29 снежня 2024, Нядзеля, 23:25
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Павал Севярынец: «Апазіцыя аб’явіць байкот такім псеўдавыбарам»

1

«Пакуль няма ніводнага намёку, што ўлада рыхтуе свабодныя выбары», -- заявіў лідэр хрысціянскіх дэмакратаў Павал Севярынец.

Интэрв’ю з палітыкам прагучала ў эфіры “Еўрарадыё”.

-- У той час, калі камуністы і нацыянал-патрыёты аб’ядналіся ў “адзіны спіс” каб ісці на “выбары” падаецца дзіўным, што адны апазіцыянеры на “выбары” ідуць разам, другія асобна, трэція ўвогуле выбары байкатуюць. Ці не павінна была б апазіцыя, калі яе асноўная мэта барацьба з кіруючым рэжымам, аб’яднацца, выпрацаваць агульную платформу дзеянняў і яе прытрымлівацца?

-- Безумоўна, апазіцыя мусіла б выпрацаваць адзіны план. Я не выключаю, што па меры набліжэння даты так званых выбараў такі адзіны план тым ці іншым чынам рэалізуецца. І думаю, што гэта будзе за 5 дзён да 28 верасня, калі пачнецца масавы выган людзей на датэрміновае галасаванне і пачнуцца фальсіфікацыі. Думаю, тады апазіцыя аб’явіць байкот такім псеўдавыбарам. Мы, хрысціянскія дэмакраты, я хачу расставіць усе кропкі над “і”, хаця і не ўваходзім фармальна ў АДС, але ўдзельнічаем ў адзіным спісе, маем там 7 акругаў са 110, усе нашы кандыдаты ўжо падалі дакументы на рэгістрацыю, 5 з іх ужо атрымалі пасведчанні і працуюць, мы будзем праводзім выбарчую кампанію. Але мы не будзем заклікаць людзей ісці галасаваць на “выбары” да таго часу, пакуль не стане ясна, што “выбары” свабодныя. Пакуль няма ніводнага намёку, што ўлада рыхтуе свабодныя выбары. Мы будзем казаць людзям: “На выбарах вас падмануць. Таму не ідзіце на выбары, ідзіце на нашы мерапрыемствы, ведайце, што выбары фальсіфікуюцца, і прымайце ўдзел у супольных акцыях пратэсту. План, які ў нас распрацаваны на апошнія дні выбарчай кампаніі, будзе ўлічваць ступень дэмакратызацыі, на якую згодна ўлада дзеля лігітымізацыі “палаты прадстаўнікоў”. Іншымі словамі - калі патрэба прарыву ў Еўропу будзе такой, што галасы будуць лічыць, я ў гэта мала веру, але такое магчыма, тады мы зможам удзельнічаць у такой кампаніі. Калі ж пачнецца ўсё па старым сцэнары, і гэта найбольш верагодны варыянт, тады за 5 дзён да галасавання будзем заклікаць усіх кандыдатаў ад АДС здымаць свае кандыдатуры і байкатаваць выбары”.

-- Апазіцыя збіраецца байкатаваць “выбары”, калі адчуе падман з боку ўладаў. А Гайдукевіч ужо заявіў, што ніхто з ЛДПБ балатавацца не будзе. Можа пакуль звычайная апазіцыя чакае, што будзе, лібералы адчулі, што лавіць няма чаго і вырашылі не ганьбіцца. Не баіцеся спазніцца з байкотам і страціць твар?

-- У маім разуменні ўдзел і роля Гайдукевіча ў выбарах нават не вартыя самастойнага аналізу. Можа нават, што гэта нейкі сігнал, з дапамогай якога ўлада хоча нешта паказаць альбо Захаду, альбо апазіцыі. Але Гайдукевіч ужо столькі разоў гэтую пазіцыю мяняў, што рабіць сур’ёзныя высновы з любога яго кроку я б не стаў. У нас ёсць цвёрдая пазіцыя: будуць лічыць галасы, будзе адносная свабода ў сродках масавай інфармацыі і хаця б адносная роўнасць, дэклараваная законам, у дачыненні да розных кандыдатаў - гэта выбары і ў іх можна ісці да канца. Будуць рэпрэсіі, будзе падман, будзе махлярства - будзе байкот. На апошняй стадыі - калі мы вычарпаем магчымасці кампаніі. Для нас важна папрацаваць з людзьмі.

-- Скарыстаўшыся выбухам 3 ліпеня ўлады распачалі татальны ўціск на апазіцыю, ёсць людзі якія пацярпелі на працы з-за таго, што аб’явілі аб сваім жаданні балатавацца ў якасці кандыдатаў у дэпутаты. Вось вам і рэпрэсіі. Ці не час аб’яўляць байкот?

-- Пакуль што ўлада дэманструе, што ісці на сапраўдную лібералізацыю не збіраецца. Але гісторыя з рэгістрацыяй кандыдатаў, якія дапусцілі памылкі ў сваіх спісах, гэта тычыцца і кандыдатаў ад АДС, і кандыдатаў ад “Еўрапейскай кааліцыі”, паказвае, што ўладзе любым коштам лігітымізацыя патрэбна. Яны рэгіструюць гэтых кандыдатаў. Тут ёсць элементы гульні - улады спрабуюць даць пернік: “Вось вам свабода на “выбарах”!”, але пастаянна пагражаюць і шчоўкаюць пугай рэпрэсій. І думаю, што яшчэ павінны прайсці пару тыдняў, перш, чым мы зможам даць канкрэтны адказ на пытанне: “Ці ўлады сапраўды гатовы саступіць пад ціскам Захаду, ці яны ў чарговы раз падманваюць?”

-- Уявім, што 10 апазіцыянераў сталі дэпутатамі. Што яны могуць зрабіць супраць 100 астатніх?

-- 10 супраць 100 гэта вялікая сіла. Гэта людзі, з якім будзе працаваць Захад, на якіх будзе арыентавацца апазіцыя. Якія будуць мець дэпутацкі імунітэт, а значыць - арганізоўваць нейкія акцыі пратэсту і нейкія мерапрыемствы. 10 прадстаўнікоў апазіцыі гэта, магчыма, рэальны варыянт для сённяшніх раскладаў, калі б адбываліся свабодныя выбары, але, мяркую, Лукашэнка пабаіцца ісці на такі крок, як прызнанне перамогі 10, 15, 20 апазіцыянераў.

-- Прагнозы, усё ж, больш песімістычныя?

-- Пакуль што выглядае на тое, што ідзе гульня, спроба абдурыць Еўропу. Здаецца, нейкія перамены, але кардынальна не мяняецца нічога. Загады не чапаць апазіцыю, даць свабодны эфір не было. Гэта можна сказаць па дзеяннях выбарчых камісій і карных органаў.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках