24 лiстапада 2024, Нядзеля, 12:39
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У новым законе з'явілася яшчэ адна падстава для забароны на выезд -- «прэвентыўны нагляд»

15

«Палата прадстаўнікоў» прыняла ў першым чытанні законапраект аб парадку выезду грамадзянаў Беларусі з краіны.

Як паведаміў, прадстаўляючы законапраект, дырэктар Нацыянальнага цэнтра заканадаўства і прававых даследаванняў Беларусі Валеры Міцкевіч, дакумент вызначае агульныя правілы выезду і ўезду ў рэспубліку грамадзянаў Беларусі, вызначае пытанні афармлення пастаяннага пражывання грамадзянаў за межамі рэспублікі. У ім замацоўваюцца падыходы, звязаныя з абмежаваннем права на выезд грамадзянаў Беларусі, вызначаюцца падставы для такога абмежавання, а таксама акалічнасці, пры якіх яны могуць атрымаць права на часовы выезд - тэрміновае лячэнне, удзел у крымінальных працэсах за мяжой, смерць ці цяжкая хвароба сваякоў, якія пражываюць за мяжой.

Напрыклад, выезд можа быць часова абмежаваны, калі грамадзянін валодае звесткамі, якія з'яўляюцца дзяржаўнай таямніцай, з'яўляецца падазраваным ці абвінавачваным па крымінальнай справе. У ліку гэтых падставаў значыцца таксама невыкананне без паважлівых прычынаў маёмасных, падатковых і іншых абавязальніцтваў. Сюды адносяцца і аліментныя абавязкі. Права на выезд можа быць абмежаванае таксама, калі грамадзянін з'яўляецца даўжніком па справе аб эканамічнай неплацёжаздольнасці (банкруцтве) ці зацікаўленай асобай у адносінах да даўжніка.

Паводле словаў В.Міцкевіча, у пералік падставаў дадаткова ўнесенае такое паняцце як «вызначэнне судом прэвентыўнага нагляду ці адкрыццё судом конкурснага выканання» . Ён паведаміў, што грамадзяне павінны быць паінфармаваныя пра прыняццё рашэнняў аб абмежаванні выезду ці зняццё гэтага абмежавання не пазней за адзін працоўны дзень з даты прыняцця рашэння.

Як падкрэсліў дырэктар цэнтра, «шмат якія еўрапейскія дзяржавы і іншыя краіны свету маюць норму, звязаную з часовым абмежаваннем выезду сваіх і замежных грамадзянаў, калі яны маюць абавязальніцтвы ў краіне, напрыклад, фінансавыя, аліментныя і іншыя». Ён падкрэсліў, што, у прынцыпе, гэта тыя падставы, якія прадугледжаныя і ў законапраекце, які прадстаўляецца. Закранаючы пытанні адміністрацыйных правапарушэнняў грамадзянаў і магчымасці часовага ўвядзення ў дачыненні да іх часавага абмежавання на выезд, ён звярнуў увагу, што «абавязковая наяўнасць судовай пастановы ці адпаведнага выканаўчага дакумента».

Кажучы пра наяўнасць ў спісе падставаў для абмежавання выезду грамадзяніна Беларусі факту прад'яўлення ў дачыненні да яго грамадзянскага пазову ў судзе, В.Міцкевіч падкрэсліў, што рашэнне пра часовае абмежаванне выезду будзе прымаць суд на падставе ацэнкі довадаў пазоўніка, што дазволіць выключыць магчымасці пазоўніка злоўжыць сваім правам.

Акрамя таго, В.Міцкевіч паведаміў пра спыненне парадку выезду непаўнагадовых грамадзянаў у суправаджэнні аднаго з законных прадстаўнікоў без наяўнасці згоды другога.

Як ужо паведамляў прэс-цэнтр Хартыі’97, што ў пачатку 2008 года, паводле звестак беларускага Міністэрства ўнутраных справаў, у спіс невыязных было ўнесена каля 100 тысячаў прозвішчаў. А 5 чэрвеня таго ж года першы намеснік старшыні Дзяржаўнага памежнага камітэта Вадзім Зайцаў паведаміў, што база звестак невыязных асобаў памежнай службы Беларусі ўжо налічае каля 260 тысячаў чалавек. Гэта значыць, каля 2,5% ад агульнай колькасці грамадзянаў краіны, ці каля 3% дарослага насельніцтва. Дарэчы, у суседняй Расеі ў падобных спісах лічацца прыкладна 0,14%.

На прэс-канферэнцыі 4 чэрвеня 2008 года начальнік Упраўлення па грамадзянстве і міграцыі ГУУС Менгарвыканкама Мікалай Шэўчык адмовіўся абнародаваць звесткі пра тое, колькі зараз менчукоў унесена ў базу, спаслаўшыся на тое, што «гэты банк звестак сее паніку сярод грамадзянаў». Да таго ж, паводле яго словаў, лічбы змяняюцца штодня.

Спіс фарміруецца на падставе інфармацыі, якая паступае з міністэрстваў унутраных справаў, абароны, юстыцыі, пракуратуры, Камітэта дзяржаўнай бяспекі, іншых ведамстваў. Механізм фарміравання банка звестак вельмі просты - за кожную катэгорыю, якой абмежаваны выезд з краіны, адказвае пэўнае ведамства. Як толькі чалавек па нейкіх крытэрах трапляе ў поле зроку аднаго з гэтых ведамстваў, адразу ж інфармацыя пра яго аператыўна ўносіцца ў банк звестак.

Напісаць каментар 15

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках