24 лiстапада 2024, Нядзеля, 0:07
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Андрэй Саннікаў: Гэта здрада ідэалам «Салідарнасці»

27
Андрэй Саннікаў: Гэта здрада ідэалам «Салідарнасці»

"Няма нічога новага ў пазіцыі польскай дыпламатыі. Доўгі час лінія на прызнанне рэжыму Лукашэнкі вялася канфідэнцыйна, а сёння, падобна, было прынята рашэнне заявіць пра яе голасна. Калі паведамленне пра новыя падыходы Польшчы да сітуацыі ў Беларусі праўдзівае, то інакш як здрадай ідэалам "Салідарнасці" гэта назваць нельга" , -- заявіў міжнародны каардынатар Хартыі'97, адзін з лідэраў грамадзянскай кампаніі "Еўрапейская Беларусь" Андрэй Саннікаў.

"Палякі добра ведаюць, наколькі эфектыўная была сістэма міжнароднай салідарнасці ў цяжкія для Польшчы часы, і мы добра памятаем, што без падтрымкі змагароў за волю і міжнароднага ціску на польскія камуністычныя ўлады, гэтая краіна не змагла б так хутка вярнуцца ў Еўропу і стаць паўнапраўным сябрам Еўразвяза. І тое, што сёння сваім сяброўствам ў ЕЗ Польшча будзе карыстацца для паслаблення падтрымкі дэмакратычных сілаў Беларусі, можа выклікаць толькі здзіўленне і шкадаванне. Баюся, што бізнэс-інтарэсы польскага кіраўніцтва могуць узяць верх над меркаваннямі маралі і салідарнасці", -- адзначыў Саннікаў.

Пры гэтым палітык выказаў здзіўленне з таго факту, што польскія ўлады пабачылі з боку беларускіх уладаў нейкія сігналы аб гатовасці ісці насустрач Еўропе ў пытанні захавання правоў чалавека.

"Як можна казаць пра нейкія станоўчыя сігналы ад беларускіх уладаў, калі сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі пагаршаецца на вачах? У турмах застаюцца палітвязні, справы выкрадзеных лідэраў апазіцыі не разглядаюцца, рэпрэсіі супраць грамадзянскай супольнасці ўзмацняюцца, а беларускія ўлады склалі спіс невыязных актывістаў дэмакратычнага руху. Як можна бачыць станоўчыя сігналы ў прынятым у другім чытанні "палаткай" Законе аб СМІ, скіраваным на тое, каб цалкам знішчыць вольнае слова ў Беларусі?", -- задаецца пытаннем адзін з лідэраў "Еўрапейскай Беларусі".

Саннікаў адзначае, што здыманне санкцыяў адносна беларускіх чыноўнікаў можна здзейсніць пры выкананні імі простых умоваў.

"Няўжо Польшча абрала час для абвяшчэння сваіх новых падыходаў менавіта ў той момант, калі беларускія ўлады свядома распальваюць канфлікт са Злучанымі Штатамі з прычыны ўведзеных тымі санкцыяў за парушэнне правоў чалавека? Еўрапейскі Звяз сур'ёзных санкцыяў адносна Беларусі не ўводзіў. Усе магчымасці для паляпшэння адносінаў з Еўропай для беларускіх уладаў адчыненыя. Здыманне персанальных санкцыяў адносна некаторых беларускіх чыноўнікаў таксама лёгка здзейсніць пры выкананні вельмі простых умоваў - вызвалення палітвязняў і спынення палітычных рэпрэсіяў. Гэта і былі б тыя сігналы, на якія можна зважаць дэмакратычным дзяржавам. А верыць абяцанням прадстаўнікоў дыктатарскага рэжыму -- гэта верх наіўнасці. Польшчы не выпадае забываць пра тое, што ў краінах Лацінскай Амерыкі, Афрыкі, супраць якіх не ўводзілася ніякіх абмежавальных захадаў з-за парушэння правоў чалавека, лік забітых, выкрадзеных і кінутых у турмы супернікаў рэжымаў ідзе на тысячы", -- адзначыў Саннікаў.

"Падобныя дзеянні Польшчы значылі б падтрымку беларускаму рэжыму, а не незалежнасці Беларусі, як любяць сцвярджаць некаторыя афіцыйныя прадстаўнікі Польшчы. Гэта значна саслабляе пазіцыю дэмакратычных сілаў у перадвыбарны перыяд і значна ўзмацняе магчымасці ўладаў для гандлю з Еўропай на шкоду правам чалавека ў Беларусі", -- падсумаваў палітык.

Нагадаем, што ўчора расейская газета "Новые известия" паведаміла, што польскія дыпламаты, якія працуюць у Брусэлі, імкнуцца пераканаць сваіх калегаў па ЕЗ зняць ці прынамсі значна саслабіць палітычныя і эканамічныя санкцыі супраць дыктатуры Лукашэнкі. Іх галоўны довад - якія-небудзь абмежавальныя захады супраць Менска не маюць плёну, а задача нумар адзін - "вырваць Беларусь з рук Масквы". Польскія СМІ шмат пішуць пра сігналы з адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі пра тое, што "цяперашняе кіраўніцтва Беларусі дзеля супрацоўніцтва з ЕЗ гатова ісці на саступкі і ў большай ступені захоўваць правы чалавека". Як заявіў "Новым Известиям" адзін з супрацоўнікаў польскага МЗС, "пасля падвышэння Расеяй коштаў на газ і нафту для Беларусі, эканамічная сітуацыя там настолькі пагоршылася, што Лукашэнка мае катастрафічную патрэбу ў заходніх крэдытах, каб купляць на іх расейскія энерганосьбіты. І выдатна разумее, што толькі ўзнаўленне беларускага экспарту ў ЕЗ дапаможа яму захаваць сваю ўладу".

Напісаць каментар 27

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках