Беларускую ўласнасць прададуць арабскім шэйхам?
13- 22.05.2008, 10:05
Нядаўна Аляксандр Лукашэнка заявіў, што неўзабаве беларускі рынак можа стаць меней дасяжным для еўрапейскіх інвестараў, паколькі Беларусь знаходзіцца "перад умяшаннем" усходняга капіталу.
Дык калі чакаць беларусам умяшання ўсходняга капіталу і ці трэба ім гэта, каментуюць эксперты "Завтра твоей страны".
-- Агулам кажучы, беларусы могуць застацца ў дурнях, таму што Беларусі трэба размеркаваць у найбліжэйшыя 5-7 гадоў уласнасць на 130 мільярдаў даляраў, -- сцвярджае кіраўнік Аналітычнага цэнтра "Стратэгія" Леанід Заіка. - Цяпер гэтую ўласнасць можна купіць за 20 тысяч даляраў, а праз 4-5 гадоў з гэтага атрымаецца мільён, гэта значыць капіталізацыя можа ўзняцца ў 10, 20 ці нават у 50 разоў, калі зыходзіць з расейскага досведу. Так што цалкам лагічна, што ва ўсходніх інвестараў можа паўстаць жаданне адхапіць шматок беларускай уласнасці. Бо ў Расеі, Украіне, Славаччыне ўжо ўсё расхапалі. А на гэтым кавалку сядзіць Аляксандр Рыгоравіч і кажа пра ўмяшанне ўсходніх інвестараў.
На думку эканаміста, лепш аддаць гэтую ўласнасць сваім грамадзянам, якія на яе шмат гадоў працавалі і стварылі ўсё, што ёсць у Беларусі.
-- Прадпрыемствы, заводы, фабрыкі, трубы -- усё гэта створана людзьмі, якія працавалі ў 1970-80-х гадах, -- лічыць аналітык. – Цяпер яны пенсіянеры, атрымліваюць 180 даляраў і ім прапаноўваюць толькі паназіраць, як фактычна іх уласнасць будуць забіраць. Што з гэтага вынікае? Альбо ва ўладзе - дурні, якія будуць прадаваць і раздаваць гэтую ўласнасць арабам, а насельніцтва застанецца ў якасці наймітаў, альбо ўсё ж такі беларускае кіраўніцтва зладзіць рэферэндум і ўвядзе законы на карысць самім беларусам.
Леанід Заіка прапаноўвае прадаваць уласнасць, перадусім, сваім грамадзянам, а ўсю выручку (або прынамсі 80% ад яе), атрыманую ад гэтага продажу, скіраваць у пенсійны фонд.
-- Такі пенсійны фонд мог бы быць створаны як аснова той уласнасці, якая была створана грамадзянамі Беларусі, -- мяркуе кіраўнік "Стратэгіі". Ён не лічыць, што краіне патрэбны непальскія, сірыйскія альбо эмірацкія капіталісты, да якіх беларусам давядзецца наймацца на працу.
-- Трэба ад пачатку зразумець, хто перад чым стаіць, таму што ад такіх выказванняў складваецца ўражанне, што ўсё 24 тысячы арабскіх шэйхаў устаюць у чэргі і хочуць укласці сюды свае рэсурсы, - кажа кіраўнік Даследчага цэнтра Мізэса Яраслаў Раманчук. - Гэта ўсё "разводкі" чалавека, які хацеў бы надбіць сабе кошт. Арабскія, кітайскія і індыйскія прадпрымальнікі даўно працуюць па цвёрдых правілах, прынятым у свеце. Лукашэнка разумее, што арабскі капітал не мадэрнізуе эканоміку, каб яна была канкурэнтнай на тых рынках, на якія ён імкнецца. Так што яго заявы -- гэтыя стандартныя паводзіны чалавека, які хацеў бы прадаць як даражэй, хацеў бы, каб былі прыбраны выказаныя Еўразвязам патрабаванні.
Яраслаў Раманчук нагадвае, што год таму падчас візіту беларускага прэзідэнта ў Аб'яднаныя Арабскія Эміраты Беларусі абяцалі пабудаваць Абу-Дабі. Ладзіліся візіты і ў іншыя краіны.
-- Але нават з Кітаем, сяброўства з якім мы дэкларуем даволі даўно, адмысловых камерцыйных сувязяў, сумесных праектаў, якімі можна было б пахваліцца, няма, -- адзначае эксперт "Завтра твоей страны". -- Таму, я мяркую, гэта пэўны картачны блеф, пра які ведаюць усе, хто гуляе ў такія гульні.