24 лiстапада 2024, Нядзеля, 6:23
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Здзеклівыя папраўкі

18

Змены ў выбарчым заканадаўстве, прапанаваныя ЦВК, носяць касметычны характар і ніяк не ўплываюць на выбарчы працэс ў цэлым.

20 кастрычніка на сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам старшыня Цэнтрвыбаркама Беларусі Лідзія Ярмошына паведаміла пра тое, якія змены плануецца ўнесці ў выбарчае заканадаўства. Так плануецца выключыць з заканадаўства норму, згодна з якой палітычная партыя для вылучэння свайго кандыдата па выбарчай акрузе павінна мець зарэгістраваную структуру на тэрыторыі акругі, выключыць з кодэкса патрабаванне аб завярэнні падпісных лістоў у выканаўчых камітэтах перад іх падачай у Цэнтрвыбаркам, удакладніць спіс падстаў, згодна з якімі кандыдату ў дэпутаты ці прэзідэнты можа быць адмоўлена ў рэгістрацыі. Акрамя гэтага, ужо на найбліжэйшых мясцовых выбарах будзе скасаваны бар’ер яўкі выбаршчыкаў. Выбары ў мясцовыя саветы будуць прызнаныя пры любой колькасці выбаршчыкаў, што прыйшлі на іх. Бар’ер яўкі пры гэтым захоўваецца для парламенцкіх і прэзідэнцкіх кампаній.

Заяўлена таксама, што кандыдаты атрымаюць магчымасць набываць дадатковы эфірны час на тэлебачанні і радыё і газетныя плошчы плюс да тых, якія ім прадстаўляцца бясплатна ў адпаведнасці з заканадаўствам.

Як піша сайт «Еўрапейская Беларусь», відавочна, што дадзеныя неістотныя змены ўлада будзе «прадаваць» Захаду як значны прарыў у сферы палітычнай «лібералізацыі». А некаторыя прапанаваныя змены і ўвогуле могуць быць ацэнены патэнцыйнымі дэмакратычнымі кандыдатамі як шчыра здзеклівымі.

Так, напрыклад, прапаноўваецца дазволіць кандыдатам фармаваць выбарчыя фонды з уласных сродкаў і сродкаў спонсараў, за выключэннем дзяржаўных прадпрыемстваў, замежных кампаній і грамадзян.

Аднак прыклады Анатоля Красоўскага, Андрэя Клімава, Уладзіміра Кудзінава і іншых бізнэсмэнаў, якія асмеліліся ўступіць у палітычную барацьбу, занадта красамоўна кажуць пра тое, як улада карае за фінансавую падтрымку апазіцыі, і на чыю карысць будуць прадпрымальнікі рабіць «добраахвотныя» ахвяраванні.

Трэба адзначыць, што пачынаючы з пачатку 2008 года прадстаўнікі апазіцыйных партый неаднаразова звярталіся да ўлад з канкрэтнымі прапановам аб змене выбарчага заканадаўства. Тым не менш, патрабаванні апазіцыйных партый не былі ўлічаныя. Ніякіх істотных змен не плануецца ўнесці. Застаецца без змены ключавая частка выбарчага заканадаўства, датычная падліку галасоў і кантролю за ім.

Зрэшты, гэта прызнае і сама кіраўнік ЦВК. Так, Лідзія Ярмошина заявіла, што ўсё змены ў выбарчае заканадаўства будуць насіць касметычны характар і не моцна паўплываюць на практыку ўжывання гэтага заканадаўства.

«Трэба разумець, што агучаныя змены ні ў якай меры не змяняюць сістэму фальсіфікацый, якая склалася. Я без аніякага аптымізму чакаю публікацыі заяўленых змен і прыняцця закона. Пакуль не бачна, як гэтыя змены адказваюць на вострыя пытанні кантролю за падлікам галасоў, прадстаўніцтва палітычных сіл у выбарчых камісіях, прымусы, якія адбываюцца падчас папярэдняга галасавання. У любым выпадку, якімі б ні былі змены, сказаць, што выбары сталі свабоднымі можна будзе толькі пасля першых дэмакратычных выбараў. Бо фальсіфікаваць выбары можна і пры самім дэмакратычным заканадаўстве. Тут ключавую ролю гуляе воля дзяржавы правесці свабодныя выбары», -- сказаў юрыст Праваабарончага цэнтра «Вясна» Уладзімір Лабковіч.

Напісаць каментар 18

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках