24 лiстапада 2024, Нядзеля, 15:40
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Амбасадарка ЗША ў Беларусі адкліканая ў Вашынгтон

24
Амбасадарка ЗША ў Беларусі адкліканая ў Вашынгтон

Злучаныя Штаты прынялі рашэнне адклікаць амбасадарку Карэн Сцюарт для "кароткачасовых кансультацый". Пра гэта яна паведаміла раніцай 12 сакавіка на сустрэчы з прадстаўнікамі дэмакратычных сілаў Беларусі. «Палітыка ЗША ў дачыненні беларускага рэжыму застанецца нязменнай», – сказала Карэн Сцюарт падчас сустрэчы.

Амбасадарка выказала надзею, што будзе адсутнічаць некалькі тыдняў, але не больш, і ў гэтым звязку рэжым працы Амбасады ЗША ў Менску не зменіцца.

Карэн Сцюарт не выключыла, што яе маршрут у Вашынгтон пройдзе праз Брусэль.

7 сакавіка ўлады Беларусі рэкамендавалі амбасадару ЗША пакінуць краіну ў сувязі з санкцыямі Дзярждэпартамента ў дачыненні «Белнафтахіма». Беларусь у сувязі з гэтым таксама адклікала ў Менск амбасадара ў ЗША Міхаіла Хвастова для кансультацый.

13 лістапада 2007 года адміністрацыя ЗША ўвяла санкцыі ў дачыненні беларускага дзяржаўнага канцэрна «Белнафтахім». Амерыканскі Мінфін замарозіў банкаўскія рахункі канцэрна, якія знаходзяцца пад юрысдыкцыяй ЗША, і яго прадстаўніцтваў у Нямеччыне, Латвіі, Украіне, Расеі і Кітаі, а таксама рахункі даччынай амерыканскай кампаніі Belneftekhim USA Inc.

Пасля ўвядзення санкцый Аляксандр Лукашэнка прыстрашыў высыланнем амбасадару ЗША Карэн Сцюарт, абвастрыўшы і без таго вельмі нацягнутыя стасункі з Вашынгтонам, які назваў яго "апошнім дыктатарам Еўропы".

«Яна будзе вышпурнутая першай, – заявіў Лукашэнка 30 снежня, маючы на ўвазе амбасадарку, – Ходзіць па апазіцыйных тусоўках і заяўляе пра магчымасць увядзення санкцый у дачыненні Беларусі».

7 сакавіка 2008 года Міністэрства фінансаў ЗША, растлумачыўшы ўведзеныя ўвосень 2007 года санкцыі супраць канцэрна «Белнафтахім», фактычна пашырыла іх ужыванне ў дачыненні ўсіх беларускіх прадпрыемстваў нафтахімічнага комплексу з доляй дзяржавы ў 50% і больш працэнтаў.

Да публікацыі гэтага тлумачэння санкцыі закранулі толькі прадстаўніцтва канцэрна і шэраг яго замежных дачок.

«Грамадзяне ЗША, хто падтрымлівае або наладжвае дзелавыя стасункі з суб'ектамі, у якіх Белнафтахім валодае непасрэдна або ўскосна доляй у 50% і больш, павінны ўлічваць, што ўласнасць такіх суб'ектаў і інтарэсы ў іх будуць блакаваныя...» – гаворыцца ў тлумачэнні.

Пад санкцыі падпадае нават ЗАТ «Беларуская калійная кампанія», у якой роўна 50% належыць беларускай дзяржаве.

Белы дом назваў рашэнне ўлад Беларусі выправадзіць амбасадара ЗША ў Беларусі неабгрунтаваным і заявіў, што гэта можа прывесці да далейшай ізаляцыі краіны ў свеце. У заяве адзначалася, што дзеянні Менска "яшчэ больш дыстанцуюць Беларусь ад Еўропы і астатняга свету".

Прычына ўвядзення санкцый з боку ЗША – адмова ўлад Беларусі вызваліць палітвязняў. Сёння ў зняволенні знаходзяцца экс-кандыдат у прэзідэнты Беларусі Аляксандр Казулін, моладзевы лідэр Андрэй Кім і лідэр прадпрымальнікаў Сяргей Парсюкевіч.

«Мы глыбока расчараваныя тым, што ўрад Беларусі прыняў такое рашэнне і высунуў такія абвінавачванні, – заявіў прэс-сакратар Дзярждэпартамента ЗША Том Кейсі. – На мінулым тыдні мы высока ацанілі факт вызвалення некаторых палітвязняў і адзначылі, што, калі беларускі ўрад вызваліць апошніх палітвязняў, асабліва спадара Казуліна, мы змаглі б пачаць дыялог пра тое, як палепшыць нашы стасункі. Але, шчыра кажучы, калі беларускі ўрад хоча шкодзіць самому сабе, то ён мае права гэта рабіць», – падагульніў Т.Кейсі.

Намеснік дзяржсакратара ЗША па пытаннях дэмакратыі, правоў чалавека і працы Дэвід Крамер таксама заявіў учора ў інтэрв'ю БелаПАН, што прычына ўвядзення санкцыі супраць беларускага рэжыму – «нежаданне беларускага ўрада вызваліць Аляксандра Казуліна».

Напісаць каментар 24

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках