24 лiстапада 2024, Нядзеля, 11:47
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Лукашэнка-Грыбаўскайтэ: Гэтыя выбары будуць такімі ж, як мінулыя

44
Лукашэнка-Грыбаўскайтэ: Гэтыя выбары будуць такімі ж, як мінулыя

Прэзідэнт Літвы паспрабавала заклікаць беларускага дыктатара правесці ў краіне дэмакратычныя прэзідэнцкія выбары.

Прэзідэнт Літвы Даля Грыбаўскайтэ заявіла, што яе краіна, як і Еўразвяз у цэлым, спадзяецца, што прэзідэнцкія выбары ў Беларусі пройдуць адкрыта і свабодна, а беларускім грамадзянам будзе прадастаўлена права выбару, перадае «Інтэрфакс-Захад».

«Літва, як і Еўразвяз, з надзеяй глядзіць на Беларусь, на новыя выбары. Мы жадаем, каб выбары былі адкрытымі, свабоднымі, каб людзі мелі выбар, каб кандыдаты, якія могуць быць зарэгістраваныя, былі зарэгістраваныя», - заявіла літоўскі прэзідэнт у Менску падчас перамоваў з Аляксандрам Лукашэнкам.

Паводле яе словаў, «Еўропа і Літва гатовыя дапамагчы Беларусі ў гэтым, прызнаць адкрытасць выбараў, калі вы гэта зможаце прадэманстраваць». «Я вельмі ўсцешаная, што пачула пазітыўнае стаўленне прэзідэнта да выбараў. Гэта вельмі добры пачатак», - сказала Грыбаўскайтэ.

Па выніках сустрэчы з Лукашэнкам яна паведаміла, што, паводле словаў беларускага кіраўніка, да назірання за выбарамі будуць дапушчаныя як назіральнікі ад СНД, так і АБСЕ. «Мы спадзяемся, што пасля выбараў Беларусь будзе больш адкрытай, спадзяемся, што тут будуць абароненыя правы чалавека», - адзначыла літоўскі прэзідэнт.

У адказ на рэмарку Грыбаўскайтэ аб рэгістрацыі кандыдатаў у прэзідэнты Беларусі, Лукашэнка сказаў: «Я, як дзеючы прэзідэнт, буду рабіць усё, каб іх усіх зарэгістравалі». «Нашых кандыдатаў не трэба рэгістраваць», - заўважыла Грыбаўскайтэ. «Мы ўсцешаныя, што вы адкрытыя да дыскусіі, гэта вельмі добры сігнал», - дадала яна.

Працягваючы тэму выбараў, Лукашэнка заўважыў: «Каго яшчэ трэба зарэгістраваць, каму яшчэ патрэбна дапамога?». «Нам трэба, каб гэтыя выбары прайшлі не горш, чым тыя. Хоць я не ведаю, чым тыя выбары былі дрэнныя», - сказаў Лукашэнка.

«Мы будзем усяляк спрыяць таму, каб гэтых кандыдатаў было больш», - заявіў прэзідэнт Беларусі. Паводле яго словаў, прэзідэнцкія выбары ў краіне пройдуць такім чынам, «каб ніхто пальцам на нас не паказваў пасля гэтых выбараў». «Дзейснаму прэзідэнту гэтага не трэба», - сказаў Лукашэнка.

Пры гэтым ён заклікаў Еўразвяз «пакінуць у баку, выкінуць стэрэатыпы», існуючыя ў ЕЗ у дачыненні да Беларусі.

Нагадаем, што ўсе прэзідэнцкія выбары ў Беларусі, уключаючы прэзідэнцкія выбары 2006 года, былі прызнаныя міжнароднай супольнасцю несвабоднымі і недэмакратычнымі. Іх вынікі фальшаваліся.

Аб «накаце» расейскіх СМІ

Адказваючы на пытанне літоўскіх журналістаў, А. Лукашэнка прапанаваў «не гіпербалізаваць цяперашні «накат» у расейскіх СМІ на Беларусь». У цяперашні час, сказаў Лукашэнка, «ідзе інфармацыйная сварка, нехта ў кіраўніцтве Расеі дае ацэнкі». «Гэта іх праблемы. Мы не ўцягнутыя ў гэтую сварку», - заявіў беларускі дыктатар.

«Я папрасіў нашых палітыкаў, журналістаў, каб яны не адказвалі на гэта», - адзначыў Лукашэнка.

Беларускі кіраўнік сказаў, што на сённяшні дзень важней эканамічнае супрацоўніцтва паміж краінамі. Пры гэтым ён заявіў, што «з пункту гледжання эканомікі, сёння няма такіх рознагалоссяў».

Разам з тым, паводле словаў Лукашэнкі, «драбнаватая спрэчка наклала адбітак на некаторыя праекты». «Ну не хоча Расея, прыйдуць іншыя, напрыклад - Літва», - заявіў ён.

Пра сумесную АЭС

Аляксандр Лукашэнка зноў прапанаваў Літве разгледзець магчымасць сумеснага будаўніцтва атамнай электрастанцыі ў Беларусі.

«Калі будзем будаваць атамную станцыю, давайце разам. Давайце вызначым кошт і будзем яе будаваць разам», - адзначыў ён, адказваючы на пытанні журналістаў.

Адказваючы на пытанне, якое тычыцца забеспячэння Беларуссю транзіту ўкраінскай электраэнергіі ў Літву, Лукашэнка сказаў, што «тут пытанне не ляжыць у плашчыні Беларусі і Літвы». «Пытанне ў тым, хто прадае гэтую электраэнергію», - заявіў кіраўнік.

Напісаць каментар 44

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках