24 лiстапада 2024, Нядзеля, 8:36
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Расея толькі часткова зняла санкцыі і просіць не «перакручваць»

3

Дазволены імпарт 131 віда беларускай малочнай прадукцыі з амаль 600 раней забароненых да ўвозу.

Пастаўкі аднавіліся раніцай 18 чэрвеня. «У адпаведнасці з пазіцыяй Расейскай Федэрацыі па паэтапным вяртанні на рынак Расеі малака і малочных прадуктаў з Беларусі дазволены доступ на расейскі рынак малочнай прадукцыі па 131 санітарна-эпідэміялагічным заключэнні з амаль 600 прыпыненых спецыяльным указаннем 9 чэрвеня гэтага года», — паведаміў РИА Новости кіраўнік Расспажыўнагляда, галоўны дзяржаўны санітарны ўрач Расеі Генадзь Анішчанка.

Паводле яго словаў, у спіс дазволеных у першую чаргу ўвайшлі прадукты, якія абрала сама Беларусь: «Расейскі бок даў магчымасць Беларусі абраць гэтыя віды прадукцыі зыходзячы з прыярытэтнасці эканамічных інтэрасаў. Гэта малако і малочная прадукцыя, якая карыстаецца попытам у насельніцтва і паступіла ад вытворцаў, што добра зарэкамендавалі сябе».

Анішчанка заявіў, што Расея мае намер паступова пашыраць гэты спіс, «увязваючы яго з інтэнсіўнасцю пераафармлення дазваленчай дакументацыі ў абумоўленых лабараторыях, пералік якіх вызначаны пратаколам пагаднення», перадае БелаПАН.

На яго думку, пераходны перыяд, калі беларуская прадукцыя будзе пастаўляцца з дазваленчымі дакументамі, аформленымі паводле старых стандартаў, не павінен працягнуцца даўжэй за ліпень.

Кіраўнік Расспажыўнагляда заклікаў беларускія дзяржсмі не драматызаваць сітуацыю і не перакручваць факты: «Афіцыйным СМІ Беларусі, якія спецыялізуюцца на псіха-сцэнічным жанры, просьба ўстрымацца ад каментароў, далёкіх ад сапраўднага стану справаў, якія не прыносяць карысці гэтак складана дасягнутаму кампрамісу».

Пастаўкі беларускай малочнай прадукцыі ў Расею былі забароненыя ў першай дэкадзе чэрвеня, паколькі беларускія вытворцы не перааформілі дакументы ў адпаведнасці з новым тэхнічным рэгламентам, які быў прыняты ў чэрвені мінулага года і набыў сілу ў снежні.

«Малочны» канфлікт стаў прычынай няўдзелу беларускай дэлегацыі на чале з Аляксандрам Лукашэнкам ў маскоўскім саміце Арганізацыі Дамовы аб калектыўнай бяспецы 14 чэрвеня.

15 чэрвеня ў Маскве прайшлі перамовы прадстаўнікоў зацікаўленых ведамстваў двух краінаў, аднак пратакол, які замацоўвае дамоўленасці на паперы, на наступны дзень падпісаны не быў: Расея, як заявіў Г.Анішчанка, узяла тайм-аўт.

«Публічныя каментары службовых асобаў Беларусі, якія мы атрымалі з прэсы гэтай краіны, а таксама каментары афіцыйных СМІ, напрыклад «Советской Белоруссии», далі мне ўсе падставы ўсумніцца ў тым, што дамоўленасці з дэлегацыяй з Менска, якая знаходзіцца ў Маскве, супадаюць з пазіцыяй службовых асобаў Беларусі. Каб не марнаваць іх час і наш, мы для ўдакладнення пазіцыяў бярэм тайм-аўт і, у залежнасці ад вынікаў іх (беларусаў) тлумачэнняў, вырашым, ці будзем працягваць гэтую працу ці не», — заявіў Г.Анішчанка.

16 чэрвеня Беларусь прыняла рашэнне ўвесці з 9 гадзінаў раніцы 17 чэрвеня ўзмоцнены мытны кантроль на асноўных магістралях, якія злучаюць яе з Расеяй. З Масквы была адкліканая беларуская дэлегацыя, якая вяла перамовы аб пастаўках малочнай прадукцыі ў РФ. Аляксандр Лукашэнка даручыў Дзяржсакратарыяту Савета бяспекі спрагназаваць магчымасць новых акцыяў Расеі па прычыненні Беларусі эканамічнай шкоды.

17 чэрвеня бакі падпісалі пратакол і дамовіліся, што да 30 верасня Беларусь не будзе пастаўляць у Расею сухое малако.

Узмоцнены мытны кантроль з беларускага боку адменены.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках