26 снежня 2024, Чацвер, 20:24
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Вярхоўны суд Беларусі адмовіўся выдаць копію прысуду Зельцэру і Функ

1

Ні грамадзянін ЗША Эмануіл Зельцэр, ні яго сакратарка Уладлена Функ, якіх утрымліваюць у беларускай турме, дагэтуль не атрымалі копію вынесенага ім прысуду.

Як паведаміў БелаПАН адвакат Зельцэра і Функ Дзмітры Гарачка, 11 сакавіка ён атрымаў адказ на сваю скаргу ў Вярхоўны суд Беларусі.

Яго паінфармавалі, што «у выдачы копіі прысуду абгрунтавана адмоўлена». Аднак, як патлумачыў адвакат, у адпаведнасці з артыкулам 367 Крымінальна-працэсуальнага кодэкса выдача копіі прысуду прадугледжаная на працягу пяці сутак пасля яго абвяшчэння. Выключэнняў няма.

Трэба адзначыць, што на прэс-канферэнцыі 11 лютага старшыня Вярхоўнага суду Валянцін Сукала сцвярджаў, што Э.Зельцэр атрымаў копію прысуду.

«Копія прысуду Зельцэру выдадзеная на рукі. Інфармацыя пра тое, што суд не выдае яе, недакладная», — заявіў ён.

Грамадзянін ЗША Эмануіл Зельцэр і яго сакратарка расейка Уладлена Функ (Брускова) былі затрыманыя 12 сакавіка 2008 года і абвінавачаныя ў выкарыстанні загадзя ілжывых дакументаў і замаху на камерцыйны шпіянаж Зельцэр быў прысуджаны да трох гадоў пазбаўлення волі, Функ — да аднаго. Сваёй віны яны не прызналі.

31 кастрычніка Вярхоўны суд Беларусі пакінуў прысуд у сіле. Усе судовыя працэсы прайшлі ў зачыненым рэжыме.

Злучаныя Штаты Амерыкі неаднаразова заклікалі беларускія ўлады вызваліць Э.Зельцэра з меркаванняў гуманнасці, паколькі ў зняволенні яго здароўе сур'ёзна пагоршылася. Абарона і сваякі назвалі прысуд Зельцэру «расстрэльным» з-за дрэннага стану яго здароўя. Яны лічаць, што асуджаны можа проста не дажыць да заканчэння тэрміна зняволення.

Сваякі Зельцэра абвінавачваюць у датычнасці да яго арышту кампаньёна Патаркацышвілі — расейскага бізнэсмэна Барыса Беразоўскага. Паводле іх інфармацыі, той прыязджаў на судовы працэс у Менск для давання паказанняў і наведваў Зельцэра ў следчым ізалятары КДБ. Беразоўскі і афіцыйныя беларускія структуры не пацвярджаюць і не абвяргаюць гэтыя звесткі.

Заўтра сакратарка Зельцэра Уладлена Функ павінна выйсці на волю ў сувязі з заканчэннем тэрміна адбыцця пакарання.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках