29 снежня 2024, Нядзеля, 7:56
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларускія апазіцыянеры абвесцілі масавую галадоўку пратэсту

1

Праз галадоўку ахвяры рэпрэсіяў рэжыму Лукашэнкі спрабуюць звярнуць увагу свету на сітуацыю ў Беларусі.

Сем гомельскіх апазіцыянераў 26 чэрвеня абвясцілі пра пачатак галадоўкі ў знак пратэсту супраць незаконнага пераследу ўдзельнікаў акцыі «Ланцуг неабыякавых людзей».

Акцыя была праведзеная 7 траўня, у дзесятую гадавіну знікнення былога міністра ўнутраных справаў Юрыя Захаранкі.

Нагадаем, што 25 чэрвеня сухую галадоўку абвесціў арганізатар акцыі Уладзімір Кацора, асуджаны на трое сутак адміністрацыйнага арышту. 26 чэрвеня да галадоўкі падключыліся ўдзельнікі акцыі Васіль Палякаў, Анатоль Паплаўны, Юры Захаранка і Пётр Кузняцоў, а таксама салідарныя з імі Уладзімір Сякерка, Валеры Рыбчанка і Святлана Міхальчанка.

Галадоўка працягнецца да выхаду Кацоры з ізалятара. Палітыкі рыхтуюцца вывесіць на будынку свайго офіса расцяжку «Галадоўка пратэсту».

Варта адзначыць, што 25 чэрвеня яны ўжо вывешвалі падобную расцяжку і два сцягі — Еўразвяза і бел-чырвона-белы. Аднак супрацоўнікі міліцыі склалі ў дачыненні да гаспадыні хаты, у якой размяшчаецца офіс, адміністрацыйны пратакол за «парушэнне парадку ўтрымання будынкаў», канфіскавалі сцягі і расцяжку.

У другой палове дня адвакат Пётр Барысаў наведае Кацору ў ізалятары, каб палітык змог падпісаць касацыйную скаргу ў абласны суд. Арганізатар акцыі таксама накіруе заяву ў Вярхоўны суд, Генеральную пракуратуру, незалежныя СМІ і замежныя амбасады, акрэдытаваныя ў Беларусі. У заяве сказана, што суд Цэнтральнага раёна Гомелю вынес загадзя незаконную пастанова, паколькі Вярхоўны суд у сакавіку 2003 года разглядаў аналагічную справу і прыйшоў да высновы, што дзеянні групы грамадзянаў, якія стаялі з партрэтамі, не з'яўляюцца пікетам і гэтыя грамадзяне не могуць падлягаць пераследу.

Галадаць апазіцыянеры будуць у офісе па чарзе. У падтрымку гэтай акцыі сярод жыхароў горада распаўсюджваюцца друкаваныя матэрыялы.

«Гэта не толькі галадоўка пратэсту супраць несправядлівага рашэння суда, але і супраць усяго беззаконня, якое дзеецца ў Беларусі апошнія 15 гадоў», — пракаментаваў сітуацыю Палякаў.

З 2006 года па артыкуле за парушэнне парадку правядзення масавых мерапрыемстваў Кацора сумарна быў пакараны 47 суткамі арышту.

Нагадаем, што ўжо больш за 70 дзён, з 16 красавіка, праходзіць галадоўка пратэсту палітычнага вязня Мікалая Аўтуховіча. Арыштаваны разам з прадпрымальнікамі Юрыем Лявонавым і Уладзімірам Асіпенкам апазіцыянер быў ілжыва абвінавачаны ў «падпалах» і «незаконных дзеяннях са зброяй». Шляхам галадоўкі Аўтуховіч дамагаецца неадкладнага суду альбо вызвалення з-пад варты.

З 8 траўня трымаў галадоўку ў калоніі і амерыканскі юрыст Эмануіл Зельцэр. Учора ён прыпыніў галадоўку да 30 чэрвеня. Грамадзянін ЗША, абвінавачаны беларускімі ўладамі ў камерцыйным шпіянажы, пратэстуе супраць таго, што яму адмаўляюцца выдаваць дакументы для разгляду пытання аб амніставанні. Арышт Зельцэра ў Менску звязваюць з тым, што ён адстойваў інтэрасы Джозафа Кея, які прэтэндаваў на спадчыну грузінскага алігарха Бадры Патаркацішвілі. Нагадаем, што на спадчыну таксама прэтэндуе гнаны расейскі алігарх Барыс Беразоўскі, якога звязваюць з Аляксандрам Лукашэнкам даўнія адносіны.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках