24 лiстапада 2024, Нядзеля, 13:29
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Вынікі еўравізітаў: У Беларусі з'явіўся пяты палітвязень

12
Вынікі еўравізітаў: У Беларусі з'явіўся пяты палітвязень

Актывіст грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь», удзельнік «Працэсу 14-ці» Максім Дашук быў арыштаваны проста ў будынку УУС Маскоўскага раёна Менска.

23 лютага 17-гадовы Максім Дашук быў выкліканы ў РУУС Маскоўскага раёна Менска, дзе яму было прад'яўлена абвінавачванне ў парушэнні парадку адбывання пакарання, вынесенага яму разам з астатнімі апазіцыянерамі ў красавіку мінулага года за ўдзел у акцыях пратэсту прадпрымальнікаў.

Крымінальная справа супраць актывіста «Еўрапейскай Беларусі» узбуджаная па артыкуле 415 УК РБ – «ухіленне ад адбыцця пакарання ў выглядзе абмежавання волі». Апазіцыянера змясцілі ў следчы ізалятар ГУУС Менгарвыканкама на вуліцы Валадарскага.

«Сёння Максім быў апытаны ў сувязі з тым, што ім былі дапушчаныя парушэнні адносна парадку адбывання пакарання, -- распавёў прэс-цэнтру Хартыі’97 адвакат актывіста Павал Сапелка. -- Справа ў тым, што маці Максіма – індывідуальны прадпрымальнік, бацькі – няма. У сувязі з цяжкім фінансавым становішчам у сям'і Дашук дапамагаў маці па працы. З-за гэтага зафіксавана каля пяці парушэнняў ім парадку адбывання пакарання. Максіму пагражае да 3-х гадоў пазбаўлення волі без альтэрнатывы».

У красавіку 2008 года напярэдадні судовых разглядаў па факце «Працэсу 14-ці» памёр бацька Максіма Дашука. Непаўнагадовы актывіст быў вымушаны працаваць у сувязі са складаным фінансавым становішчам сям'і. Тым самым ён парушаў правілы адбыванні пакарання ў выглядзе абмежавання волі.

За 15 хвілінаў да арышту Максім Дашук даў каментар прэс-цэнтру Хартыі’97.

«У мяне склалася такая сямейная сітуацыя. Я проста быў вымушаны парушаць правілы – дапамагаў маці. Калі ты знаходзішся пад «хатнім арыштам», табе дазваляецца выходзіць толькі з 10 гадзінаў раніцы да 12 дня. Калі мяне правяралі, я не аказваўся дома», -- распавёў хлопец.

Па словах Максіма Дашука, правяралі яго фактычна кожны дзень. Пры гэтым – па некалькіх разоў на дзень.

«Інспектар ставіўся даволі прадузята, -- кажа апазіцыянер. -- Зневажаў, абражаў, дазваляў сабе ў мой адрас нецэнзурную лаянку, былі выказванні з нагоды маіх палітычных поглядаў».

Нагадаем, што «Справа 14-ці» - справа па арт. 342 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, узбуджаная ў дачыненні да ўдзельнікаў мірнай акцыі пратэсту прадпрымальнікаў, якая прайшла ў Менску 10 студзеня 2008 года.

За ўдзел у гэтай акцыі моладзевы актывіст Андрэй Кім быў прысуджаны судом Цэнтральнага раёна Менска да 1,5 гадоў калоніі (вызвалены ў жніўні 2008 года). Астатнія ўдзельнікі «Працэсу 14-ці» -- Арцём Дубскі, Аляксей Бондар, Міхаіл Крываў, Міхаіл Пашкевіч, Аляксандр Стральцоў, Аляксандр Чарнышоў, Таццяна Цішкевіч, Міхаіл Субач і Павал Вінаградаў прысуджаныя да абмежавання волі на 2 гады без накіравання для адбыцця тэрміна ў спецыяльныя ўстановы. Максім Дашук, як непаўнагадовы, прысуджаны да паўтарох гадоў абмежавання волі. Зараз усе яны фактычна знаходзяцца пад хатнім арыштам, пад вельмі строгім наглядам, і пры самым малым парушэнні ў кожны момант могуць быць пазбаўленыя волі.

У турмах Беларусі сёння знаходзяцца 5 палітвязняў. У лютым у Беларусі былі арыштаваныя лідэры прадпрымальнікаў Мікалай Аўтуховіч, Юры Лявонаў і Уладзімір Асіпенка, а таксама ўдзельнік «Працэсу 14-ці» Арцём Дубскі.

Актывісту «Маладога Фронту» таксама пагражае да 3 гадоў пазбаўлення волі па артыкуле 415 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь нібыта за ўхіленне ад адбыцця пакарання, да якога яго прысудзілі за ўдзел у акцыі пратэсту прадпрымальнікаў. Ён быў арыштаваны, калі прыехаў у Беларусь з Украіны.

Юры Лявонаў і Мікалай Аўтуховіч – былыя палітвязні, прысуджаныя да пазбаўлення волі па надуманым абвінавачванні за абарону правоў прадпрымальнікаў. 10 лютага павінна было прайсці судовае слуханне па ўмоўна-датэрміновым вызваленні Мікалая Аўтуховіча.

Рэпрэсіі ў Беларусі сталі асабліва жорсткімі пад час візітаў у краіну еўрачыноўнікаў, дэпутатаў Еўрапарламента, кіраўнікоў урадаў краін ЕЗ.

Напісаць каментар 12

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках