24 лiстапада 2024, Нядзеля, 16:38
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Палатка» зноў адмовіла ў акрэдытацыі журналістцы «Народнай волі»

1

Журналістцы незалежнага выдання «Народная воля» Марыне Коктыш у чарговы раз адмовіла ў акрэдытацыі «палата прадстаўнікоў» «нацыянальнага сходу».

Рэдакцыя газеты збіраецца падаць у суд скаргу на дзеянні «палаты прадстаўнікоў».

Ліст за подпісам намесніка начальніка сакратарыяту «палаты прадстаўнікоў» Скарыніна, датаваны 31-м снежня, рэдакцыя атрымала 5 студзеня. У адказе паведамлялася, што заяўку наконт акрэдытацыі Марыны Коктыш перадалі «адпаведным службам», якія вырашылі адмовіць журналістцы ў доступе «на тэрыторыю адміністратыўнага комплексу «Савецкая, 11» (адрас Дома ўрада).

«Што за службы разглядалі нашу заяўку — невядома. Раней у нашай перапісцы з «палатай прадстаўнікоў» згадвалася Служба бяспекі прэзідэнта. Як бы там ні было, акрэдытацыі ў мяне па-ранейшаму няма», — зазначыла ў гутарцы з прэс-службай БАЖ Марына Коктыш.

Намеснік старшыні РГА «Беларускі Хельсінкскі Камітэт» Гары Паганяйла лічыць, што ў адказе з «палаты прадстаўнікоў» ёсць парушэнні дзейнага заканадаўства, якія даюць падставы для звароту ў суд.

«Справа ў тым, што менавіта «палата прадстаўнікоў» павінная вырашаць пытанні акрэдытацыі пры ёй журналістаў. Таму рашэнні, прынятыя па-за гэтай установай, наўрад ці законныя. Як бы яны ні спасылаліся на тое, што будынак парламента знаходзіцца ў веданні Упраўлення справамі прэзідэнта, што адпаведныя службы бяспекі ажыццяўляюць яго ахову і г.д., — гэта ўсё праявы неправавой дзяржавы. Мы ж будзем дзейнічаць у адпаведнасці з Канстытуцыяй і з законамі, прынятымі на яе аснове. А яны гарантуюць нам магчымасць у выпадку парушэння правоў журналіста звяртацца ў суд», — падкрэсліў Гары Паганяйла ў гутарцы з прэс-службай БАЖ.

Нагадаем, увосень 2007 года рэдакцыя «Народнай волі» звярнулася ў “палату прадстаўнікоў” з просьбай акрэдытаваць пры ёй сваю карэспандэнтку Марыну Коктыш. Нягледзячы на тое, што журналістка была акрэдытаваная там на працягу некалькіх апошніх гадоў, гэтым разам ёй без тлумачэння прычын адмовілі. На запыт адносна матываў такога рашэння ў «палаты прадстаўнікоў» журналістам патлумачылі, што за ім стаіць Служба бяспекі прэзідэнта.

Зварот рэдакцыі да Службы бяспекі выніку не даў. Пасля гэтага «Народная воля» і Марына Коктыш вырашылі абараняць свае прафесійныя правы праз суд і накіравалі скаргі ­на дзеянні «палаты прадстаўнікоў» і Службы бяспекі.

У чэрвені суд Маскоўскага раёна вырашыў, што ў журналісткі і ў рэдакцыі нібыта адсутнічае права на зварот у суд, і адмовіўся разглядаць скаргі.

Калегія Мінскага гарадскога суда, дзе прадстаўнікі «Народнай волі» спрабавалі абскардзіць гэтае рашэнне, пакінула яго ў сіле.

Нагадаем, улады на жорсткіх эканамічных і юрыдычных ўмовах дазволілі вярнуцца ў дзяржаўны распаўсюд незалежным газетам «Наша Ніва» і «Народная воля».

Застаецца абмежаваным распаўсюд выданняў «Новы час», «СНплюс. Свободные новости плюс» (падпіска), «Товарищ», «Витебский курьер-М», «Вольнае Глыбокае», «Газета Слонімская», «Ганцавіцкі час», «Intex-press» (Баранавічы), «Газета для вас», «Бабруйскі кур’ер».

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках