28 красавiка 2024, Нядзеля, 22:18
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Юры Кміць: Лукашэнку ўказалі на яго месца

11
Юры Кміць: Лукашэнку ўказалі на яго месца
Юрый Кміць

Беларускі дыктатар паводзіць сябе як пабіты школьнік.

Віцэ-прэм'ер-міністарка ў пытаннях рэінтэграцыі часова акупаваных тэрыторый Украіны Ірына Верашчук заявіла, што частку дэпартаваных у Беларусь украінскіх дзяцей перавозяць у Расею. І што ва Украіны ёсць доказы непасрэднага ўдзелу Лукашэнкі і ягонай сям'і ў выкраданні дзяцей. Гэта першы раз, калі ва ўрадзе Украіны заявілі, што Лукашэнка вінаваты і павінен адказваць нароўні з Пуціным.

Што значыць гэты сігнал і з чым звязаны раптоўны візіт Лукашэнкі ў Кітай?

Пра гэта сайт Charter97.org пагутарыў з кіраўніком украінскай грамадскай арганізацыі «Заходні інфармацыйны фронт», сузаснавальнікам Беларускага інфармацыйнага цэнтра ў Львове Юрыем Кміцем.

– Гэта азначае, што Украіна больш не мае патрэбы ў таемным канале камунікацыі з Лукашэнкам, там ужо не вераць, што ён увогуле на нешта ўплывае. Першапачаткова, прытрымліваючыся нашых стратэгічных інтарэсаў, ва Украіне меркавалі, што Лукашэнка нейкім чынам стрымлівае свае войскі ад уваходжання ва Украіну. І таму ішла падвойная гульня, што з аднаго боку – мы нібыта і за дэмакратычную апазіцыю, супраць дыктатуры, а з другога – трымалі нейкі канал сувязі з людзьмі Лукашэнкі, спрабавалі навязаць нейкае мінімальнае сепаратнае супрацоўніцтва.

У нашых інтарэсах, каб не адкрыўся другі фронт, гэта натуральна. Цяпер ужо, як я разумею, Кіеў не ўважае больш Лукашэнку за самастойнага, здольнаг на нешта ўплываць. Яго прыраўнялі да Пуціна як да міжнароднага злачынцы.

– Лукашэнка спадзяецца, што яму сыдуць з рук злачынствы ва Украіне, а з Кіевам атрымаецца памірыцца. Ці могуць ва Украіне пайсці на прымірэнне з Лукашэнкам?

– Ён гуляе шматузроўневую гульню, гэта палітычны шулер, які мае вялікі досвед. Лукашэнка спрабуе ўсіх пераканаць, што ўсё кантралюе, што калі б не ён, то было б горш. Лукашэнка гандлюе тым, што не мае кошту – палітвязнямі, нейкімі заявамі. Вось і ўся ягоная палітыка.

– Характэрна, што Лукашэнка раптам сарваўся ў Кітай з ААЭ і ляцеў у абыход тэрыторыі Расеі. Навошта такі паспех і чаму ў абыход РФ? Можна ж было вярнуцца ў Менск і злятаць у Пекін адтуль.

– Калі б Лукашэнка паляцеў праз Расею, то яму паспелі б даць «каштоўныя ўказанні» для сустрэчы, якія яго стрымлівалі б. Па-другое, хутчэй за ўсё, гэта быў запыт на сустрэчу, які не быў пацверджаны, а Кітай любіць сімвалічныя рэчы. Выклік Лукашэнкі да сябе з Эміратаў – адзін з такіх сігналаў, каб усім паказаць свой уплыў на Лукашэнку, у тым ліку – і Расеі.

А цяпер паглядзіце на суадносіны Кітая і Беларусі ў абарачэнні, насельніцтве. Вы сабе ўяўляеце, што афіцыйны візіт лідара якой-небудзь маленькай еўрапейскай дзяржавы ў ЗША абстаўлялі б з такой помпай, паказвалі б, што прэзідэнт гэтай маленькай краіны – найлепшы сябар вялікай Амерыкі? Гэта немагчыма. Але тут Кітай дэманстрацыйна паказвае ўсяму свету, як ён сябруе з Лукашэнкам. Узнікае пытанне: чаму, для каго гэтая дэманстрацыя, хто глядач гэтага тэатру? А глядач у гэтым тэатры адзін – гэта Расея.

Уплыў Пекіна на Маскву ўсімі крыху перабольшаны. Кітай, Расея, Іран – гэта проста бандыцкая тусоўка, іх паводзіны нагадваюць стасункі ўнутры банды. І вось Лукашэнка хоча быць роўным у гэтай тусоўцы, але Расея пакідае за сабой права аднаасобна камандаваць Беларуссю. На сёння пагроза страты незалежнасці ў дзеяннях Лукашэнкі настолькі вялікая, што ён просіць Кітай прадэманстраваць, што ў яго ёсць выбар, што ў яго ёсць яшчэ нейкі вялікі сябар. Гэта як малодшакласніка пабілі ў сваім класе, а ён ідзе ў шосты клас, бярэ за руку старэйшага хлопца, вядзе ў свой клас і паказвае ўсім, што «я сябрую з гэтым, паспрабуй мяне крануць».

Усё, што было на сустрэчы ў Пекіне, гэта дэманстрацыя для Расеі, што калі яна забярэ рэшткі незалежнасці ў Лукашэнкі, то ёсць Кітай у сябрах. Суадносіны і статус беларускага дыктатара ў Пекіне былі бачныя з адной рэчы: калі Лукашэнка гаварыў, што яны сябруюць ужо 30 гадоў і гэтак далей, кітайскі лідар яго паправіў, што адзін год. А што гэта значыць? 29 гадоў Лукашэнка служыў Расеі, а толькі ў апошні год пачаў выконваць указанні кітайскіх таварышаў. Кітай нібы намякае: у цябе, хлопча, службы на нас адзін год, а 29 гадоў ты служыў не туды. Такія рэчы важна прыкмячаць.

Кітай апантаны ідэяй лідарства сярод недэмакратычных краінаў, таму быў прыдуманы такі праект «Адзін пояс, адзін шлях». А калі задумацца над гэтай філасофіяй, дык куды шлях мы трымаем? У Кітай, гэта ён вытворца тавараў, а для іх збыту патрэбныя вольныя межы, Пекіну не выгодныя ні войны, ні бар'еры на межах. Таму ў Лукашэнкі і Кітая была праблема з мігрантамі.

Кітай апантаны ідэяй лідарства сярод недэмакратычных краінаў, таму быў прыдуманы такі праект «Адзін пояс, адзін шлях». А калі задумацца над гэтай філасофіяй, дык куды шлях мы трымаем? У Кітай, гэта ён вытворца тавараў, а для іх збыту патрэбныя вольныя межы, Пекіну не выгодныя ні войны, ні бар'еры на межах. Таму ў Лукашэнкі і Кітая была праблема з мігрантамі.

Вось гэтая ідэя закідваць нелегаламі, застопарыць межы паміж Расеяй, Беларуссю і Еўразвязам, Кітаю ўвогуле не падыходзіць. Невыгодны і страйк польскіх перавознікаў на мяжы з Украінай, таму што большасць тавараў у гэтых фурах – кітайскай вытворчасці. І таму крызіс на мяжы Беларусі і Польшчы пайшоў на спад, нелегалы перавандравалі да мяжы з Фінляндыяй. Лукашэнка рыхтаваўся да сустрэчы, ён папрасіў пра яе яшчэ раней і ведаў, чаго хоча Кітай. А той хоча нармальных гандлёвых шляхоў праз мяжу, а не гэтыя блакаванні.

Варта адзначыць, што адной з галоўных прычынаў паездкі беларускага дыктатара ў Кітай былі грошы. Разумеючы, што на наступны год у Расеі складаны бюджэт, на шкоду астатнім праектам грошы пойдуць у асноўным на вайну з Украінай, Лукашэнка пабег у Кітай прасіць грошай. Другое – дэманстрацыя Расеі, што, маўляў, вы мяне не з'ясце, у мяне ёсць яшчэ вялікі сябар Кітай. Памятаеце, як Пуцін ужо нацэліўся далучыць Казахстан, але пасля званка з Пекіна расейцам давялося адтуль сысці. Вось гэта і ёсць матыў Лукашэнкі.

– Лукашэнка відавочна шукае новага патрона: імкнецца ўступіць у ШАС, лётае да Сі Цзіньпіна. Ці ёсць нехта, хто можа гарантаваць яму бяспеку? Ці Лукашэнка больш ніколі не зможа пачувацца спакойна?

– Пекін можа гарантаваць гэта, усё ж залежнасць РФ ад Кітая занадта вялікая, каб Масква магла грэбаваць такімі рэчамі. Усё падсанкцыйнае, чаго з таваразвароту ў Расеі не стае, яны бяруць з Кітая. Калі Пекін націскае кнопку «стоп», Расея спыняецца ў ваенным плане, гандлёвым, ва ўсякім. Калі цяпер забраць зварот з Кітаем, то ў РФ бюджэт можа ўпасці на 20%, а то і на 30% нават. Гэта ўсё, канец вайны.

Фактычна Кітай мог бы спыніць вайну толькі тым, што ўвёў гандлёвае эмбарга з Расеяй. Але Пекін гэтага рабіць не будзе. Раней СССР быў лідарам антызаходняга свету, а Кітай гуляў на два бакі: то з Савецкім Саюзам, то са Злучанымі Штатамі. Ён у гэтай ролі атрымаў усё, такія тэхналогіі, што ўжо сам можа ўсё рабіць без Амерыкі. Цяпер Кітай выходзіць на ролю былога СССР, лідара ўсіх дыктатураў, краінаў-ізгояў, у якіх няма выбараў. А Расея фактычна з'яўляецца капіталістычнай краінай з бандыцкай дыктатурай, у якой групы з крыміналу і спецпадраздзяленняў зрабілі сабе такую банду, якая захапіла ўладу. І гэтая банда не збіраецца аддаваць уладу, яны ўсе пытанні будуць развязваць у сваім вузкім коле.

Ёсць яшчэ шэраг краінаў з рэлігійнай дыктатурай, напрыклад Іран, камуністычныя дыктатуры як КНДР, іншыя. І вось у гэтай групе Кітай з'яўляецца лідарам, яны будуць падбіраць да сябе падобных. Свет падзяліўся на краіны, у якіх ёсць выбары, і ў якіх няма. Вось і ўся частка. Але краінаў, у якіх ёсць выбары, усё ж больш. Нават тую ж Індыю ўважаюць за дэмакратычную, няхай і з нацяжкай, там ёсць пэўныя праблемы.

Пры гэтым у Кітая ёсць запазычанасць у фінансах, ёсць праблемы з эканомікай. Лідар Кітая атрымаў даволі шмат крытыкі ад старэйшых кіраўнікоў партыі за тое, што змяніў тую тактыку эканомікі, якая была яшчэ ад Дэна Сяапіна. Кітай павінен нарошчваць мускулы ў цішыні, а яны выйшлі з гэтай парадыгмы і спрабуюць нарошчваць мускулы ў супрацьстаянні са Злучанымі Штатамі.

Такая палітыка можа прывесці да дзвюх рэчаў. Па-першае, магчымае ўзмацненне жорсткасці ўнутранай палітыкі, будуць саджаць прадстаўнікоў бізнэсу і незалежных мільярдэраў, таму што чым багацейшы чалавек, тым ён больш незалежны. Другое – яны будуць усё больш замыкацца, страчваць рынкі і тэхналогіі. Калі яны далей будуць ісці гэтым шляхам, то Кітай вернецца ў эпоху Маа Цзэдуна.

– Ці можа Кітай у нейкі момант прадаць гэтае так званае сяброўства з Лукашэнкам?

– Лёгка, Беларусь для Кітая роўным коштам нічога не важыць, гэтую сітуацыю Пекін будзе гуляць як разменную карту. Рэальна яму патрэбныя тыя тэрыторыі, якія бліжэйшыя да ягоных межаў, Далёкі Усход, а не Беларусь. Своечасова здрадзіць – значыць прадбачыць. Усё, што цяпер робіць Кітай, гэта набіранне козыраў для будучага гандлю з Расеяй, а з другога боку – з Амерыкай. Адзін козыр для ціску на ЗША – гэта Тайвань, таму што можна чыніць няспынны ціск, пагражаючы вайной. Другі козыр з Расеяй – гэта Далёкі Усход, кітайцы там ужо засяляюцца.

Моц Кітая проста няўяўная, яны хоць цяпер забралі б дарма Далёкі Усход, але яны гэтага не робяць. Навошта, калі можна зрабіць так, каб Расея прыйшла сама.

Кітай выдаткаваў вельмі шмат грошай на падтрымку інфраструктурных праектаў у свеце, на будаўніцтва партоў і дарог, гэтыя інвестыцыі ўжо павінны вяртацца. Але праз вайну ва Украіне гэтага не адбываецца, таму для Кітая кожны месяц вайны ва Украіне – гэта страта мільярдаў, канфлікты на мяжы з Еўропай – гэта страта мільярдаў.

Напісаць каментар 11

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках