Януш Анышкевіч: «У Беларусі нешта адбываецца, але гэтага недастаткова»
1- 16.12.2008, 10:45
Тое, што ў Беларусі некалькі незалежніх газэт вярнуліся ў дзяржаўны распаўсюд – гэтага вельмі мала, цяпер Эўразьвяз чакае ад беларускіх уладаў рэальных крокаў.
Аб гэтым заявіў у інтэрв'ю "Польскаму радыё" эўрадэпутат, віцэ-старшыня камсіі па замежных справах Эўрапейскага парлямэнту Януш Анышкевіч
Уладам Беларусі засталося 4 месяцы, каб паказаць Эўразьвязу, што лібэралізацыя ў краіне – гэта не пустыя словы, а рэальныя дзеяньні. 14 красавіка Эўропа павінна паставіць ацэнку Беларусі. Добрая адзнака будзе азначаць жаданьне Эўропы працягваць дыялёг зь Менскам, а дрэнная будзе сьведчыць аб страчаным шанцы й вяртаньні да сытуацыі замарожаных стасункаў.
- На мінулым тыдні мінула роўна 2 месяцы ад моманту, калі ЭЗ прыпыніў санкцыі супраць беларускіх чыноўнікаў. Як вы ацэньваеце гэтыя два месяцы? Ці заўважылі Вы станоўчыя зьмены ў Беларусі?
- На Беларусі нешта адбываецца, але гэтага недастаткова, нават вельмі мала. Вяртаньне некалькіх газэт у распаўсюд – гэта паўкрок, але і ён важны. Цяпер мы чакаем чарговых, але ўжо рэальных крокаў. Калі ж гэтая сыстэма дакажа, што яна няздольная да зьменаў, то пасьля шасьці месяцаў мы павінны вярнуцца да ранейшых санкцыяў.
- А які Ваш прагноз? Ці варта чакаць ад Беларусі такіх крокаў?
- Спадзяюся, што Аляксандар Лукашэнка будзе старацца пайсьці насустрач чаканьням беларусаў, тым больш, што для Менску завяршаецца пэрыяд “лёгкіх грошай” у бюджэце. Таму ў інтарэсе беларусаў, як зрэшты й самога Лукашэнкі, каб такіx крокаў было найбольш. Трэба кіраваць краінай ня толькі абапіраючыся на канкрэтныя групы насельніцтва, а ў згодзе зь іншымі, маючы касэнсус у краіне.
- Чаго ў першую чаргу цяпер чакае ад Лукашэнкі Эўропа? Пра што Вы асабіста думаеце, калі гаворка ідзе пра зьмены ў Беларусі?
- Найперш трэба адмовіцца ад шэрагу абмежаваньняў падчас рэгістрацыі няўрадавых арганізацыяў і палітычных партый. Важна, каб улада ня мела права зачыніць нейкую арганізацыю па надуманай прычыне. Эўразьвяз прызначае вялікія сродкі на разьвіцьцё няўрадавых арганізацыяў, але знайсьці партнэра на Беларусі вельмі цяжка, бо яны павінны легальна працаваць на тэрыторыі Беларусі. Вельмі часта, калі такая арганізацыя пачынае навязваць кантакт з ЭЗ, улады яе зачыняюць. Пры дапамозе ЭЗ на Беларусі неабходна стварыць фонд дапамогі рэпрэсаваным асобам. Асоба, якая не баіцца адстаяць свае правы, павінна ведаць, што ў любой цяжкой сытуацыі яе падтрымліваюць ня толькі бліжэйшыя паплечнікі, але й Эўрапейскі Зьвяз.
- Неўзабаве мінае год ад уваходу Польшчы ў Шэнгенскую зону. На Вашую думку, гэта было правільнае рашэньне ці не?
- Для большасьці палякаў гэта была вельмі каштоўная зьмена, бо зьніклі межы з рэштай Эўропы. Зьявілася магчымасьць без праблемаў перакрочваць межы. Мы заплацілі за гэта высокую цану, але гэта быў наш абавязак як чальца ЭЗ. Я змагаюся за тое, каб цалкам скасаваць аплату за візу для беларусаў. Трэба паказаць беларусам, што ў той час, калі Лукашэнка прыдумвае нейкія дадатковыя аплаты й спрабуе ізаляваць Беларусь, то Эўропа адкрытая для звычайных грамадзян Беларусі. Візы скасаваць нельга, але можна зьменшыць іх кошт, а нават адмяніць аплату за іх. Думаю, што неўзабаве мы зможам дабіцца посьпеху, і цана шэнгенскіх візаў для беларусаў будзе такая сама, як і для ўкраінцаў.
- Заканчваецца 2008 год. Скажыце, калі ласка, якія падзеі ў Беларусі, на вашую думку, былі сёлета самымі важнымі?
- Станоўчым момантам было тое, што беларуская апазыцыя яшчэ існуе. Дрэнным зьяўляецца тое, што яна ніяк ня можа сапраўды аб’яднацца. Варта было б вярнуцца да формулы, якая была да выбараў у 2006 годзе, калі партыі дамовіліся аб супрацоўніцтве. Думаю, што вызваленьне палітвязьняў, а асабліва Аляксандра Казуліна, было самай важнай падзеяй гэтага году.