24 лiстапада 2024, Нядзеля, 16:51
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Праваабаронцы не бачаць прычынаў для адмены санкцыяў супраць Лукашэнкі

3

Беларусь па-ранейшаму не выконвае міжнародныя стандарты ў галіне СМІ.

Пра гэта кажацца ў справаздачы міжнароднай місіі праваабаронцаў, якія наведалі Беларусь 20-24 верасня, перадае БелаПАН.

Справаздача падрыхтаваная для структураў Еўразвяза напярэдадні разгляду пытання аб часткова прыпыненых санкцыях у дачыненні да беларускіх чыноўнікаў.

Эксперты зазначаюць, што ўлады «працягваюць выкарыстоўваць шэраг рэпрэсіўных артыкулаў, каб спыніць крытыку, прыбраць апазіцыйныя ці альтэрнатыўныя пункты гледжання».

Для недзяржаўных СМІ абмежаваны доступ да інфармацыі, з-за чаго «беларускае грамадства ў сваёй большасці пазбаўленае інфармацыі па важных грамадскіх пытаннях і рашэннях уладаў і адміністрацыйных структураў».

«У сённяшніх умовах беларускія СМІ не могуць працаваць у поўнай адпаведнасці са сваёй функцыяй - кантраляваць усе галіны дзейнасці ўрада», - кажацца ў справаздачы. Заўчаснымі лічаць эксперты абяцанні беларускіх уладаў прыняць да ўвагі заключэнні па выніках паседжанняў круглых сталоў пра сітуацыю ў галіне СМІ.

Сярод рэкамендацыяў у справаздачы - неабходнасць рэфармавання законаў аб СМІ і аб супрацьдзеянні экстрэмізму, паколькі яны не адпавядаюць міжнародным абавязальніцтвам Беларусі ў галіне свабоды прэсы і выказвання, а таксама прыняцце канкрэтных дзеянняў для забеспячэння правоў журналістаў.

Эксперты заявілі пра неабходнасць правесці поўнае і празрыстае расследаванне гібелі тэлеаператара Дзмітрыя Завадскага і журналісткі Веранікі Чаркасавай.

Справаздача ўтрымлівае рэкамендацыі аб забеспячэнні недзяржаўным СМІ «правоў і магчымасцяў развівацца ў справядлівых і роўных эканамічных умовах, у прыватнасці права распаўсюджвацца без дыскрымінацыі».

«Улады не павінны зыходзіць з таго, што сам факт існавання недзяржаўных СМІ - прыкмета таго, што дзяржаўная і недзяржаўная прэса знаходзяцца ў роўных эканамічных умовах», - падкрэсліваюць праваабаронцы.

Яны лічаць неабходнай наяўнасць дакладных правілаў і празрыстай працэдуры акрэдытацыі журналістаў, а таксама недапушчальнасць абмежавання доступу прэсы, у прыватнасці да асвятлення дэманстрацыяў.

«Беларускія ўлады павінны весці празрысты і адкрыты дыялог з дзяржаўнымі і недзяржаўнымі СМІ і грамадзянскай супольнасцю пра палітыку ў галіне СМІ і законы ў гэтай галіне, каб прыступіць да шырокага рэфармавання для прывядзення медыйнага заканадаўства ў адпаведнасць з міжнароднымі стандартамі», - кажацца ў справаздачы.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках