29 красавiка 2024, панядзелак, 3:32
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Не прасіце ні айфоны, ні квіткі на моры, ні золата – прасіце грошы на зубы»

63
«Не прасіце ні айфоны, ні квіткі на моры, ні золата – прасіце грошы на зубы»

Беларуска расказала, колькі выдаткавала на «эпапею» ў стаматолага.

У TikTok больш за 150 тысячаў праглядаў набрала відэа, дзе жанчына расказала, як пачала эпапею пад назвай «лячэнне зубоў». Па словах аўтара роліка, гэта «шалёна дорага». Людзі, якія паглядзелі відэа, актыўна падхапілі тэму і пакінулі больш за 800 каментароў, піша telegraf.news.

Аўтар відэа сумна пажартавала, што ведае надзейны спосаб, як схуднець – «гэта пачаць лячыць зубы»: «Па-першае, не застанецца грошай на ежу, а па-другое, ты проста не зможаш есці фізічна».

«Цяпер актыўна абмяркоўваюць шматдзетную маці, якая гаварыла, што яна выдаткавала мацярынскі капітал – а гэта блізу 10 тысячаў рублёў – на зубы, на сківіцу. І я не разумею тых людзей, якія яе асуджаюць. Яна малайчына, – разважыла жанчына.

Паводле ейных словаў, сама яна на лячэнне аднаго зуба выдаткавала 400 рублёў.

«Цяпер пачала лячыць другі. Сёння заплаціла 80 рублёў. І калі атрымаецца яго выратаваць, то – яшчэ 300. А калі не атрымаецца, то давядзецца ставіць або мост – гэта ўжо 700 рублёў, або імплант – гэта 1600. А ў мяне заробак у чатыры разы меншы», – падкрэсліла аўтарка відэа.

І падсумавала: «Дзяўчаткі, лячыце зубы! Гэта вельмі дорага. Мая парада: не прасіце ў мужоў, у хлопцаў, у сваякоў ні айфоны, ні квіткі на моры, ні золата. Прасіце грошы на зубы».

«Панапісвалі ўсякага ўсяго і налічылі 16 тыс.»

Карыстальнікі TikTok пакінулі сотні каментароў. Хтосьці адзначыў, што «за якасць на гады давядзецца плаціць». Хтосьці абурыўся: «Дзе ўзяць грошы?!»

Многія падзяліліся асабістым досведам лячэння зубоў і расказалі, колькі даводзіцца плаціць за маніпуляцыі ў стаматалогіях, як у прыватных, так і ў дзяржаўных, але за ўласныя грошы. Кошты лячэння і зубныя імплантаты ў каментарах агучвалі самыя розныя: у залежнасці ад матэрыялаў і канкрэтнай маніпуляцыі людзі, паводле іхніх словаў, выдаткоўвалі на адзін штучны зуб ад 300 да 2,5 тыс. рублёў, а за выдаленне зубоў мудрасці плацілі не менш за 400 рублёў.

Прычым кошты паслуг, як прызналіся гледачы, у апошні час выраслі. Адна жанчына заявіла, што на кансультацыі ў зубапратэзіста ёй «панапісвалі ўсякага ўсяго і налічылі 16 тысяч рублёў». «Усё падаражэла, – заўважылі ў абмеркаваннях. – Раней імплант “пад ключ” быў 1200, а цяпер 1600».

Успомнілі і пра такое: «У мяне знаёмая мацярынскі капітал выдаткавала, 8 тысячаў аддала».

Сківіца замест машыны

«А я пайшоў і памяняў 28 зубоў адразу, выдаткаваў амаль год. Дзве сківіцы металакерамікі – 10 тысячаў у.а. Цырконій – 15 тысячаў», – напісаў мужчына. І тут жа атрымаў пытанне: «Вы – мільярдэр?» «Проста не набыў новую машыну. Звычайна мяняю кожныя пяць гадоў. Але наступную пяцігодку праезджу на старой».

«Зубы замест машыны гэта крута. Засталося на іх паставіць сігналізацыю», – пажартавала адна з удзельніцаў абмеркавання.

Як выратаваць зубы?

Каб не выдаткоўвацца часта на стаматалогію, людзі ў каментарах параілі метады прафілактыкі.

«Не трэба даводзіць зубы да страты. Пасля прыёму ежы – вадзіца з содай, і карыесу не будзе», – парэкамендавала адна жанчына. Але ёй запярэчылі: «Якая сода? Прырода, калі не дала добрую эмаль, нічога не дапаможа. Акрамя таго, сода раз'ядае эмаль».

«Лепш – спецыяльны паласкальнік для паражніны рота, а то ад вашых вадзічак з содай можна ўвогуле без зубоў застацца», – напісаў іншая жанчына.

А гэтую раду адзначылі кучай лайкаў: «Я раз на паўгода-год хаджу да стаматолага для прафілактыкі на агляд. І лячу маленькі карыес, калі з'яўляецца – так сказаць у зародку. Так нашмат танней у выніку атрымліваецца».

Чаму кошты ў стаматолагаў выраслі?

Нагадаем, пасля пачатку дзеяння 13 снежня 2023 года пастановы Міністэрства аховы здароўя Беларусі №170 «Аб вызначэнні памежных максімальных тарыфаў на стаматалагічныя паслугі» некаторыя кошты ў дзяржпаліклініках павялічыліся.

Напрыклад, у 4-й гарадской клінічнай стаматалогіі сталіцы журналістам расказалі, што пасля зменаў некаторыя кошты выраслі: выдаленне зуба было 25, стала 30 руб., устаноўка імпланта была ад 700, стала ад 800 рублёў. Падобная сітуацыя склалася і ў іншых лячэбных установах.

Напісаць каментар 63

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках