27 лiстапада 2024, Серада, 15:26
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Бі-Бі-Сі»: Беларускі дыктатар бярэ небяспечныя крэдыты

54

Так званыя кітайскія інвестыцыі могуць стаць фінансавай пірамідай.

Як перадае BBCrussian.com, чацвёрты за час прэзідэнцтва візіт у Кітай Аляксандр Лукашэнка папярэдзіў сустрэчай з журналістамі вядучых кітайскіх СМІ і наведваннем сумеснага прадпрыемства па выпуску мікрахвалевых печаў.

І журналістам, і бізнэсмэнам беларускі кіраўнік заявіў шчыра: Менск чакае з Кітая вялікіх грошаў і пад кітайскія інвестыцыі гатовы даць любыя гарантыі і абавязальніцтвы.

Лукашэнка будуе «чайна-таўн»

«Важна не ісці, а бегчы. Для нас важны час», - так задачу засваення кітайскіх інвестыцыяў Лукашэнка абазначыў яшчэ ў Менску, на беларуска-кітайскім прадпрыемстве «Мідэа-Гарызонт». І дадаў: «Я павінен бачыць перспектыву гэтых 15 мільярдаў».

Пра крэдытную кітайскую лінію для Менска на 15 млрд даляраў кіраўніцтва дзвюх краінаў дамовілася ў канцы мінулага года. Умовы інвестыцыйных крэдытаў беларускія чыноўнікі называюць выгоднымі: Кітай дае сродкі на 15-20 гадоў, з пяці-шасцігадовай адтэрміноўкай першага плацяжу, частка рэсурсаў, з кітайскіх дзяржсродкаў, абяцаная ўсяго пад 2-3% гадавых.

Дзеля развіцця гэтых дамоўленасцяў у панядзелак у Пекіне Беларусь і Кітай падпісалі дакументы па рэалізацыі сумесных праектаў на суму 3,5 млрд даляраў. За кітайскія грошы і з кітайскім удзелам у Беларусі ў найбліжэйшыя гады павінны быць пабудаваныя дзве новыя электрастанцыі, пара заводаў, рэканструяваны менскі аэрапорт. Сярод шматлікіх іншых планаў — узвядзенне ў беларускай сталіцы гатэльнага комплексу «Пекін».

Лукашэнка, зрэшты, абяцае ў Менску цэлы кітайскі квартал. «Я прапанаваў ураду Кітая: ну а чаму б не стварыць кітайскі астравок у цэнтры Еўропы – у Беларусі? Ну што каштуе велізарнаму, заможнаму Кітаю сёння пабудаваць такі своеасаблівы востраў?», - казаў беларускі кіраўнік кітайскім журналістам напярэдадні візіту.

У Паднябеснай, акрамя «акна ў Еўропу», Лукашэнка прапанаваў партнёрам абшары Мытнага саюза.

«Мы маем унікальнае становішча ў Мытным саюзе, гэта таксама павялічвае магчымасці для супрацоўніцтва, узмацнення гэтага супрацоўніцтва. Вы зможаце бяспошлінна гандляваць фактычна на ўсёй тэрыторыі постсавецкай прасторы», - абяцаў Лукашэнка ў панядзелак у Пекіне генеральнаму дырэктару кітайскай карпарацыі авіяцыйнай прамысловасці Лін Цзаміну.

Небяспечныя грошы

Афіцыйная беларуская прэса высока ацэньвае інвестыцыйныя кітайскія перспектывы.

Незалежныя эксперты заўважаюць, аднак, што «хуткіх» грошай, так неабходных кіраўніку Беларусі для вырашэння надзённых праблемаў, кітайска-беларускі праект не абяцае.

«Гэта не вырашае сённяшнюю вострую праблему фінансавання эканомікі і сацыяльнай сферы ў Беларусі. На бягучыя праблемы гэтыя грошы пайсці не могуць. Гэта не прамыя інвестыцыі, гэта крэдыты, якія, па-першае, усё адно трэба вяртаць. А па-другое, гэта - звязаныя крэдыты, пад якія трэба купляць кітайскае абсталяванне, аплачваць кітайскіх спецыялістаў», - тлумачыць эканаміст Леанід Злотнікаў.

Эксперты распавядаюць пра сумны досвед папярэдняга кітайскага крэдыту ў мільярд даляраў. У Беларусі доўга падбіралі праекты, здольныя пасля ажыццяўлення прыносіць краіне валютную выручку. Кітайскі мільярд уклалі ў рэканструкцыю трох беларускіх цэментавых заводаў. Але высветлілася, што ў суседняй Расеі такога кшталту прадпрыемствы ўжо мадэрнізаваныя з улікам новых тэхналогіяў. І на беларускіх заводах сабекошт цэменту пры цяперашніх выдатках на энерганосьбіты атрымліваецца большы, чым кошт гэтага прадукту на расейскім рынку.

Беларусь увяла кітайскі юань у золатавалютныя рэзервы краіны і некалькі гадоў таму заключыла з Кітаем пагадненне ПСАП - дамову аб разліках ў нацыянальных валютах.

Але аналітыкі падкрэсліваюць: сальда ў гандлі з Кітаем для Менска адмоўнае і не адзін год няўхільна расце: 950 млн.даляраў на карысць Кітая па выніках мінулага года. Цяперашнія звязаныя крэдыты «прадугледжваюць набыццё выключна кітайскага - часам не самага сучаснага - абсталявання», - заўважае палітолаг Андрэй Фёдараў.

« У такім выпадку могуць узнікнуць цяжкасці з рэалізацыяй прадукцыі, якая выпускаецца, і, як вынік, з вяртаннем тых жа крэдытаў. Гэта таксама не дапаможа пераадолець тэхналагічнае адставанне», - мяркуе аналітык.

«Такога кшталту інвестыцыі - вельмі небяспечны працэс, можна ўцягнуцца ў фінансавую піраміду. Летась больш за мільярд даляраў мы выплацілі ў форме дывідэндаў і адсоткаў замежным інвестарам, за паўгады цяперашніх - ужо выплацілі амаль мільярд! Гэта 4% ВУП, вельмі высокая лічба. Тое, што застаецца Беларусі пасля такіх выплатаў, не такое ужо вялікае», - сцвярджае эканаміст Леанід Злотнікаў.

Геапалітычны разлік

Афіцыйная беларуская прэса падкрэслівае: Пекін ніколі не крытыкаваў Менск у міжнародных арганізацыях, прымае беларускую палітыку такой, як ёсць, і гатовы выкарыстоўваць геапалітычнае становішча краіны для пасоўвання на Захад сваіх фінансава-эканамічных інтарэсаў.

За «чайна-таўн» у Менску Кітай можа вылучыць Лукашэнку і незвязаны крэдыт, прагназуюць некаторыя мясцовыя каментатары.

На думку палітыка Андрэя Саннікава, Лукашэнка вельмі спадзяецца на такі геапалітычны козыр.

«Гэтая спроба знайсці новага донара ва ўмовах крытычнага ўскладнення стасункаў з Расеяй. І спроба той жа Расеі паказаць, што Лукашэнку ёсць з кім наладжваць сувязі», - мяркуе былы намміністра замежных справаў, а зараз адзін з магчымых канкурэнтаў Лукашэнкі на прэзідэнцкіх выбарах, якія маюць адбыцца.

«Але пры дрэнных сувязях з нашымі суседзямі вялікае сяброўства з Кітаем выглядае вельмі няшчырым. Калі робіцца гэта ў спешцы, пад выбары, гэта прафанацыя», - заяўляе Андрэй Саннікаў.

Апанент Лукашэнкі ўпэўнены: цяперашнія звязаныя крэдыты - разумны і выгодны ход для заможнага Кітая, якому наўрад ці ёсць справа да беларускага прапагандысцкага падтэксту гэтага пагаднення.

Напісаць каментар 54

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках