24 лiстапада 2024, Нядзеля, 9:43
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Ці выканае Макей дадзенае на Менскім форуме абяцанне?

3

Беларуская асацыяцыя журналістаў звярнулася да кіраўніка адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі Ўладзіміра Макея з пісьмовай просьбай «пасадзейнічаць у рашэнні праблем, звязаных з распаўсюджваннем недзяржаўнай грамадска-палітычнай прэсы».

Як паведамляе прэс-служба БАЖ, ліст падпісалі паўтара дзясятка галоўных рэдактараў беларускіх недзяржаўных СМІ. У ім журналісты падкрэсліваюць, што ў перыяд правядзення чарговай падпісной кампаніі «цэлы шэраг недзяржаўных грамадска-палітычных выданняў на прапановы аб супрацоўніцтве ізноў атрымліваюць адмовы ад РУП «Белпошта» і ад «Саюздрука».

Паміж тым, Канстытуцыя РБ гарантуе грамадзянам права на атрыманне і распаўсюджванне поўнай, праўдзівай і своечасовай інфармацыі, — падкрэсліваюць аўтары звароту. Асновай рэалізацыі дадзенага права з'яўляецца сістэма СМІ, а прадпрыемствы паштовай сувязі і сістэмы «Саюздрук» абавязаныя забяспечыць рэалізацыю гэтага права.

Тым не менш, з канца 2005 года паўтара дзясятка недзяржаўных выданняў выключаныя з дзяржаўнай сеткі распаўсюджвання па падпісцы.

«Шматлікія звароты ў абласныя філіялы РУП «Белпошта», Міністэрства сувязі і інфарматызацыі ні да чаго не прыводзяць. Беларускія суды адмаўляюцца разглядаць пазовы рэдакцый і чытачоў, трапіўшых у «чорны спіс» газет… Аналагічная сітуацыя і з продажам гэтых газет праз прадпрыемствы «Саюздрука», — канстатуюць падпісанты.

Арганізацыя нагадвае, што некаторыя недзяржаўныя выданні («Народная воля», «Таварыш» і «Віцебскі кур'ер») пазбаўленыя магчымасці друкавацца на тэрыторыі Беларусі. Праблемы з друкам і распаўсюджваннем прывялі да таго, што некаторыя газеты вымушаныя былі прыпыніць выхад.

Журналісты нагадваюць, што ў лістападзе 2006 года ўдзельнікі IX Менскага форума звярнуліся да кіраўніцтва Міністэрства сувязі і інфарматызацыі з заклікам аказаць садзейнічанне ў правядзенні перамоваў паміж РУП «Белпошта», арганізацыямі «Саюздрука» і рэдакцыямі газет, для аднаўлення адносін паміж гэтымі суб'ектамі гаспадарання.

«Нажаль, заклік прадстаўнікоў справавых кругоў Германіі і Беларусі не быў пачуты», - канстатуюць журналісты.

«Тое, што адбываецца, вымушае зрабіць выснову, што ў краіне існуе свядомая эканамічная і прававая дыскрымінацыя недзяржаўнай грамадска-палітычнай прэсы… Такія абмежаванні засноўваюцца не на законе і не могуць быць прызнаныя ў дэмакратычным грамадстве», — гаворыцца ў звароце.

ГА «БАЖ» і рэдактары шэрагу недзяржаўных СМІ заклікаюць «вярнуць сітуацыю ў прававое поле, дамагчыся спынення прававой і эканамічнай дыскрымінацыі недзяржаўных грамадска-палітычных выданняў і забяспечыць рэалізацыю канстытуцыйных правоў грамадзян РБ на атрыманне і распаўсюджванне інфармацыі і выказванне свайго меркавання».

Нагадаем таксама, што ўжо 13 лістапада гэтага года на адкрыцці XI Менскага форума новы кіраўнік адміністрацыі Лукашэнкі Ўладзімір Макей паабяцаў «пазітыўныя крокі» на медыйным рынку Беларусі.

Пасля вітальнага слова Ў.Макея да яго з пытаннем звярнуўся першы амбасадар Беларусі ў Германіі Пётр Садоўскі. «Маё пытанне простае, як тры рублі: калі мы зможам набываць «Народную Волю» у кіёсках?», — пацікавіўся ў чыноўніка П.Садоўскі. Макей вытрымаў паўзу і адказаў па-беларуску, што «пазітыўныя крокі будуць абавязкова, і яны будуць датычыцца таксама і сітуацыі на медыйным рынку».

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках