27 снежня 2024, Пятніца, 11:52
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Інстытут эканомікі НАН: Рэальнай лібералізацыі не будзе

3

Афіцыйныя эканамісты лічаць, што працэс рэфармавання эканомікі будзе «млявапраяўным».

Кіраўнік цэнтра макраэканамічнага рэгулявання і інстытуцыяналізму Інстытута эканомікі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Аляксандр Лучанок у інтэрв'ю Еuramost.org распавёў, што чакае беларускую эканоміку хуткім часам.

- Аляксандр Іванавіч, як бы вы ахарактарызавалі сённяшняе становішча беларускай эканомікі?

- Вялікай трагедыі няма, таму што, па вялікім рахунку, сёння ў Беларусі прынцыпова нічога не змянілася, - кажа Аляксандр Лучанок. - У плане таго, што, як раней былі праблемы са збытам прадукцыі, так яны і зараз ёсць. Але ўзнікае сур'ёзнае пытанне: як выходзіць з гэтай сітуацыі? Увогуле-та, зразумела, што эканоміку трэба перабудоўваць, але куды? На што перавучваць беспрацоўных? Думаю, што нейкія прадпрыемствы будуць закрывацца, нейкія выносіцца за межы Менска. Гэта, можна сказаць, тое ж самае, што і закрыць прадпрыемства. Так што зараз трэба думаць над тым, што нам вырабляць далей.

- Дайце людзям магчымасць - няхай самі выбіраюць…

- Што значыць - выбіраюць? Каго ў нас перавытворчасць? Эканамістаў і юрыстаў. Вось стануць людзі ўсе эканамістамі і юрыстамі, а дзе яны будуць працаваць? Я у свой час, у канцы 80-х быў у Дэтройце. Яны там дакладна зарыентаваліся - прыбіраем металургічную прамысловасць, засвойваем новую вытворчасць. Загадзя навучалі людзей, і тыя сыходзілі з металургіі на гатовыя месцы. Беспрацоўе было маленькае. Гэта значыць, і нам трэба нешта падобнае ствараць. Зараз стаіць пытанне, што ўсе мы павінныя вызначыцца: куды мы будзем развівацца. Калі пайшоў крызіс, мы злёгку ўсхваляваліся і вырашылі прыняць энергічныя меры для атрымання крэдытаў Міжнароднага валютнага фонду. Вось тады і пайшла лібералізацыя. Але, думаю, у наступным гэты працэс будзе млявапраяўны. Калі не будзе абвастрэння праблем з разлікамі. І пытанне зводзіцца да таго, што недапушчальна ісці па шляху дэфолту, але і не трэба рабіць трагедыі ў дадзенай сітуацыі.

- Так ці трэба лібералізаваць эканоміку ва ўмовах крызісу?

- Я лічу, што рэальнай лібералізацыі не будзе. Прадпрымальнікам дадуць вялікую свабоду. Але гэта, як было ў галодныя часы ў вёсцы. Калі не было што есці, то сабаку адвязвалі і адпускалі, каб яна харчавалася сама. І большасць сабак выжывала. На фоне прадпрымальніцкіх структур, думаю, свабоду трэба даваць. Гэта значыць, мінімум праверак, галоўнае, каб была вытворчасць. Калі ўтрымліваеш людзей і корміш іх, то малайчына. А, калі ўжо пачынаеш купляць «Лексусы», то тады цябе час правяраць. Але на ўзроўні макраэканамічнага рэгулявання яно павіннае быць жорсткае. Інакш пачнецца гіперінфляцыя.

- Паказчык грашовай палітыкі - інфляцыя…

- Так няма грошай, што рабіць? Але, адзначу, рэальна інфляцыя адбываецца з-за дэвальвацыі.

- Да якога часу, на ваш погляд, будуць праблемы?

- Гэта не спрагназуеш. Усё залежыць ад таго, ці дадуць крэдыты МВФ, Расея… Але лета мы перажывем.

- Чакаеце зрухаў у лепшы бок са збытам прадукцыі беларускіх прадпрыемстваў?

- Справа ў тым, што на рынках іншых краін наша прадукцыя займае адносна не вельмі вялікае месца. Калі здолеем кудысьці параспіхваць, то параспіхваем. Але трэба адмовіцца ад прагнознага паказчыку аб'ёмаў вытворчасці. У кіраўніка трэба паставіць памяншэнне сальда гандлёвага балансу. А для гэтага патрэбна поўная рэструктурызацыя нашай эканомікі. Гэта значыць, рэформы, будуць. Але яны будуць ісці зверху, а не знізу.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках