжаны ў ГУУС Менгарвыканкама. Падчас праверкі абставіны, пазначаныя ў гэтым артыкуле, не знайшлі свайго аб'ектыўнага пацверджання».

— Фальсіфікацыі выбараў — ёсць не што іншае, як крымінальна каральная дзея,— сказаў лідэр АГП у адказ на афіцыйнае паведамленне ГУУС Менгарвыканкама. — І ў гэтым выпадку людзі былі злоўленыя за руку. Ёсць сведка гэтых злачынстваў — падпалкоўнік міліцыі Мікалай Казлоў. Але замест таго, каб расследаваць, караць, каб не панадна было іншым, міліцыя пайшла на падтрымку злачынцаў. І зараз дзякуючы Фармагею і яму падобным, чальцы камісіі могуць здзяйсняць падобныя дзеі і быць упэўненыя ў сваёй беспакаранасці.

Па словах Лябедзькі, ён не збіраецца спускаць гэтую справу на тармазах. Ён павінен быў атрымаць не адпіску, а прынамсі матываваную пастанову аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы, якую Лябедзька мае права абскардзіць наглядальнаму пракурору ці ў суд. Ён кажа:

— Я буду дамагацца азнаямлення з матэрыяламі праверкі, на што як заяўнік маю поўнае права. У прыватнасці, мне вельмі цікава, каго яшчэ, акрамя падпалкоўніка Мікалая Казлова, апыталі следчыя, на падставе чаго яны рабілі свае павярхоўныя высновы. Таксама буду патрабаваць і вынікаў праверкі, якая нібыта праводзілася і два гады таму, у верасні 2008-га, калі Мікалай Казлоў даклаў пра фальсіфікацыі свайму кіраўніцтву. Цікава параўнаць, чым яны адрозніваюцца і на колькі аркушыкаў змясцілася адна і другая праверкі. Думаю, у мяне атрымаецца накапаць матэрыял для яшчэ аднаго звароту ў Генпракуратуру. Акрамя таго, паралельна гэтыя матэрыялы я падам міжнародным назіральнікам па выбарах ад АБСЕ і СНД, якія сёння прысутнічаюць у Беларусі.

Мікалай Казлоў: «Ніякай праверкі не праводзілася»

— На мой погляд, гэта здзек, па сутнасці ніякай праверкі не праводзілася, гэта была імітацыя праверкі, — так пракаментаваў адказ ГУУС Менгарвыканкама Мікалай Казлоў.

— Няўжо вы чакалі іншага выніку?

— Шчыра кажучы, я думаў, што ўсё будзе крышачку больш сур'ёзна, таму што пытанне стаяла аб ўзбуджэнні крымінальнай справы, бо ў дзеяннях чальцоў выбарчай камісіі відавочна прысутнічаюць прыкметы складу злачынства, прадугледжанага арт.192 Крымінальнага кодэкса РБ. Праверка павінна была праводзіцца больш старанна, больш аператыўна. На мой погляд, гэта спроба схаваць злачынства.

— Вы не асцерагаецеся, што пасля заявы аб тым, што выкладзеныя вамі факты «не знайшлі свайго аб'ектыўнага пацверджання», улады могуць абвінаваціць вас, напрыклад, у ілжэсведчанні?

— Улічваючы, як была праведзеная праверка, напэўна, можна меркаваць і такі паварот падзеяў. Але тады ім прыйдзецца ў дачыненні да мяне ўзбудзіць крымінальную справу і ў межах гэтай справы старанна праверыць, як усё было насамрэч. Наўрад ці яны захочуць гэта рабіць, таму што тады вельмі высокая верагоднасць таго, што ўсплыве праўда, якую так старанна хавае і ЦВК, і міліцыя.

— Мікалай, да вашых сведчанняў міліцыя паставілася фармальна. Два чальцы выбарчай камісіі — Аляўціна Гладкая і Аляксей Пятніца, якія на вашых вачах займаліся фальсіфікацыямі, ізноў будуць лічыць нашы галасы. Гэтым разам на прэзідэнцкіх выбарах: яны ўключаныя ў склад участковай камісіі для галасавання №24 горада Менска. Ці не прыходзіць думка, што ваш учынак быў бессэнсоўным, што гэтае выкрыццё ніяк не паўплывае на ход цяперашняй выбарчай кампаніі?

— Сам факт уключэння гэтых людзей у склад выбарчай камісіі з'яўляецца, на мой погляд, вяршыняй цынізму і дэманструе рэальнае стаўленне ўлады да выбаршчыкаў. Выглядае, ніхто з іх не збіраецца ламаць ідэальна адладжаную працэдуру выбараў, у якой ніхто з выбаршчыкаў нікога не абірае. Ім даецца магчымасць прыйсці на ўчастак, распісацца за атрыманы бюлетэнь, кінуць яго ў скрыню і потым, цешачы сябе надзеяй, што менавіта яго выбар штосьці вырашае, атаварыцца ў танным буфеце. Пры гэтым зусім не важна, за каго ён галасуе.

З усёй гэтай гісторыі зараз напэўна можна зрабіць выснову, што права абіраць маюць выключна чальцы каманды, якія арганізуюць і праводзяць выбары. Тыя самыя чальцы каманды, якія спачатку ўпотай кідаюць бюлетэні, а потым самі ж іх лічаць, забяспечваючы «прыгожую і элегантную» перамогу.

А адносна бессэнсоўнасці магу сказаць: ужо тое, што людзі сталі больш ведаць і разумець пра рэальнае становішча рэчаў, усё апраўдвае. Я ўпэўнены: кропля камень точыць.

Напісаць каментар 34

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках