25 снежня 2024, Серада, 10:42
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Пасол Нідэрландаў: «Прысутнасць Лукашэнкі ў Празе дасць няправільны сігнал»

Пасол Нідэрландаў: «Прысутнасць Лукашэнкі ў Празе дасць няправільны сігнал»

Урад Нідэрландаў лічыць, што адмяняць візавыя санкцыі супраць беларускіх чыноўнікаў было занадта рана.

Аб гэтым у інтэрв’ю «Нашай Ніве» заявіў пасол Нідэрландаў у Польшчы і па сумяшчальніцтве ў Беларусі Марнікас Кроп. Нагадаем, што менавіта міністр замежных справаў Нідэрландаў Максім Ферхоген рашуча выступаў супраць прыезду Лукашэнкі на саміт ЕС у Прагу.

-- Чаму Нідэрланды былі так рашуча супраць удзелу Аляксандра Лукашэнкі ў Пражскім саміце «Ўсходняга партнёрства», а таксама выступалі супраць адмены візавых санкцый супраць беларускіх чыноўнікаў?

-- На наш погляд, прысутнасць Лукашэнкі на саміце ЕС у Празе менавіта ў гэты момант дасць няправільны сігнал — нібыта адносіны паміж ЕС і Беларуссю цалкам нармалізаваліся. Гэтага, аднак, не назіраецца.

Мой урад лічыць, што Беларусь можа рабіць больш для таго, каб паказаць сваю прыхільнасць да еўрапейскіх каштоўнасцяў і стандартаў. Мы асабліва хацелі б бачыць больш прагрэсу ў сферы правоў чалавека. Акурат з гэтай прычыны мы і лічым, што цяпер занадта рана адмяняць візавыя абмежаванні ЕС у адносінах да шэрагу беларускіх чыноўнікаў.

Аднак, мы далі сваю згоду на працяг прыпынення дзеяння гэтых абмежаванняў, у якасці прызнання крокаў, якія зрабіла Беларусь да гэтага моманту. Поўная адмена візавых абмежаванняў магчымая ў бліжэйшай будучыні, пры ўмове таго, што Беларусь прыме адэкватныя захады для таго, каб зрэагаваць на занепакоенасць Еўрапейскага Саюзу і яго грамадства на праблемы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі.

-- Які погляд мае урад Нідэрландаў на будучае развіццё адносінаў паміж Беларуссю і ЕС?

-- Беларусь — непасрэдны сусед Еўрапейскага Саюзу. Гэта азначае, што мець беспраблемныя і інтэнсіўныя адносіны адно з адным — у інтарэсах як ЕС, гэтак і Беларусі. Весці вольны гандаль, забяспечваць магчымасць паездак людзей без вялікіх праблемаў. У перспектыве, я хацеў бы бачыць, што адносіны Беларусі з ЕС (і, у прыватнасці, з Нідэрландамі) развіваюцца ў наступным накірунку: паглыбленне і пашырэнне эканамічных і асабістых кантактаў.

Ужо цяпер ёсць знакі, якія абнадзейваюць — найперш у сферы дачыненняў паміж бізнесоўцамі і грамадзянскімі супольнасцямі нашых краінаў.

Гэтак, на мінулым тыдні я суправаджаў дэлегацыю нідэрландскіх бізнесоўцаў з сектару транспартных паслугаў і лагістыкі, якая наведала Брэст і Мінск. Таксама назіраецца рост зацікаўленасці сярод прадпрымальнікаў, якія працуюць у аграрным сектары.

І я перакананы, што, як толькі Беларусь забяспечыць прагрэс у сферы абароны правоў чалавека і забеспячэння законнасці, прысутнасць нідэрландскага бізнесу ў Беларусі зробіць вялікі скок наперад.

Тое самае адбылося ў Польшчы ў 90-ыя. А калі нідэрландскія бізнесоўцы вырашаюць інвеставаць у пэўную краіну, яны таксама імкнуцца там замацавацца. Нідэрланды на працягу многіх гадоў былі інвестарам нумар адзін у Польшчы.

-- Чаму афіцыйны Брусель гатовы пайсці на саступкі рэжыму Лукашэнкі цяпер, нягледзячы на тое, што сітуацыя з правамі чалавека ў краіне не змянілася?

-- Я бы не сказаў, што яна не змянілася. Ёсць некаторыя станоўчыя зрухі. Адзін з іх — тое, што ваша газета зноў атрымала магчымасць паступаць у вольны продаж. Але гэтыя змены, хоць я і не назваў бы іх цалкам касметычнымі, не з’яўляюцца сістэмнымі.

Мы б хацелі бачыць больш глыбокія змены, такія, якія не было б лёгка «адкруціць назад».

Разам з тым, ЕС палічыў прымальным паказаць сваю задаволенасць шэрагам пазітыўных зменаў, якія адбыліся ў Беларусі. Мы ўсе пагадзіліся — уключна з маёй краінай — на тым, каб працягнуць руку беларускім уладам. «Усходняе Партнёрства» таксама павінна разглядацца ў гэтым кантэксце, як, натуральна, і рашэнне прыпыніць візавыя санкцыі супраць чыноўнікаў вашай краіны. У адрозненне ад мінулых гадоў прэзідэнт Лукашэнка цяпер мае магчымасць вольна наведваць любую краіну ЕС, уключая і маю. Гэта станоўчы жэст з боку ЕС, які, аднак, можа быць адменены, калі выявіцца, што Беларусь не імкнецца паляпшаць сваю сітуацыю з правамі чалавека.

-- Нідэрланды настойваюць на тым, каб рэжым Лукашэнкі быў ізаляваны — ці не прывядзе гэта да большай залежнасці нашай краіны ад Расіі?

-- Мы зусім не настойваем на ізаляцыі ні Беларусі, ні яе кіраўніцтва. Зусім наадварот, Нідэрланды хочуць інтэнсіўна супрацоўнічаць з Беларуссю.

Вядуцца ўсё больш актыўныя кантакты паміж нашымі бізнес-коламі і паміж прадстаўнікамі (як недзяржаўнымі арганізацыямі, так і асобнымі дзеячамі) грамадскіх сектараў нашых краінаў. Але ўрад Нідэрландаў спрабуе стымуляваць гэты працэс. Мы таксама інвестуем у пашырэнне кантактаў з беларускімі ўладамі і ў азнаямленне беларускага чынавенства з Нідэрландамі і Еўрапейскім Саюзам.

Але гэта праўда, што мы падыходзім строга — як да сябе так і да іншых — калі справа датычыцца захавання асноўных, еўрапейскіх прынцыпаў дэмакратыі і правоў чалавека.

Калі Беларусь прымае гэтыя прынцыпы — а я мяркую, што вашае грамадства іх прымае — тады ваша краіна можа зрабіць больш, каб давесці, што гэта менавіта так. Што датычыцца вашай заўвагі наконт Расіі, Нідэрланды не разглядаюць Расію як пагрозу. Гэта стратэгічны партнёр ЕС. Мы не разглядаем Беларусь як краіну, якой трэба выбіраць паміж Усходам і Захадам. Вы можаце мець добрыя кантакты з абодвума бакамі. Сапраўды, з гледзішча вашага геаграфічнага становішча гэта было б самым лепшым выбарам.

-- Якія магчымасці адкрываюцца для Беларусі ў рамках удзелу ва «Ўсходнім Партнёрстве»?

-- Я лічу, што «Ўсходняе Партнёрства» дае Беларусі шмат магчымасцяў, але яны не будуць прадстаўленыя разам, і іх немагчыма будзе атрымаць за так. Яны будуць вымагаць досыць вялікага аб’ёму працы ў наступныя гады, у асноўным з беларускага боку. На мой погляд, усё залежыць ад таго, як Беларусь здолее адказаць на занепакоенасць Еўрапейскага Саюзу ў сферы дэмакратыі і правоў чалавека. Калі яна зробіць толькі маргінальныя крокі, я думаю, выгоды «Ўсходняга Партнёрства» будуць, хутчэй за ўсё, дастаткова сціплымі. Аднак, калі Беларусь вырашыць зрабіць значныя крокі, Нідэрланды будуць сярод першых прыхільнікаў больш глыбокага супрацоўніцтва з Беларуссю і перспектывы зоны свабоднага гандлю і падарожжаў без візаў зробяцца нашмат больш рэальнымі.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках