27 снежня 2024, Пятніца, 8:06
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

БАЖ так і не атрымаў адказу на скаргу адносна нападу на журналістаў

Міністэрства ўнутраных справаў і менская пракуратура дагэтуль не адказалі на звароты Беларускай асацыяцыі журналістаў адносна падзеяў 16 верасня.

Калі адказу не будзе да наступнага тыдня, дык журналісты будуць скардзіцца ў вышэйшыя інстанцыі.

Пра гэта «Еўрарадыё» паведаміў намеснік кіраўніка БАЖ, юрыст Андрэй Бастунец.

«Тэарэтычна ліст мог яшчэ не прыйсці з пошты. Пачакаем яшчэ пару дзён, калі не будзе - будзем абскарджваць. Адказ пракуратуры Менска мы будзем абскарджваць у вышэйшай пракуратуры, калі не будзе адказу. А што датычыць МУС, дык мы падумаем, якую тактыку возьмем», -- паведаміў юрыст.

Тэрмін на адказы выйшаў яшчэ 23 кастрычніка. Між тым 22 кастрычніка намеснік міністра ўнутраных справаў Яўген Полудзень заявіў, што адказ БАЖ адпраўлены.

Нагадаем, 16 верасня супрацоўнікі праваахоўных органаў гвалтам перашкодзілі журналістам беларускіх і замежных СМІ фатаграфаваць разгон вулічнай акцыі.

Як ужо паведамляў сайт www.charter97.org, у момант разгляду скаргі, 16 кастрычніка, падчас разгону мірнай акцыі салідарнасці супрацоўнікі АМАПа зноў блакавалі працу журналістаў. Калі падчас разгону акцыяў 9 і 16 верасня да кожнага журналіста прыстаўлялі па 2-3 чалавекі, дык у гэты раз прадстаўнікоў СМІ атачалі па 5 амапаўцаў, якія хапалі аб'ектывы і пашкоджвалі апаратуру.

Калі пры разгоне ранейшых акцыяў у нас атрымлівалася шляхам неверагодных высілкаў рабіць хоць нейкія фота і відэасведчанні беззаконня, якое адбывалася, дык у гэты раз у журналістаў не атрымалася зняць практычна нічога.

22 кастрычніка намеснік міністра ўнутраных справаў Беларусі Яўген Полудзень заявіў, што міліцыяй распрацаваныя меры, якія зменяць фармат працы з журналістамі на масавых акцыях.

«У самы бліжэйшы час прэса і міліцыя на акцыях змогуць працаваць наступным чынам: на акцыі будуць прысутнічаць прэс-афіцэры, супрацоўнікі МУС у сініх камізэльках, да якіх супрацоўнікі сродкаў масавай інфармацыі могуць звяртацца па ўсіх пытаннях да таго, што адбываецца», - сказаў Полудзень.

Ён адзначыў, што ў апошні час прадстаўнікамі апазіцыйных рухаў «неаднаразова парушаўся закон аб правядзенні масавых мерапрыемстваў». «Тым не менш, збоку кіраўніцтва МУС прынятыя меры, каб супрацоўнікі міліцыі не перашкаджалі працы журналістаў», - удакладніў ён.

Намеснік міністра ўнутраных справаў асабліва падкрэсліў, што ў распрацоўцы комплексу мераў па працы з журналістамі беларуская міліцыя абапіраецца на досвед калегаў з Нямеччыны.

«Падчас сваіх візітаў у Нямеччыну мы перанялі досвед працы паліцыянтаў на акцыях «правых», «левых», «зялёных». Там прэса не мае права здымаць на фота і відэа твары як супрацоўнікаў паліцыі, так і ўдзельнікаў акцыяў. Толькі агульны план. Думаю, такі досвед трэба пераняць», - сказаў ён.

У адказ на сцверджанне намесніка кіраўніка МУС Беларусі ў Звязе журналістаў Нямеччыны заявілі, што «калі на дэманстрацыі паліцыя збівае людзей, праца журналіста — задакументаваць гэта».

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках