28 снежня 2024, Субота, 0:37
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларусь чакаюць сур’ёзныя складанасьці на калійным рынку

Аб’ём беларускіх калійных угнаеньняў, якія транспартуюцца праз порт Клайпеды, у кастрычніку скараціўся аж у 5 разоў — з 250 тысяч тон да 50 тысяч тон.

Пра гэта паведаміў кіраўнік прадстаўніцтва порту ў Беларусі Артурас Гайдаўскас. Ён мяркуе, што асноўнай прычынай такога значнага скарачэньня стаў усясьветны фінансавы крызіс.

Кіраўнік аналітычнага цэнтру “Стратэгія” Леанід Заіка тлумачыць, што азначаюць калійныя ўгнаеньні для беларускага бюджэту:

“За першую палову году, калі ўсё яшчэ было добра, продаж угнаеньняў за мяжу склаў паўтара мільярда даляраў. Калі параўноўваць, дык за гэты ж час мы прадалі нафтапрадуктаў на 6 мільярдаў. Уласна кажучы, угнаеньні — гэта другая пазыцыя. Далей ужо ідуць чорныя мэталы”, -- паведаміў экспэрт для “Радыё Свабода”.

Кіраўніцтва Беларускай калійнай кампаніі афіцыйна абвясьціла, што да канца году зьбіраецца зьменшыць пастаўкі на экспарт на 200 тысяч тон. Спадара Заіку гэта ня дзівіць:

“Усё ж нармальна адбываецца, уласна кажучы. Ідзе сьцісканьне ўсясьветнай эканомікі. І два такія канкурэнтныя сэктары — нафтаздабыўны і аграрны — цяпер зьніжаюць свае паказчыкі”, -- кажа ён.

Эканаміст лічыць, што гэта толькі пачатак складанасьцяў для беларускіх калійшчыкаў. Ён прагназуе, што ў 2009 годзе і аб’ёмы, і кошты калійных угнаеньняў значна зьменшацца:

“Справа ў тым, што яны зьменшацца і ў фізычным аб’ёме, што абсалютна натуральна. Але самае сур’ёзнае, што ўжо пачалося зьніжэньне цэнаў — дзесьці абвальна, дзесьці эвалюцыйна. Але калі зьмяншэньня цэнаў на аўтамабілі можна чакаць у памеры 15—25%, то на калійныя ўгнаеньні ды іншую сыравіну яно можа дасягнуць і 40%, і нават паловы. Гэта — законы рынку”, -- упэўнены Заіка.

Эканамічная аглядальніца газэты “Белорусы і рынок” Тацяна Манёнак кажа, што да самага нядаўняга часу патрэба ў калійных угнаеньнях на ўсясьветным рынку беспрэцэдэнтна расьла. А цяпер асноўныя кампаніі, якія працуюць на гэтым рынку, у прыватнасьці — і Беларуская калійная, будуць старацца не дапусьціць рэзкага зьмяншэньня коштаў:

“Яны гатовыя на тое, каб зьнізіць аб’ёмы вытворчасьці, але каб толькі не зьмяншаць коштаў. Паглядзім, як будзе разгортвацца гэтая сытуацыя. Перад Беларускай калійнай кампаніяй стаіць надзвычай складаная задача. Усё ж мы заканадаўцы цэнавай моды на індыйскім і кітайскім рынках. Некалькі раўндаў перамоваў ужо праведзеныя. І каб цэны не зваліліся, трэба працаваць тут вельмі тонка і прафэсійна. І складана сказаць, ці ўдасца гэта зрабіць. Вельмі складана”, -- кажа эканаміст.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках