26 снежня 2024, Чацвер, 7:14
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Беларусі ўшанавалі герояў Слуцкага збройнага чыну (Фота)

23 лістапада ў краіне адбыліся акцыі, прымеркаваныя да ўгодкаў Слуцкага збройнага чыну, якія ладзіла культурніцкая камісія Партыі БНФ.

Удзельнікі вандроўкі наведалі вёску Грозава, дзе фармаваўся грозаўскі полк паўстанцаў, таксама вёску Семежава, дзе адбыліся жорсткія баі паміж паўстанцамі і чырвонаармейцамі, і нарэшце вандроўка завяршылася ў Слуцку каля былога будынку палацу Вайніловіча, дзе быў абвешчаны Слуцкі збройны чын, дзе засядала Беларуская рада Случчыны, якая прыняла рашэньне змагацца за ідэалы Беларускай Народнай Рэспублікі, перадае “Радыё Свабода”.

Арганізатарам удалося правесьці не ўсе мерапрыемствы, якія былі заплянаваныя. Улады Слуцку не дазволілі правесьці мітынг ані каля музэю, ані на спартовым стадыёне. Таксама пад ціскам адміністрацыі, як паведаміў адзін з арганізатараў вандроўкі актывіст Партыі БНФ Франак Вячорка, адмовілі ў памяшканьні для дэманстрацыі фільму “Слуцкі збройны чын” бібліятэка, музэй, а таксама 2 пратэстанцкія царквы.

У Семежава і Грозава раней яшчэ грамадзкасьць усталявала два крыжы слуцкім паўстанцам і ўдзельнікі вандроўкі запалілі там зьнічы. Былі прамовы, экскурсію вёў вядомы краязнаўца і гісторык Антон Астаповіч. І каля крыжа ў Семежава актывіст Моладзі БНФ Стась Багданаў зачытаў зварот старшыні Рады БНР Івонкі Сурвілы з нагоды 88 угодкаў Слуцкага збройнага чыну.

У вёсцы Грозава ўдзельнікі вандроўкі разгарнулі бел-чырвона-белыя сьцягі і прайшлі ад Крыжа паўстанцам, ад цэнтру вёскі да маёнтку Міраеўскіх і назад. Каля аўтобусу іх ужо чакалі прадстаўнікі капыльскай міліцыі, якія загадалі не разгортваць бел-чырвона-белыя сьцягі і цікавіліся далейшым маршрутам вандроўкі.

Дарэчы, міліцыя праявіла вельмі вялікую цікавасьць да гэтай акцыі. Ужо на дарозе аўтобус спынілі супрацоўнікі Дзяржаўтаінспэкцыі, яны цікавіліся сьпісам ўдзельнікаў вандроўкі, колькасьцю і маршрутам. Калі аўтобус з удзельнікамі вандроўкі прыехаў у Слуцк, там іх ужо чакала міліцыя. Міліцыянты суправаджалі ўдзельнікаў вандроўкі, якія накіраваліся да мясцовага краязнаўчага музэю (гэта былы дом Вайніловіча), і там экскурсія завяршылася.

Супрацоўнікі міліцыі папярэдзілі мясцовых актывістаў аб адказнасьці, калі экскурсія будзе падобная на вулічную акцыю.

30 лістапада аналягічную вандроўку па мясьцінах Слуцкага збройнага чыну плянуюць правесьці актывісты беларускай сэкцыі таварыства “Мэмарыял”.

Слуцкі збройны чын, (Слуцкі збройны ўздым, Слуцкае паўстаньне) — спроба збройнай абароны незалежнасьці Беларусі ў раёне Слуцку ў лістападзе і сьнежні 1920 году. Прыкладна месяц беларускія вайсковыя аддзелы, сфармаваныя пераважна зь мясцовых сялян, адбівалі наступ савецкага войска. Aд пачатку 1990-х існуе традыцыя мэмарыяльных акцыяў да Дня герояў.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках