27 лiстапада 2024, Серада, 10:25
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Эксперт: Сітуацыя вакол смяротнага пакарання ў Беларусі падобная да шызафрэніі

8

Намеснік кіраўніка аддзела «Еўропа і Цэнтральная Азія» арганізацыі «Міжнародная амністыя» Андрэа Хубер ацаніла сітуацыю звязаную з пакараннем смерцю ў Беларусі.

10 кастрычніка ў Еўропе адзначаецца Дзень супраць смяротнага пакарання. Намеснік кіраўніка аддзела «Еўропа і Цэнтральная Азія» «Міжнароднай амністыі» Андрэа Хубер распавяла «Нямецкай хвалі» пра сітуацыю са смяротным пакараннем у Беларусі і паведаміла, што прадпрымае арганізацыя для скасавання гэтай меры пакарання ў краіне.

- Ваша арганізацыя пастаянна адсочвае сітуацыю ў Беларусі адносна ўжывання ў ёй смяротнага пакарання. Ці ёсць нейкія прыкметы таго, што мараторый на смяротнае пакаранне неўзабаве будзе ўведзены?

- Сітуацыя вакол увядзення мараторыя на смяротнае пакаранне ў Беларусі падобная да шызафрэніі. З аднаго боку, ёсць пазітыўныя зрухі, напрыклад стварэнне рабочай групы па вывучэнні праблематыкі смяротнага пакарання, а таксама гатоўнасць весці дыялог для вырашэння пытання аб увядзенні мараторыя.

Але з іншага боку, калі гаворка заходзіць пра скасаванне смяротных прысудаў у канкрэтных выпадках, можна назіраць негатыўную тэндэнцыю. Як вядома, два чалавекі былі пакараныя ў сакавіку 2010 года. Акрамя таго, касацыйныя скаргі яшчэ двух прысуджаных Вярхоўны суд адхіліў, і яшчэ адзін чалавек спрабуе абскардзіць прысуд.

Усё больш краін свету адмаўляюцца ад прымянення смяротнага пакарання ў якасці меры пакарання. І «Міжнароднай амністыі» сумесна з іншымі праваабарончымі арганізацыямі ўдалося шмат чаго дасягнуць у гэтай сферы. Вядома, нам хацелася б, каб Беларусь хутчэй рашылася на ўвядзенне мараторыя і затым на скасаванне смяротнага пакарання.

- Абгрунтоўваючы сваё нежаданне ўвесці мараторый, беларускія ўлады спасылаюцца на грамадскае меркаванне ў краіне. Ці варта кіравацца толькі меркаваннем насельніцтва пры вырашэнні такіх пытанняў?

- Нельга засноўваць такія рашэнні на выніках апытанняў грамадскага меркавання. На сітуацыю могуць паўплываць, у рэшце рэшт, толькі самі палітычныя лідары. Яны здольныя правесці тлумачальную працу сярод насельніцтва і паказаць, што караць смерцю людзей - гэта негуманна.

Акрамя таго, смяротнае пакаранне не дапамагае эфектыўна змагацца са злачынствамі. І сітуацыя ў іншых краінах пацвярджае поспехі такой тлумачальнай працы. Таму тлумачыць адмову ўвесці мараторый грамадскім меркаваннем - гэта не апраўданне.

- Ці існуюць у Еўропы яшчэ якія-небудзь прылады ціску на беларускія ўлады, каб тыя ўвялі мараторый?

- Як вядома, ужыванне смяротнага пакарання не дазваляе Беларусі стаць сябрам Савета Еўропы. Таму тыя беларусы, якім выносяцца смяротныя прысуды, не могуць звяртацца ў Еўрапейскі суд па правах чалавека. Адзіная інстанцыя, куды яны могуць звярнуцца - гэта Камітэт па правах чалавека ААН.

Але, на жаль, як паказалі выпадкі ўжывання смяротнага пакарання ў сакавіку гэтага года, беларускія ўлады не прымаюць пад увагу той факт, што скарга знаходзіцца на разглядзе ў камітэце. Камітэт звяртаўся да афіцыйнага Менска з просьбай не прыводзіць прысуды ў выкананне да вынясення рэкамендацый гэтай інстанцыяй, але просьба не была пачутая.

Набор інструментаў для легальнага ціску еўрапейскай грамадскасці на беларускія ўлады вельмі абмежаваны. І нават тыя меры, якія прымяняюцца, імі ігнаруюцца.

- А як ваша арганізацыя спрыяе вырашэнню пытання аб скасаванні смяротнага пакарання ў Беларусі?

- «Міжнародная амністыя» - гэта ў першую чаргу даследчая арганізацыя. Мы вывучаем кожны выпадак асобна, сочым за развіццём сітуацыі і публікуем інфармацыю. Гэта асабліва важна, паколькі выкананне смяротных прысудаў у Беларусі трымаецца ў сакрэце. Мы спрабуем прыцягнуць увагу міжнароднай грамадскасці да гэтай праблематыкі. Таксама мы супрацоўнічаем з няўрадавымі арганізацыямі ў Беларусі і дапамагаем ім у спробах паўплываць на грамадскае меркаванне ў краіне.

Нядаўна наша прадстаўніца Хізэр Макгіл пабывала ў Беларусі і правяла сустрэчы з рознымі грамадскімі арганізацыямі, а таксама з прадстаўнікамі праваслаўнай царквы. Царква, як маральная і духоўная інстанцыя, займае ў беларускім грамадстве важную пазіцыю, таму мы лічым, што яна можа паўплываць на сітуацыю. Макгіл адзначыла зацікаўленасць з боку прадстаўнікоў царквы і жаданне супрацоўнічаць у вырашэнні гэтага пытання. Паглядзім, да чаго гэта прывядзе далей.

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках