2 лiстапада 2024, Субота, 17:31
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Моладзевыя лідэры прымалі прысягу са словамі «Жыве Беларусь!» (Фота)

37

Сёння Франак Вячорка, Іван Шыла і Дзмiтрый Федарук, якія былі гвалтоўна адпраўленыя ў войска, прымалі прысягу.

Лiдэр моладзевай арганiзацыi Партыi БНФ "Моладзь БНФ" Франак Вячорка прыняў прысягу 7 лютага ў 8-й радыётэхнiчнай брыгадзе ў Баранавiчах.

Адсюль ён будзе накiраваны ў Мазыр для праходжання тэрмiновай службы ў ваеннай часцi № 48694 супрацьпаветранай абароны.

Як паведамiў БелаПАН Ф.Вячорка, сёння ў часць да яго прыехалi бацькi i сябры — усяго каля 30 чалавек. Прысягу лiдэр моладзевай арганiзацыi прымаў на беларускай мове. "Пад канец прысягi замест слоў "Служу Рэспублiцы Беларусь!" я сказаў "Жыве Беларусь!". Пры гэтым мае паплечнiкi разгарнулi бел-чырвона-белы сцяг i расцяжку "За прафесiйную армiю". Двух затрымалi, адвялi ў аддзяленне мiлiцыi, але праз гадзiну адпусцiлi", — расказаў Ф.Вячорка.

Таварышы, паводле слоў Франака, ставяцца да яго нармальна. "Я адразу заявiў, што буду размаўляць толькi па-беларуску, i гэта не выклiкала нiякай негатыўнай рэакцыi. Больш за тое, я стаў своеасаблiвым "адвакатам" у таварышаў. Напрыклад, у часцi не было тэлефона-аўтамата, а мабiльныя тэлефоны забаронены. З гэтай скаргай я хадзiў да начальства. Былi таксама праблемы з абуткам — яго выдавалi рознага памеру. Са скаргай да кiраўнiцтва зноў жа iшоў я, i гэтыя праблемы вырашалiся", — паведамiў Вячорка.

Паводле слоў моладзевага актывiста, адразу пасля дастаўкi ў ваенную часць з iм на працягу трох дзён запар гутарылi следчыя Мiнскай мiжгарнiзоннай ваеннай пракуратуры. Яны разбiралiся са скаргай бацькоў Вячоркi наконт яго незаконнага прызыву ў армiю.

Як паведамлялася раней, 16 лiпеня 2008 года медкамiсiя ваенкамата Савецкага раёна Мiнска прызнала Ф.Вячорку непрыгодным да ваеннай службы па стане здароўя. Абласная медкамiсiя паставiла гэтае рашэнне пад сумненне i накiравала маладога чалавека на абследаванне ў ваенны шпiталь. У вынiку яму была дадзена адтэрмiноўка ад службы да сакавiка 2009 года. Аднак 16 студзеня ваенкамат Савецкага раёна Мiнска прызнаў Вячорку прыгодным да ваеннай службы, а суд гэтага ж раёна, дзе было абскарджана рашэнне ваенкамата, 23 студзеня пакiнуў гэтае рашэнне ў сiле. Рашэнне суда было прынята ў адсутнасць Франака Вячоркi i яго адваката.

Iван Шыла будзе служыць у зенiтнай ракетнай брыгадзе

Актывiст арганiзацыi "Малады фронт" Iван Шыла прыняў прысягу i будзе служыць у 29-й зенiтнай ракетнай брыгадзе, якая дыслакуецца ў вёсцы Межыцы Лепельскага раёна Вiцебскай вобласцi.

Як паведамiў БелаПАН I.Шыла, ён прыняў прысягу з "прагматычных меркаванняў". "Мне трэба закончыць школу. Мне не далi здаць адзiн экзамен, як я лiчу — па палiтычных меркаваннях. У салдат ёсць пэўны тэрмiн адпачынку, падчас якога я змагу здаць апошнi экзамен па англiйскай мове", — сказаў Iван.

Адзiнаццацiкласнiк I.Шыла быў выключаны са школы ў 2008 годзе напярэдаднi апошняга экзамену — па англiйскай мове. Папярэднiя экзамены ён здаў на 8/9 балаў i 4 балы. Рашэнне аб выключэннi Iвана прымаў педагагiчны савет сярэдняй школы № 4 Салiгорска. Маладзёжнага актывiста абвiнавацiлi ў сiстэматычным парушэннi школьнага статута. Мiж тым, паводле неафiцыйнай iнфармацыi, былi праведзеныя два пасяджэннi педсавета: на першым выкладчыкi аднагалосна прагаласавалi за тое, каб не выключаць юнака са школы. Аднак на выключэннi Шылы настойвала камiсiя з Мiнска.

Прызыў у армiю Iван лiчыць палiтычным пераследам i iмкненнем iзаляваць яго ў ваеннай часцi. "Я не буду спыняць спробы абскарджвання майго прызыву ў судзе, у пракуратуры, у iншых iнстанцыях, аж да мiжнародных. Гэта — мая прынцыповая пазiцыя, i я ад яе не адмоўлюся", — заявiў маладафронтавец.

Паводле слоў Шылы, стаўленне да яго ў ваеннай часцi нармальнае. "Таварышы ставяцца да мяне па-рознаму, аднак я не так шмат часу правёў разам з iмi. Але афiцэрскi склад, кiраўнiцтва часцi ставiцца да мяне без непрыязi i з разуменнем. Я лiчу, што гэта адбываецца таму, што ў гэтай жа часцi служыць былы лiдэр маладзёжнай арганiзацыi Партыi БНФ "Моладзь БНФ" Алесь Калiта. Ён ужо прывучыў часць да таго, што, напрыклад, размова на беларускай мове — гэта нармальна", — зазначыў Iван.

Федарук прымаў прысягу у ваеннай часцi транспартных войскаў

Актывiст "Маладога фронта" Дзмiтрый Федарук будзе служыць у ваеннай часцi № 18662 транспартных войскаў у Жодзiне (Смалявiцкi раён Мiнскай вобласцi). 7 лютага ён прыняў прысягу.

"Да мяне на прысягу прыехала шмат народу, чалавек сто: сваякi, бацькi, сябры, журналiсты, хрысцiянская моладзь. Шмат было ў ваеннай часцi супрацоўнiкаў мiлiцыi i незразумелых людзей у цывiльным. Але ўсё абышлося без iнцыдэнтаў", — паведамiў БелаПАН Федарук.

Ён таксама паведамiў, што стаўленне ў часцi да яго нармальнае, як з боку таварышаў, так i з боку афiцэрскага складу. "Быў адзiн непрыемны момант з армейскiм медыкам, якi адмовiўся праводзiць мой медагляд i запатрабаваў, каб я не размаўляў па-беларуску. Ён таксама звярнуўся да вайскоўцаў i папрасiў iх "правучыць" мяне i растлумачыць, якiя наступствы будуць чакаць, каля я буду размаўляць па-беларуску. Аднак пасля таго, як гэтая iнфармацыя трапiла ў iнтэрнет-выданнi, стаўленне да мяне рэзка змянiлася, а медыка, паводле маiх звестак, папрасiлi напiсаць заяву аб звальненнi "па ўласным жаданнi", — расказаў Дзмiтрый.

Што да таварышаў, то, паводле слоў Федарука, яны не адчуваюць да яго нiякай непрыязi. "Наадварот, яны з цiкавасцю са мной размаўляюць. Здаецца, гэтыя маладыя людзi не чулi нi пра Бога, нi пра запаведзi, пастаянна задаюць пытаннi кшталту "чаму ты не курыш, не п'еш?". Цiкава размаўляць з людзьмi, якiя дагэтуль не чулi пра простыя хрысцiянскiя паняццi, i цiкаваць гэтая ўзаемная", — зазначыў моладзевы актывiст.

Паводле некаторых звестак, названая часць будзе будаваць дарогу да месца размяшчэння будучай беларускай АЭС. "Але непасрэдна ў будаўнiчы батальён я не траплю, так што працаваць на гэтым будаўнiцтве не буду", — зазначыў Д.Федарук.

Дзмiтрый Федарук быў затрыманы 28 студзеня ў Менску. Яго адвезлі ў турму на Акрэсціна, дзе ўтрымлівалі два дні. У гэты час апазіцыянера ў суправаджэнні супрацоўнікаў міліцыі і КДБ адвезлі ў лякарню, дзе медыкі прызналі яго прыдатным да службы ў войску. 30 студзеня з турмы на Акрэсціна Хведарука адправілі служыць у транспартныя войскі.

Напісаць каментар 37

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках