24 лiстапада 2024, Нядзеля, 12:34
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Міністр эканомікі: «Сітуацыя вельмі складаная і цяжкапрадказальная»

32

Міністр эканомікі Беларусі Мікалай Зайчанка прагназуе зніжэнне тэмпаў росту ВУП Беларусі.

"З улікам негатыўных уплываў сусветнага фінансавага эканамічнага крызісу прырост ВУП у першым квартале 2009 года чакаецца на ўзроўні 5%, па выніках першага паўгоддзя ён можа скласці 7%", - заявіў М.Зайчанка, выступаючы на паседжанні Савета міністраў, дзе разглядаліся перспектывы развіцця беларускай эканомікі ва ўмовах сусветнага эканамічнага крызісу.

Міністр таксама паведаміў, што ў I квартале чакаецца зніжэнне экспарту тавараў і паслугаў на 9,5% у параўнанні з I кварталам 2008 года, зніжэнне імпарту ацэньваецца на ўзроўні 11,5%. Пры гэтым міністр падкрэсліў, што гэты прагноз знешняга гандлю зроблены з улікам захавання фізічных аб'ёмаў экспарту (за выключэннем калійных угнаенняў) і імпарту на ўзроўні I квартала 2008 года і захавання лістападаўскіх коштаў на асноўныя экспартаваныя і імпартаваныя тавары.

Па ацэнцы Мінэканомікі, аб'ём інвестыцыяў у асноўны капітал па выніках I квартала 2009 года можа вырасці толькі на 4%, па выніках першага паўгоддзя 2009 года - на 10%.

У сувязі з гэтым Мінэканомікі Беларусі ўносіць ва ўрад прапанову па карэктоўцы прагнозу сацыяльна- эканамічнага развіцця на 2009 год, які прадугледжваў рост ВУП на 10-12%.

М.Зайчанка патлумачыў, што прынцыповай асаблівасцю гэтай ініцыятывы з'яўляецца магчымасць выканання раней зацверджанага гадавога прагнозу росту эканомікі, у выпадку спынення рэцэсійных працэсаў у краінах, якія з'яўляюцца асноўнымі гандлёвымі партнёрамі Беларусі. Пры гэтым прапаноўваецца на гэтым этапе зацвердзіць паквартальныя мэтавыя заданні па росце эканомікі толькі на I і II кварталы. З паказчыкамі другога паўгоддзя М.Зайчанка прапаноўвае вызначыцца з улікам працы эканомікі ў I квартале.

"Узровень нявызначанасці сёння вельмі-вельмі высокі, сітуацыя вельмі складаная і цяжкапрадказальная", - падкрэсліў міністр.

Сідорскі прызнаўся: Крызіс узмацняецца

«На жаль, крызіс захоплівае ўсё больш дзяржаваў, і яго ўплыў на эканоміку Беларусі ўзмацняецца, улічваючы, што наша эканоміка экспартаарыентаваная, крызіс уплывае на базавыя галіны», - сказаў прэм'ер-міністр на паседжанні «савета міністраў».

Паводле яго словаў, першачарговымі антыкрызіснымі мерамі павінны стаць скарачэнне выдаткаў у рэальным сектары эканомікі шляхам жорсткай эканоміі рэсурсаў з адначасовым падтрыманнем канкурэнтаздольнасці беларускіх экспарцёраў на традыцыйных рынках і пошук новых рынкаў збыту беларускай прадукцыі, паведамляе «Интерфакс».

«У мэтах мінімізацыі наступстваў сусветнага крызісу распрацаваны комплекс мераў па забеспячэнні эканамічнай бяспекі», - заявіў С.Сідорскі.

У прыватнасці, прэм'ер вылучыў прынятае рашэнне па дзяржпадтрымцы банкаўскай сістэмы, рашэнне ўрада аб магчымасці фармавання экспартных коштаў, зыходзячы з кан'юнктуры рынка, і планы ўрада прыняць аналагічныя рашэнні пры рэалізацыі прадукцыі на ўнутраным рынку.

Кіраўнік урада таксама падкрэсліў неабходнасць прыняцця тэрміновых мераў па лібералізацыі эканомікі. Пры гэтым ён нагадаў, што раней задачу завяршэння гэтай працы да канца 2008 года паставіў кіраўнік краіны.

«Галоўнае на гэтым этапе - гэта практычная рэалізацыя новых ідэяў, зараз прыйшоў час хуткіх рашэнняў на ўсіх узроўнях кіравальнага звяна», - сказаў прэм'ер, звяртаючыся да кіраўнікоў дзяржорганаў.

«Зямля, уласнасць, лібералізацыя афармлення дакументаў, працы з замежнымі інвестарамі», - пазначыў С.Сідорскі прыярытэты для кіраўнікоў дзяржорганаў.

«План лібералізацыі эканомікі»

Урад Беларусі зацвердзіў план першачарговых мераў па лібералізацыі эканомікі як меру процідзеяння негатыўным наступствам сусветнага фінкрызіса, паведаміў міністр эканомікі Беларусі Мікалай Зайчанка, выступаючы на паседжанні Савета міністраў.

Паводле яго словаў, працэсы лібералізацыі эканамічных адносінаў пройдуць у сферы распараджэння дзяржмаёмасцю, рэгулявання зямельных адносінаў, спрашчэнні падатковай сістэмы, дзяржрэгістрацыі і ліквідацыі суб'ектаў гаспадарання, ліцэнзавання, коштаўтварэння, кантрольнай дзейнасці, метадалогіі бухуліку, адміністрацыйных працэдураў.

"Ужо падрыхтаваныя праекты ўказаў прэзідэнта, пастановаў урада, галіновых нарматыўных актаў. З 18 мерапрыемстваў 12 праектаў ўнесеныя ва ўрад. Астатнія 6 будуць ўнесеныя ва ўрад да 20 снежня", - сказаў міністр.

Ён таксама сцвярджае, што працэсы лібералізацыі эканомікі будуць працягнутыя і ў першым паўгоддзі 2009 года. У прыватнасці, Мінэканомікі рыхтуе комплекс мераў па развіцці сферы паслугаў, у тым ліку павелічэнні сеткі прадпрыемстваў бытавога абслугоўвання і агульнага харчавання недзяржаўнай формы ўласнасці.

Напісаць каментар 32

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках