24 лiстапада 2024, Нядзеля, 3:42
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Вышлі з даверу: Расея і Беларусь хочуць аформіць усё юрыдычна

30

Урад Беларусі згодны аформіць дасягнутыя раней з Расеяй дамоўленасці па газавай тэматыцы.

Пра гэта заявіў генеральны дырэктар «Белтрансгаза» Уладзімір Маёраў.

Неабходнасць юрыдычнага афармлення дамоўленасцяў, дасягнутых падчас сустрэчы прэзідэнтаў Беларусі і Расеі ў Завідава, была агучаная Надзвычайным і Паўнамоцным Амбасадарам Расеі ў Беларусі Аляксандрам Сурыкавым журналістам 22 чэрвеня, а таксама на прэс-канферэнцыі 11 чэрвеня, прымеркаванай да Дня Расеі. Тады амбасадар падкрэсліў, што пасля сустрэчы кіраўнікоў урадаў Беларусі і Расеі ў пытанні аплаты Беларуссю расейскага прыроднага газу неабходна «юрыдычна аформіць, гэта значыць замацаваць у кантрактных пагадненнях, дамоўленасць пра сярэднегадавы кошт».

ААТ «Белтрансгаз» пасля атрымання інфармацыі пра вынікі перамоваў на вышэйшым узроўні ў Завідава на наступны дзень накіравала ў адрас ААТ «Газпрам» адпаведны дадатак да кантракту. Праект дакумента быў дапрацаваны з улікам прапановаў бакоў, узгоднены ў працоўным парадку і з канца сакавіка знаходзіцца на падпісанні ў «Газпраме». Гэтае пытанне разглядалася падчас неаднаразовых сустрэчаў і перамоваў прадстаўнікоў беларускай і расейскай газавых кампаніяў.

«Засталося зрабіць адзін крок і падпісаць гэтае дадатковае пагадненне да кантракту. Мяркуем, апошнія заявы Аляксандра Сурыкава будуць спрыяць гэтаму, а значыць, і больш хуткай рэалізацыі дамоўленасцяў прэзідэнтаў Беларусі і Расеі па газавай тэматыцы», - адзначыў Уладзімір Маёраў.

Нагадаем, што кампанія «Газпрам» запатрабавала ад «Белтрансгаза» выплаціць запазычанасць у памеры 230 мільёнаў даляраў. «Газпрам» таксама настойвае на выплаце сумы запазычанасці за пастаўлены ў Беларусь у студзені-красавіку газ, на выплаце пені, а таксама штрафаў за недабор газу ў аб'ёмах, прадугледжаных кантрактам. Беларусь у сваю чаргу адказала, што ніякіх даўгоў перад Расеяй не мае.

Нагадаем, што 15 чэрвеня расейская газета «Коммерсант» напісала, што ў сувязі з рэзкім пагаршэннем расейска-беларускіх адносінаў і апошнім дэмаршам Аляксандра Лукашэнкі, які адмовіўся ехаць у Маскву на саміт АДКБ, «ужо ў хуткім часе Масква можа пачаць новую атаку на Менск. Гэтым разам — газавую».

Пытанне пра кошт на газ для Беларусі абмяркоўваўся Дзітрыем Мядзведзевым і Аляксандрам Лукашэнкам яшчэ ў снежні 2008 года. Тады яны дамовіліся, што кошт будзе разлічвацца па наступнай формуле: сярэднееўрапейскі кошт з паніжальным каэфіцыентам 0,8 за вылікам транспартных выдаткаў і экспартнай пошліны. Праўда, у першым квартале 2009 года Менск «не заўважыў» падвышэння кошту на газ са 128 да 210 даляраў за тысячу кубаметраў і аплаціў пастаўкі па ранейшым тарыфе, назапасіўшы за зіму доўг перад «Газпрамам» каля 70 млн. У канцы сакавіка падчас перамоваў двух прэзідэнтаў у Завідава рашэнне, здавалася, было знойдзена. Масква дазволіла Менску аплачваць расейскі газ па сярэднегадавым кошце каля 150 даляраў за тысячу кубаметраў, прычым перыяд канчатковага разліку быў перанесены на канец года. Аднак гэтая дамоўленасць засталася вуснай. Гэтую акалічнасць Расея можа выкарыстаць як інструмент дадатковага ціску на Менск, патрабуючы выконваць умовы кантракту 2006 года і аплачваць пастаўкі газу паквартальна.

Напісаць каментар 30

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках