26 снежня 2024, Чацвер, 8:45
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Расейская ваеншчына прыходзіць у Беларусь па просьбе Лукашэнкі

72
Расейская ваеншчына прыходзіць у Беларусь па просьбе Лукашэнкі

Уваход расейскіх войскаў на тэрыторыю Беларусі супярэчыць Канстытуцыі РБ, дзе дакладна прапісаны нейтральны статус нашай краіны.

9 верасня ў Беларусь прыбываюць эшалоны з расейскімі войскамі для ўдзелу ў аператыўна-стратэгічным вучэнні «Захад-2009». Ніколі раней на тэрыторыю Беларусі не ўваходзіла такая колькасць расейскіх вайскоўцаў – з 12,5 тысяч задзейнічаных у вучэннях салдат 6 тысяч – расейцы.

«Падрыхтоўка да аператыўна-стратэгічнага вучэння (АСВ- ІФ) «Захад-2009» уступіла ў завяршальную стадыю, расейскія злучэнні і вайсковыя часткі падрыхтаваныя да перагрупоўкі на тэрыторыю Беларусі», - паведаміў агенцтву «Интерфакс» начальнік прэс-службы міністэрства абароны Беларусі палкоўнік Вячаслаў Раменчык.

В.Раменчык патлумачыў, што расейскі бок на вучэнні прадставяць органы ваеннага кіравання і шэраг злучэнняў і вайсковых частак 20-й арміі, аператыўныя групы Галоўнага камандавання ВПС, камандаванняў ваенна-транспартнай авіяцыі і ПДВ, падраздзяленні 98-й паветрана-дэсантнай дывізіі.

Як паведамлялася раней, вучэнне «Захад-2009» пройдзе ў Беларусі з 18 па 29 верасня бягучага года. У ім возьмуць удзел каля 12,5 тыс. чалавек, у тым ліку каля 2 тыс. чалавек прызавуць праз ваенныя камісарыяты.

Плануецца задзейнічаць звыш за 220 баявых танкаў, каля 470 баявых браняваных машынаў, 230 самаходных і буксіруемых артылерыйскіх гарматаў, мінамётаў і рэактыўных сістэмаў залпавага агню, а таксама 60 самалётаў і 40 верталётаў.

«Баявыя дзеянні» разгорнуцца на 230-м агульнавайсковым палігоне Заходняга аператыўнага камандавання (Абуз-Лясноўскім), 227-м агульнавайсковым палігоне Сухапутных войскаў (Барысаўскім), 174- м навучальным палігоне ВПС і войскаў СПА «Даманава», 210-м авіяцыйным палігоне «Ружаны», а таксама на палігонах 38-й (Берасцейскім), 6-й мабільных брыгадаў і авіяцыйным палігоне 206-й штурмавой авіябазы. Акрамя таго, вучэнне пройдзе на асобных участках мясцовасці з мэтай разгортвання рухомых пунктаў кіравання і адпрацоўкі практычных дзеянняў войскаў.

Варта адзначыць, што правядзенне такіх маштабных вучэнняў з удзелам замежных вайскоўцаў супярэчыць Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.

Артыкул 18 Канстытуцыі РБ гаворыць: «Рэспубліка Беларусь у сваёй знешняй палітыцы зыходзіць з прынцыпаў роўнасці дзяржаў, непрымянення сілы або пагрозы сілай, непарушнасці межаў, мірнага ўрэгулявання спрэчак, неўмяшання ва ўнутраныя справы і іншых агульнапрызнаных прынцыпаў і нормаў міжнароднага права.

Рэспубліка Беларусь ставіць за мэту зрабіць сваю тэрыторыю бяз'ядзернай зонай, а дзяржаву — нейтральнай».

«У Канстытуцыі запісана, што Беларусь мае нейтральны статус. А нейтральныя дзяржавы не могуць уваходзіць у якія-небудзь ваенныя арганізацыі і праводзіць вучэнні з удзелам іншых краін у сябе», - заявіў лідэр Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька.

«Гэта не змяшчаецца ў прававыя межы Канстытуцыі. Калі б Канстытуцыйны суд у Беларусі дзейнічаў самастойна, то ён мусіў быў бы звярнуць увагу на гэта парушэнне», - адзначыў палітык.

Будучыя вучэнні сайту www.charter97.org пракаментаваў таксама былы старшыня Вярхоўнага Савета Беларусі, лідэр Беларускай сацыял-дэмакратычнай Грамады Станіслаў Шушкевіч:

«Канешне ж, вучэнні «Захад-2009» не адпавядаюць Канстытуцыі Беларусі. І гэта зразумела любому чалавеку цвярозага розуму. У Канстытуцыі запісана імкненне да нейтральнасці. На нас ніхто не нападае і нам ніхто не пагражае. Так што гэтыя вучэнні – саступка Расеі, якая імкнецца стварыць Калектыўныя сілы аператыўнага рэагавання пад сваім камандаваннем і хоча паказаць, што распараджаецца ўсёй тэрыторыяй Беларусі як сваёй уласнай. Такім чынам узмацняецца расейскі ўплыў у Беларусі. Пры Лукашэнку пагроза незалежнасці Беларусі пастаянна ўзмацняецца», - адзначыў палітык.

Нагадаем, што 27 жніўня падчас перамоў з прэзідэнтам Расеі Аляксандр Лукашэнка заявіў, што Дзмітрый Мядзведзеў прыедзе ў Беларусь у верасні – на сумесныя беларуска-расейскія вучэнні, «самыя маштабныя, не гледзячы на крызіс».

«Гэта беларуска-расейская групоўка на заходнім накірунку, аснову якой складае беларускае войска. Вучэнні будуць прысвечаныя функцыянаванню гэтай групоўкі: наколькі яна эфектыўная, наколькі можа абараняць нашы заходнія межы», — сказаў Лукашэнка.

Лукашэнка таксама заявіў, што гатовы ўзначаліць Арганізацыю дамовы аб калектыўнай бяспецы і ўступіць у КСАР.

«Што тычыцца КСАР, пра якія зараз так шмат кажуць, што нібы Беларусь з Узбекістанам ледзь ці не супраць гэтых Калектыўных сіл, так я нагадаў прэзідэнту Расеі, што мы і расейцы з'явіліся завадатаямі гэтых праблем. І вельмі актыўна нашы эксперты прапрацоўвалі пытанні па Калектыўных сілах аператыўнага рэагавання. І таму не прыняць гэты дакумент у Беларусі проста не могуць», - сказаў Лукашэнка.

Незалежныя эксперты ўпэўненыя, што КСАР ствараецца, перадусім, для задушэння народных пратэстаў ва ўмовах крызісу ў краінах-удзельніцах Арганізацыі дамовы аб калектыўнай бяспецы.

Напісаць каментар 72

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках