28 снежня 2024, Субота, 20:40
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Шклове спынены масларобны завод

4

У шклоўскім райвыканкаме кажуць, што завод спынілі дзеля рэканструкцыі. Чыноўнікі прызнаюць, што рэканструяваць завадзкое абсталяваньне вымусіла барацьба за рынкі збыту.

Вядома, аднак, што пры канцы кастрычніка чатыром прадпрыемствам Магілёўшчыны Рассельгаснагляд забараніў увозіць прадукцыю на тэрыторыю Расейскай Фэдэрацыі. Рассельгаснагляд мае прэтэнзіі да сыстэмы кантролю харчовай прадукцыі на гэтых заводах. Сярод іх — і шклоўскі масларобны завод, паведамляе “Радыё Свабода”.

Днямі міністры сельскіх гаспадарак Беларусі й Расеі дамовіліся адкласьці ўступленьне рашэньня Рассельгаснагляду ў сілу. Тым часам, паводле ўправы эканомікі магілёўскага аблвыканкаму, на складах масла- й сыраробных заводаў назапасілася шмат гатовай прадукцыі.

Чыноўнікі вінавацяць у гэтым усясьветны фінансавы крызіс. Пра пазыцыю Рассельгаснагляду ня згадваюць. Але шукаюць выйсьця са складанага становішча.

У Шклове чыноўнікі вырашылі спыніць масларобны завод. У райвыканкаме кажуць, што зроблена гэта дзеля плянавай рэканструкцыі:

“Каб сёньня канкураваць зь вядучымі прадпрыемствамі рэспублікі, мы вымушаныя памяняць асобныя вузлы й агрэгаты, каб вырабляць малочную прадукцыю, якая б адпавядала ўсясьветным стандартам”, — патлумачыў “Свабодзе” намесьнік старшыні райвыканкаму Валер Гузаў.

Паводле чыноўніка, да канца наступнага году ў Шклове плянуюць пабудаваць яшчэ адзін масларобны завод. Ён паведаміў, што расейцы, якія спачатку выказалі жаданьне інвэставаць сродкі ў будаўніцтва, цяпер зацягваюць з выкананьнем сваіх абяцаньняў.

У прыватных гутарках спэцыялісты заводу кажуць, што назапашаную прадукцыю, хутчэй за ўсё, давядзецца перапрацаваць на сухое малако.

Больш за шэсьцьдзесят працэнтаў прадукцыі шклоўскага заводу, вядомай пад брэндам “Избушка молочника — сказка продукт”, пастаўляецца на расейскі рынак.

Сутнасьць канфлікту з продажам беларускай малочнай прадукцыі ў тым, што ў Расеі ўвялі новыя стандарты.

“У адпаведнасьці з гэтымі стандартамі ў Расеі малаком называецца і пад гэтай назвай прадаецца толькі таварны прадукт, атрыманы ад даеньня кароў. Гэта нармальнае жывое малако. Гэта не субстрат распушчальны з выкарыстаньнем вады й сухога малака. Расейскі спажывец павінен піць малако сапраўднае. А бачыць у гэтым палітычнае... ну, я бачу толькі палітычнае рашэньне ў тым, што Расея бароніць свой рынак”, -- тлумачыць эканаміст Леанід Заіка.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках