28 лiстапада 2024, Чацвер, 16:41
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Наша Вясна»: Мінюст бессаромна хлусіць

6

Адмаўляючы ў чарговы раз у рэгістрацыі «Нашай Вясны», беларускія ўлады ў асобе Мінюста парушаюць правы праваабаронцаў, а таксама не выконваюць міжнародныя абавязкі Беларусі, заяўляюць юрысты.

11 сакавіка на афіцыйным сайце Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь з’явілася інфармацыя «Аб адмове ў дзяржаўнай рэгістрацыі Грамадскага праваабарончага аб'яднання «Наша Вясна».

Мінюст тлумачыць, што «пад час вывучэння прадстаўленых дакументаў устаноўлены шэраг узаемных неадпаведнасцяў у частцы пададзеных у дакументах звестак. Спіс заснавальнікаў аб'яднання па шэрагу асобаў утрымліваў няпоўныя звесткі», цытуе артыкул старонка spring96.org.

Улічваючы «наяўнасць у прадстаўленых дакументах няпоўнай інфармацыі», Міністэрства юстыцыі дэталёва вывучыла акалічнасці, звязаныя з правядзеннем устаноўчага сходу па стварэнні аб’яднання «Наша Вясна».

Высветлілася, у прыватнасці, што сход, у якім прымала ўдзел 67 чалавек, праводзіўся ў памяшканні плошчай нібы 35 кв.м. З улікам наяўнасці ў памяшканні мэблі, аргтэхнікі і размяшчэння прэзідыума на кожнага ўдзельніка сходу павінна было б прыходзіцца меней 0,5 кв.м, падлічыў Мінюст.

«Такім чынам, устаноўчы сход па стварэньні ГПА «Наша Вясна» не праводзіўся ў складзе, паказаным у прадстаўленых у Міністэрства юстыцыі дакументах», - пішуць заяўнікі.

Мінюст таксама «ўстанавіў», што больш паловы ініцыятараў стварэння «Нашай Вясны» «прыцягваліся да адміністрацыйнай адказнасці, многія з іх - неаднаразова. Асобныя з ініцыятараў прыцягваліся таксама і да крымінальнай адказнасці».

«А ў дачыненні да аднаго з заснавальнікаў была ўзбуджаная крымінальная справа па артыкуле 130 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь (распальванне расавай, нацыянальнай або рэлігійнай варожасці або розні). Акрамя таго, з прадстаўленых дакументаў вынікае, што на ўстаноўчым сходзе былі зацверджаныя мэты дзейнасці арганізацыі, не ўключаныя ў статут, што супярэчыць аднаму з асноўных прынцыпаў стварэння і дзейнасці грамадскіх аб'яднанняў - прынцыпу галоснасці», - працягваюць падпісанты.

Гэтымі і іншымі парушэннямі Міністэрства юстыцыі тлумачыць сваё рашэнне аб адмове ў дзяржаўнай рэгістрацыі «Нашай Вясны».

«На падставе выкладзенага Міністэрствам юстыцыі 26.02.2009 г. было прынятае рашэнне аб адмове ў дзяржаўнай рэгістрацыі ГПА «Наша Вясна». Аб прынятым рашэнні ініцыятары стварэння аб'яднання праінфармаваныя ва ўстаноўлены законам тэрмін і могуць абскардзіць яго ў судовым парадку», - сцвярджае Мінюст.

«У сувязі з тым, што ў асобных СМІ з’явіліся інсінуацыі адносна прычынаў адмовы ў дзяржаўнай рэгістрацыі ГПА «Наша Вясна», Міністэрства юстыцыі лічыць неабходным адзначыць, што ў Рэспубліцы Беларусь права грамадзян на свабоду аб'яднанняў гарантаванае Канстытуцыяй. Аднак рэалізацыя дадзенага права не павінна быць звязаная з парушэннямі заканадаўства або злоўжываннямі гэтым правам з боку ініцыятараў стварэння грамадскіх аб'яднанняў», - заяўляюць аўтары артыкулу.

Паведамленне Мінюсту для СМІ вымушае заснавальнікаў Грамадскага праваабарончага аб’яднання «Наша Вясна», у чарговы раз заявіць: адмова ў рэгістрацыі аб’яднання зьяўляецца абсалютна неправавым, дыскрымінацыйным і палітычна матываваным крокам уладаў, дакладна скіраваным на забарону праваабарончай дзейнасці.

Аргументы, выкладзеныя Мінюстам, будуюцца на слоўных інсінуацыях і домыслах і ні ў якім разе не знаходзяцца ў рэчышчы юрыдычнай спрэчкі, лічаць заснавальнікі «Нашай Вясны».

«Сцверджанне Мінюста аб тым, што ва ўстаноўчым сходзе не прымалі ўдзелу ўсе заснавальнікі аб’яднання, спасылаючыся на плошчу памяшкання, з’яўляецца надуманым і непрафесійным. Хочацца нагадаць Міністэрству юстыцыі, якім няпростым шляхам у Беларусі можна правесці устаноўчыя сходы арганізацый. Прапануем спецыялістам Мінюста самім даведаецца, з якой цяжкасцю, напрыклад, партыя БХД атрымала памяшканне для правядзення свайго ўстаноўчага сходу і колькі разоў адмаўлялася многім арганізацыям у іх прадстаўленьні», - пішуць праваабаронцы.

Наступнае сцверджанне аб тым, што большасьць заснавальнікаў грамадскага аб’яднаньня з’яўляюцца правапарушальнікамі таксама не вытрымлівае ніякай юрыдычнай крытыкі - бо гэта не з’яўляецца падставай для адмовы ў рэгістрацыі грамадскага аб’яднання.

«У сваю чаргу мы ганарымся, што ў лік заснавальнікаў «Нашай Вясны» ўвайшлі вядомыя ў сваіх рэгіёнах праваабаронцы, а тое, што яны шмат разоў пераследваліся, перш за ўсё ў адміністрацыйным парадку, за сваю праваабарончую дзейнасць, яшчэ раз падкрэслівае значнасць і эфектыўнасць іх працы», - заяўляюць заснавальнікі аб’яднання.

«Хочацца асобна падкрэсліць, што справа па арт 130 Крымінальнага кодэксу РБ (распальванне расавай, нацыянальнай альбо рэлігійнай варожасці) у дачыненні да праваабаронцы з Віцебску Леаніда Свеціка прыпыненая. Справа датычыць лістоў з пагрозамі, што былі дасланыя ад імя РНЕ грамадскім актывістам з Віцебску, якім праваабаронца актыўна дапамагаў рыхтаваць звароты ў адпаведныя органы ўлады. Так што Мінюст, які адзначе сваю вялікую працу па праверцы дакументаў, датычных рэгістрацыі «Нашай Вясны» і ейных заснавальнікаў, павінен быў ведаць, у якім стане знаходзіцца расследванне справы Леаніда Свеціка», - заўважаюць юысты.

Больш за тое, у адказе Мінюста распаўсюджаная недакладная інфармацыя аб крымінальнай судзімасці аднаго з заснавальнікаў аб’яднання, што дае падставы для падачы грамадзянскага зыску аб прызнанні дадзенай інфармацыі неадпавядальнай рэчаіснасці і абражаючай гонар, годнасць і дзелавую рэпутацыю.

«Акрамя вышэйзгаданага, Міністэрства юстыцыі бессаромна хлусіць аб тым, што яно ў вызначаны законам тэрмін праінфармавала заснавальнікаў аб адмове ў рэгістрацыі. Мінюст сам парушыў закон і паведаміў нам пра рашэнне толькі праз 5 дзён пасля заканчэння максімальнага тэрміну разгляду», - падкрэсліваюць заяўнікі.

Спасылаючыся на Канстытуцыю, Мінюст сцвярджае, што раэлізацыя права на свабоду аб’яднанняў несумяшчальна са злоўжываннямі гэтым правам з боку ініцыятараў стварэння грамадскіх аб'яднанняў. Аднак у артыкуле 5 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь дакладна падаецца пералік аб’яднанняў і партый, стварэнне і дзейнасць якіх забароненая.

«Забараняецца стварэнне і дзейнасць палітычных партый, а таксама іншых грамадскіх аб’яднанняў, якія маюць на мэце гвалтоўнае змяненне канстытуцыйнага ладу ці вядуць прапаганду вайны, сацыяльнай, нацыянальнай, рэлігійнай і расавай варожасці», - цытуюць заснавальнікі «Нашай Вясны» Канстытуцыю РБ.

«У Рэспубліцы Беларусь права грамадзян на свабоду аб'яднанняў гарантаванае Канстытуцыяй», – безапеляцыйна сцвярджае Мінюст. Але няхай тады чыноўнікі патлумачаць грамадству, чаму ў Беларусі 12 чалавек асуджаныя па арт. 193.1 КК РБ («дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі»). Мы нагадваем, што гэты ганебны артыкул не адпавядае палажэнням не толькі нашай Канстытуцыі, але і Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах», - крытыкуюць Міністэрства юстыцыі праваабаронцы.

«Мы неаднаразова звярталі ўвагу Мінюста, што рэгістрацыю арганізацыі мы расцэнваем як кампенсацыю нашага парушанага права на асацыяцыю, здзейсненага ліквідацыяй Праваабарончага цэнтру «Вясна», адносна чаго існуе адпаведнае рашэнне Камітэта па правах чалавека ААН. Мы таксама настойваем, што адмаўляючы ў чарговы раз у рэгістрацыі аб’яднання, беларускія ўлады ў асобе Мінюста парушаюць нашыя правы, а таксама не выконваюць міжнародныя абавязкі Рэспублікі Беларусь», - падсумоўваюць юрысты.

Дзеянні Міністэрства юстыцыі па адмове ў рэгістрацыі «Нашай Вясны» ў бліжэйшы час заснавальнікі арганізацыі абавязкова абскардзяць у судовым парадку.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках