27 снежня 2024, Пятніца, 22:32
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Службовая перапіска Пракаповіча і Сідорскага – крызіс ва ўладзе

5

Эканамісты згодны з меркаваннем кіраўніка Нацбанка адносна пагрозы, якая навісла над банкаўскай сістэмай.

Нагадаем, у сродкі масавай інфармацыі трапілі вытрымкі з ліста старшыні праўлення Нацбанка Пятра Пракаповіча прэм’ер-міністру Сяргею Сідорскаму. У ім кіраўнік Нацбанка прапанаваў знізіць патрабаванні да дзяржаўных банкаў адносна фінансавання дзяржпраграм і перадаць гэтыя функцыі спецыяльна створанаму агенцтву. Фінансавае агенцтва развіцця, на думку Пракаповіча, магло б не толькі займацца фінансаваннем дзяржаўных праграм, але і «абсарбаваць дрэнныя даўгі» у перыяд, калі назіраецца крызіс ліквіднасці ў дзяржбанках і рост праблемных крэдытаў, што ў сваю чаргу абвастрае праблему затрымкі падатковых выплат, пішуць «Белорусские новости».

Значная частка праблемных крэдытаў у банкаўскай сістэме краіны фармуецца ў працэсе фінансавання дзяржаўных праграм. Так, за студзень-ліпень 2009 года дзяржаўныя банкі павялічылі аб’ём крэдытавання дзяржпраграм ў 1,4 разы ў параўнанні з аналагічным перыядам 2008 года – да 6,76 трыльёнаў рублёў.

Кіраўнік Нацбанка нагадвае, што стварэнне такога агенцтва з’яўляецца адным з абавязкаў Беларусі перад МВФ. Перадача агенцтву крэдытнага партфеля, створанага ў рамках фінансавання дзяржпраграм, дазволіць беларускім банкам ачысціць свае балансы, што мусіць часткова выправіць сітуацыю з іх ліквіднасцю.

Пра ліст Пракаповіча першым паведаміла агенцтва «Інтэрфакс – Захад» са спасылкай на «крыніцу, блізкую да Адміністрацыі Лукашэнкі». Многія аналітыкі расцэньваюць гэта як спланаваную ўцечку інфармацыі, высвятленне адносінаў паміж лабістамі розных эканамічных падыходаў у вышэйшых эшалонах улады. Не выключана, што такім чынам хтосьці спрабуе лішні раз кінуць цень на Сідорскага, выціснуць яго з крэсла прэм’ера.

Прадстаўнікі Нацбанка паспяшаліся зрабіць супакойваючыя каментары. У прыватнсці, намеснік начальніка ўпраўлення інфармацыі Нацбанка Міхаіл Журавовіч заявіў, што ліст Пракаповіча «нельга разглядаць, як аб’ектыўны дакумент пра стан банкаўскай сістэмы». «Гэта службовая перапіска. І факты, якія там прыведзеныя, у натуральных межах і нават ніжэйшыя за сусветныя нарматывы», - падкрэсліў чыноўнік.

«Дзяржаўная банкі штогод умацоўваюцца. Бо яны абслугоўваюць дзяржпраграмы, займаюцца ільготным крэдытаваннем. Натуральна, патрабуюцца і пэўныя ўліванні. Так і заснавальнікі іншых банкаў час ад часу іх умацоўваюць», - заўважыў Журавовіч.

Паводле яго словаў, сітуацыя з вяртаннем крэдытаў прыватнымі асобамі таксама «знаходзіцца цалкам у межах існуючых нарматываў». «Гэтая лічба ніколі не хаваецца. У нас зараз каля 3% праблемных крэдытаў пры нарматыве ў 5%. А міжнародная практыка дапускае 5-6%. Так што ў нас самае законапаслухмянае насельніцтва датычна банкаўскай сістэмы»,-падкрэсліў прадстаўнік Нацбанка.

Эканаміст Леанід Злотнікаў згодны з меркаваннем Пракаповіча адносна «значнай пагрозы», якая навісла над банкаўскай сістэмай краіны.

«Доля доўгатэрміновых крэдытаў камерцыйных банкаў суб’ектам гаспадарання павялічылася, у той час як пасівы банкаў у асноўным кароткатэрміновыя. Парушэнне прапорцыі паміж доўгатэрміновымі і кароткатэрміновымі дэпазітамі і крэдытамі стварае напружанасць», — гаворыць эксперт.

На яго думку, імкненне ўрада любым чынам разгрузіць склады тоіць у сабе негатыўныя наступствы: «Каб разгрузіць склады і зарабіць валюту, частка прадукцыі прадаецца ніжэй за сабекошт. Прадпрыемствы такім чынам пазбаўляюцца абаротных сродкаў, становяцца неплацёжаздольнымі. У сваю чаргу, прыбыткі бюджэта зніжаюцца, а колькасць пралангаваных крэдытаў і крэдытаў, якія могуць стаць беззваротнымі, павялічваецца. Адбываецца той самы крызіс ліквіднасці, пра які піша Пракаповіч».

Калі ўрад будзе працягваць у такім духу, могуць пацярпець прыватныя ўкладчыкі, - папярэджвае Злотнікаў: «Праблема ў тым, што ўклады насельніцтва складаюць значную частку пасіваў банкаўскай сістэмы і з’яўляюцца крыніцамі крэдытаў. Таму калі крэдыты не вяртаюцца, церпяць шэраговыя ўкладчыкі». У такой сітуацыі, прагназуе эканаміст, дзяржава можа, напрыклад, часова абмежаваць выплату грамадзянам дэпазітаў альбо валютныя ўклады насельніцтва могуць выплочвацца ў нацыянальнай валюце.

Варта ўзгадаць, што летам 2008 года Аляксандр Лукашэнка падпісаў закон «Аб гарантаваным пакрыцці банкаўскіх укладаў», згодна з якім усе грамадзяне краіны змогуць атрымаць стоадсоткавую кампенсацыю ўкладаў у выпадку адклікання ліцэнзіі ў любога беларускага банка. Кампенсацыя не павінна залежыць ад валюты ўклада, а яго максімальны памер складае 5 тысяч еўра. Для забеспячэння страхавання дэпазітаў грамадзян створана агенцтва па кампенасцыі банкаўскіх укладаў. Аднак, як адзначае Леанід Злотнікаў, гэта агентцва пакуль не паспела назбіраць дастатковую суму. А неплацёжаздольнасць некаторых банкаў можа настаць ужо найбліжэшым часам.

Калі ў адносінах пагроз банкаўскай сістэме меркаванні аналітыках разыходзяцца, то ў адным яны згодныя: службовая перапіска Пракаповіча з Сідорскім, якая стала здабыткам галоснасці, сведчыць пра крызіс улады. Відавочна, што банкі не жадаюць крэдытаваць стратныя прадпрыемствы, а прадпрыемствы без новых крэдытаў не могуць забяспечыць выкананне паказчыкаў, якія даводзіць да іх Саўмін.

Ва ўмовах сур’ёзнага эканамічнага крызіса адсутнасць адзінства пазіцый у ключавых чыноўнікаў ні да чаго добрага не давядзе, адзначаюць эксперты.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках