Алесь Бяляцкі: Ссылкі ў войска моладзевых актывістаў - гэта палітычны перасьлед
5- 12.01.2009, 9:41
Праваабаронцы заяўляюць, што ў Беларусі «адраджаецца практыка выкарыстаньня войска ў мэтах ізаляцыі і ціску на грамадзкіх і палітычных актывістаў».
Лідэр «Моладзі БНФ» Франак Вячорка знаходзіцца ў менскім вайсковым шпіталі, куды ён быў гвалтоўна дастаўлены 8 студзеня, у тым сама аддзяленьні і ў той сама палаце, дзе раней ляжалі былы кіраўнік моладзевага крыла Партыі БНФ «Моладзь БНФ» Алесь Каліта і сябра Партыі БНФ Зьміцер Жалезьнічэнка, якія ўжо служаць у войску, паведамляе «Радыё Свабода».
«На тым самым ложку і ў тым жа пакоі, дзе год таму ляжаў Жалезьнічэнка. Я лячуся ў тых жа дактароў, якія іх абсьледавалі. То бок, гэта мяне прымушае думаць пра тое, што тут адзін сцэнарыст, адзін і той сцэнар заплянаваны для ўсіх. І пытаньне адно: ці сыграе ролю сумленьне і ці сыграе ролю так званая лібэралізацыя і паляпшэньне стасункаў з Эўропай. На дадзены момант абсьледаваньне паказвае, што яны ўзяліся сур’ёзна, яны ўзяліся мяне “валіць” і, нягледзячы на хваробы, забіраць у войска», - кажа лідэр «Моладзі БНФ».
Франак Вячорка пісаў скаргу на імя гарадзкога ваенкома, каб яму патлумачылі прычыну скарачэньня адтэрміноўкі ад службы ў войску на тры з паловай месяцы. Ён таксама патрабаваў накіраваць яго на абсьледаваньне ў звычайным парадку.
«Накіравалі мяне ігнаруючы раённую мэдычную камісію, ігнаруючы шпіталі, куды я мусіў быць накіраваны, адразу ў вайсковую рэспубліканскую бальніцу, якая зьяўляецца апошняй інстанцыяй, якая зьяўляецца ў прамым падначаленьні міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь. Мяне абсьледавалі ўчора восем аддзяленьняў, лекараў, узялі ўсялякія аналізы. І яны не шукаюць хваробы, а шукаюць, што “у норме», - зазначае ён.
Нагадаем, 8 студзеня Франка Вячорку затрымалі ў мястэчку Ракаў: міліцыянты ўварваліся ў прыватнае жыльлё, дзе ён гасьцяваў. Актывіста адвезьлі ў Савецкі ваенкамат Менску. Там было дамоўлена, што Франак зьявіцца на абсьледаваньне па позьве а 9-й раніцы наступнага дня. Але на выхадзе з ваенкамату хлапца арыштавалі супрацоўнікі міліцыі і спэцслужбаў і гвалтоўна адвезьлі ў шпіталь. Усё гэта здымалі тэлекамэры.
«Калі мяне прывозілі ў шпіталь, сустракаў той жа чалавек, які мяне затрымліваў мінулы раз і які, верагодна, са службы бясьпекі прэзыдэнта. Менавіта ён, чалавек без імя і без званьня, аддаваў загады ваенкому. Канвоем зь дзьвюх машын мяне завезьлі ў лякарню. Заканадаўствам тут ня пахне. Тут усе кіруюцца загадам. А загад сыходзіць з самага верху», - перакананы лідэр «Моладзі БНФ».
Праваабаронца Алесь Бяляцкі зазначае, што традыцыя ссылкі ў войска моладзевых актывістаў цягнецца яшчэ з царскіх часоў.
«І зараз беларускія ўлады яе, фактычна, перахапілі. Гэта абсалютна выпрацаваная тактыка беларускіх спэцслужбаў. Сытуацыя з Франакам Вячоркам, Алесем Калітой найбольш абуральныя, бо напачатку мэдычныя камісіі на раённым узроўні вызвалялі іх ад вайсковай службы на падставе здароўя. Тым ня менш, настойлівыя ўказаньні спэцслужбаў прыводзяць да фактычнага перагляду мэдычных рашэньняў раённых камісій. Гэта адбываецца ў вайсковым шпіталі. Гэта палітычны перасьлед праз неўласьцівыя для войска жандармскія функцыі», - лічыць Алесь Бяляцкі.
У заяве праваабарончага цэнтру «Вясна» гаворыцца пра «арганізаваны спэцслужбамі прызыў на тэрміновую вайсковую службу» сяброў Партыі БНФ Зьмітра Жалезьнічэнкі, Віталя Каратыша, Алеся Каліты, а таксама спробы прызыву лідэра “Моладзі БНФ” Франака Вячоркі, актывістаў арганізацыі «Малады фронт» Івана Шылы, Зьмітра Хведарука, актывіста грамадзянскай кампаніі «Эўрапейская Беларусь» Паўла Кур’яновіча, моладзевых актывістаў Фёдара Чаранкова, Паўла Батуева, Арцёма Забарына, Алеся Круткіна, асуджанага па «справе 14-ці» актывіста Ўладзімера Сяргеева, а таксама студэнтаў, якія вучацца за межамі Беларусі па праграме Кастуся Каліноўскага і ў Эўрапейскім гуманітарным унівэрсытэце.
Праваабарончы цэнтар «Вясна» зазначае, што «няма ніякіх падставаў давяраць дакладнасьці і праўдзівасьці мэдычных заключэньняў, якія выносяцца мэдыкамі пад відавочным ціскам спэцслужбаў».
Праваабарончы цэнтар «Вясна» расцэньвае падобныя дзеяньні спэцслужбаў у дачыненьні да моладзевых актывістаў, як палітычна матываваны перасьлед, выкарыстаньне Узброеных сілаў у мэтах барацьбы з іншадумцамі ў краіне.