29 красавiка 2024, панядзелак, 2:36
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Андрэй Саннікаў: Адкрываюцца новыя магчымасці міжнароднага ціску на рэжым Лукашэнкі

7
Андрэй Саннікаў: Адкрываюцца новыя магчымасці міжнароднага ціску на рэжым Лукашэнкі
АНДРЭЙ САННІКАЎ

Найперш трэба дапамагчы беларускім палітвязням.

Другі Сусветны кангрэс свабоды, які праходзіў у Вільні з 6 да 8 лістапада, сабраў больш за 200 дысідэнтаў і змагароў за свабоду з 56 краін свету. Нашую краіну на гэтым мерапрыемстве прадстаўлялі каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Андрэй Шарэнда, лідар «Еўрапейскай Беларусі» Андрэй Саннікаў, галоўная рэдактарка сайта Сharter97.org Наталля Радзіна, валанцёрка з Украіны Нія Гладзенькая, прадстаўніца нарвэжскай арганізацыі салідарнасці з Беларуссю Аляксандра Гаўрусік. Былі і іншыя беларускія прадстаўнікі, якія бралі ўдзел у маладзёжным форуме кангрэса.

БЕЛАРУСКАЯ ДЭЛЕГАЦЫЯ: АЛЯКСАНДРА ГАЎРУСІК, НІЯ ГЛАДЗЕНЬКАЯ, АНДРЭЙ САННІКАЎ, АНДРЭЙ ШАРЭНДА, НАТАЛЛЯ РАДЗІНА

Чым Сусветны кангрэс свабоды важны для Беларусі? Пра гэта сайт Charter97.org пагаварыў з Андрэем Саннікавым.

- Як бы вы ахарактарызавалі гэтае мерапрыемства? Гэта нейкі дыскусійны клуб, альянс супраць дыктатур?

- Гэта альянс дысідэнтаў, змагароў за свабоду супраць дыктатур. Кангрэс тым і адрозніваецца ад іншых міжнародных арганізацый, што сабраліся людзі, якія наўпрост сутыкнуліся з рэпрэсіямі дыктатарскіх рэжымаў.

Тут няма прадстаўнікоў паспяховых дэмакратый. Дэлегаты прадстаўляюць краіны, якія знаходзяцца сёння пад ярмом дыктатуры або аўтарытарных рэжымаў.

Гэты быў другі кангрэс, але можна назваць яго першым, таму што ён інаўгурацыйны. Калі ў мінулым годзе дэлегаты з розных краін сабраліся для таго, каб абмеркаваць, што можна зрабіць, то сёлета мы прынялі асноўны дакумент, рэгламент працы і стварылі кіроўныя органы.

Можна сказаць, што гэта быў першы кангрэс, ад якога будзе ісці адлік дзейнасці арганізацыі.

АНДРЭЙ САННІКАЎ ПАДПІСВАЕ ДАКУМЕНТ З АСНОЎНЫМІ ПУНКТАМІ КАНГРЭСУ

- Якімі былі галоўныя тэмы кангрэса?

- Тэм было шмат: перш за ўсё - палітвязні. Пытанні іх вызвалення, дапамогі сем'ям, самім палітвязням. Лабіяванне інтарэсаў дэмакратыі і правоў чалавека ў краінах, якія жывуць за тыранамі.

Гэта і «Акадэмія свабоды», якая праводзіцца не першы раз, дзе навучаюць негвалтоўнаму супраціву. Быў падрыхтаваны і выдадзены дапаможнік для сем'яў палітвязняў.

Абмяркоўваліся складаныя рэгіянальныя пытанні. Напрыклад, што адбываецца сёння на Блізкім Усходзе. Абмяркоўваліся пытанні санкцый супраць дыктатараў і як можна прадухіліць іх абыход. Парадак дня быў дастаткова напружаны і шмат пытанняў было абмеркавана.

- Сярод гэтага напружанага парадку дня ці ўдалося падняць тэму Беларусі?

- Вядома, тэма Беларусі ўвесь час паднімалася. Мы абмяркоўвалі і абменьваліся досведам з дэлегатамі тых дзяржаў, якія праходзілі і праходзяць праз падобныя перыяды. Дзеля таго мы там і былі, каб гучала тэма Беларусі.

НІЯ ГЛАДЗЕНЬКАЯ, АНДРЭЙ САННІКАЎ, НАТАЛЬЯ РАДЗІНА, АНДРЭЙ ШАРЭНДА

- Якія можна зрабіць высновы аб ацэнцы рэжыму Лукашэнкі на кангрэсе і санкцыям супраць яго? З кім вам удалося пагаварыць на гэтую тэму?

- Па-першае, зразумела, што сёння галоўны агрэсар у рэгіёне - Пуцін і ягоны рэжым. Кангрэс дзеліцца на некалькі рэгіянальных груп. У тым ліку існуе група Усходняй Еўропы і Цэнтральнай Азіі. Мы акурат абмяркоўвалі пытанне, што сёння Цэнтральная Азія актыўна выкарыстоўваецца для таго, каб абыходзіць санкцыі. Гэтаму неабходна абавязкова пакласці канец і энэргічней уводзіць другасныя санкцыі.

Падаваліся канкрэтныя прыклады пастаноў цэнтральнаазіяцкіх дзяржаў, якія павінны дапамагаць Пуціну і Лукашэнку пазбягаць санкцый. Не сакрэт, што некаторыя з гэтых рэжымаў легальна ўспрымаюцца на Захадзе. З імі сустракаюцца, напрыклад, з казахскімі, азербайджанскімі, кыргызскімі кіраўнікамі. Увогуле, Захад не грэбуе ўдзельнічаць у абыходзе санкцый з дапамогай гэтых рэжымаў. У гэтым плане мы вельмі карысна і плённа пагаварылі.

- Вайна на Блізкім Усходзе выходзіць на першы план у сусветным парадку дня. Ці атрымалася яшчэ і ў гэтым сэнсе расставіць нейкія акцэнты наконт рэжыму ў Беларусі?

- Канкрэтна пра гэта не казалі, але зразумела, што і Лукашэнка, і яго рэжым падтрымліваюць агрэсію, тэрарызм. «Еўрапейская Беларусь» адразу пасля тэрарыстычнага нападу на Ізраіль зрабіла заяву з асуджэннем актаў тэрарызму і ў падтрымку Ізраілю. З гэтай заявай дэлегаты кангрэса былі азнаёмлены.

Сітуацыя на Блізкім Усходзе абмяркоўвалася, але нейкіх пастаноў кангрэс не прымаў.

ТРЫ ЗАСНАВАЛЬНІКІ СУСВЕТНАГА КАНГРЭСУ СВАБОДЫ: ЛЕАПОЛЬДА ЛОПЭС, МАСІХ АЛІНЕДЖАД І ГАРЫ КАСПАРАЎ

Тое, што Лукашэнка і Пуцін з задавальненнем размаўляюць і з ХАМАС, і з «Хезбалой», усім вядома і не патрабавала чарговага пацвярджэння.

Мы абмяркоўвалі якраз пытанні прыцягнення злачынцаў, у тым ліку правадыроў, дыктатараў да міжнароднай крымінальнай адказнасці праз Міжнародны крымінальны суд (МКС). Тут, вядома, Украіна павінна адыгрываць першую скрыпку.

- Удзельнікі кангрэса падтрымалі прыцягненне Лукашэнкі да міжнароднай адказнасці?

- Гэта не ставілася пад аніякі сумнеў. Мы абмяркоўвалі, як гэта зрабіць. Гэтае пытанне, на жаль, засмечанае бессаромным піярам. Нібыта нехта перадае некуды нейкія дакументы ў Гаагу…

Ёсць пэўныя юрыдычныя патрабаванні і дакументацыя аб сведчаннях для МКС, таму трэба займацца акурат гэтым, а не спрабаваць піярыцца на такой чалавечай трагічнай і дастаткова складанай працэдурнай тэматыцы.

- Вы сказалі, што вызначальнае слова ў гэтым павінна сказаць Украіна. Як, на вашую думку, можа выглядаць гэты працэс?

АЛЯКСАНДРА ГАЎРУСІК, АНДРЭЙ ШАРЭНДА, РАСЕЙСКАЯ ЭКС-ПАЛІТЗНЯВОЛЕНАЯ АНАСТАСІЯ ШАЎЧАНКА, НАТАЛЛЯ РАДЗІНА, АНДРЭЙ САННІКАЎ, НІЯ ГЛАДЗЕНЬКАЯ

- Выкраданне ўкраінскіх дзяцей адбываецца з тэрыторыі Украіны, а вывозяцца яны на тэрыторыю Расеі і Беларусі. Пачатак злачыннай дзейнасці звязана з агрэсіяй РФ супраць Украіны.

Той выпадак, паводле якога ўжо выдадзены ордэр на арышт Пуціна, трэба працягваць. Лукашэнка як суўдзельнік павінен таксама быць уключаны ў гэты ордэр, а гэта прэрагатыва Украіны.

Мы можам дапамагчы, напрыклад, юрыдычна, але ўкраінцы адыгрываюць вядучую ролю. На кангрэсе якраз была Аляксандра Мацвяйчук, якая прадстаўляла Цэнтр грамадзянскіх свабодаў, які летась атрымаў Нобэлеўскую прэмію міру. Яны з'яўляюцца якраз той арганізацыяй, якая займаецца зборам і маніторынгам такіх звестак. Аляксандра разумее неабходнасць уключэння ў абвінаваўчыя дакументы ўсіх суўдзельнікаў.

- Калі дысідэнты з усяго свету аб'ядноўваюцца для барацьбы з дыктатарскімі рэжымамі, ці значыць гэта, што традыцыйныя міжнародныя структуры не спраўляюцца?

- Пра гэта таксама шмат гаварылася: аб тым, што ААН пастаянна зазнае няўдачы. Калі ў Радзе правоў чалавека ААН сёння старшынюе Іран, то, мусіць, гэта сведчыць аб поўнай няўдачы міжнародных намаганняў у падтрыманні міру і абароне правоў чалавека.

Голас дысідэнтаў павінен гучаць гучней, чым ён гучыць сёння. Для гэтага трэба выкарыстоўваць усе магчымасці, а яны ў нас дастаткова вялікія, як мы ацанілі на гэтым кангрэсе.

Размова не ідзе, вядома ж, аб замене гэтых арганізацый, а толькі аб ліквідацыі дысбалансу, калі дзяржавы, вінаватыя ў злачынствах, вызначаюць міжнародную палітыку, у тым ліку — і ў галіне правоў чалавека.

- Літаральна за гэты тыдзень беларускі Нобэлеўскі лаўрэат прэміі міру 2022 года Алесь Бяляцкі перамешчаны ў ПКТ, а Нобэлеўская лаўрэатка прэміі міру за 2023 год Наргіз Махамадзі абвясціла галадоўку ў іранскай турме. У той жа час у Менску праходзіць агульная вайсковая камісія рэжымаў Лукашэнкі і аятол. Як сёння супрацьстаяць глабальнаму злу?

- Супрацьстаяць, як, увогуле, ва ўсім свеце супрацьстаяць. Толькі аб'яднаць намаганні. Дарэчы, прэзідэнтам кангрэса абрана Масіх Алінеджад. Яна з Ірана, жыве зараз у ЗША. Яна - адная з лідарак іранскай рэвалюцыі. Мы з ёй добра знаёмыя і абмяркоўвалі ўдзел Лукашэнкі ў здушэнні пратэстаў у Беларусі, а таксама ў вайне супраць Украіны ў сувязі з магчымасцю выкарыстання іранскіх узбраенняў, абмяркоўвалі сувязі Лукашэнкі з рэжымам мул.

Яна нядрэнна ў гэтым інфармаваная. Калі я казаў пра розныя магчымасці аб ўздзеянні на рэжым Лукашэнкі, якія ў нас ёсць, то ў Масіх, якая жыве ў ЗША, ёсць, напрыклад, магчымасць наўпрост размаўляць з сусветнымі лідарамі, даносячы да іх нейкія нашыя супольныя трывогі.

Тое, што адбываецца ў Іране, — жахліва, але тое, што адбываецца ў Беларусі, не менш жахлівае. На жаль, вайна ва Украіне і тэрарыстычныя войны адсунулі праблему палітычных зняволеных, якіх у нас вялізная колькасць.

Трэба больш сур'ёзна працаваць у кірунку інфармавання сусветнай супольнасці, сусветных лідараў аб тым, што адбываецца ў Беларусі.

НАТАЛЬЯ РАДЗІНА І ПРЭЗІДЭНТКА СУСВЕТНАГА КАНГРЭСУ СВАБОДЫ МАСІХ АЛІНЕДЖАД

- Наколькі сусветныя лідары разумеюць, што акрамя буйных гульцоў у новай "восі зла" ёсць рэжымы, якія "падносяць патроны"?

- У гэтым асяроддзі гэта не даводзіцца доўга тлумачыць. Дэлегаты кангрэса ўсе цудоўна разумеюць. Мы хутчэй займаліся пошукамі каналаў, праз якія можна гэтыя праблемы ўзнімаць на самым высокім узроўні.

Я, напрыклад, абмяркоўваў з высокімі прадстаўнікамі дэмакратычных дзяржаў розныя пытанні: санкцый, здушэння свабод.

На кангрэсе дэлегатамі былі дысідэнты, але прысутнічалі і назіральнікі: прадстаўнікі розных арганізацый, урадаў.

- Ці можна сказаць, што праблему дыктатарскага рэжыму ў Беларусі ўдалося вывесці на новы ўзровень і знайсці новыя механізмы ўздзеяння на Лукашэнку?

- Я скажу, што гэта быў не пачатак нейкай працы, а працяг. Аб новым узроўні рана яшчэ казаць, таму што абмяркоўваліся некаторыя ідэі, якія могуць быць рэалізаваныя ў розных галінах. Цяпер жа трэба заняцца практычнай працай аб рэалізацыі гэтых ідэй, тады паглядзім наконт новага ўзроўню.

Хацеў бы яшчэ дадаць пра кангрэс, што мы з галоўнай рэдактаркай сайта Charter97.org Наталляй Радзінай былі ля вытокаў абмеркавання самой ідэі гэтага кангрэса. Уся дэлегацыя Беларусі складалася з былых палітвязняў. Стаўленне з боку іншых дэлегатаў было да нас адпаведным - павага, разуменне.

Паколькі мы абмяркоўвалі гэтую ідэю, а цяпер сталі сведкамі яе афармлення, мы ўвесь час падчас абмеркавання самога фармату ўздымалі тэму Беларусі і мелі на ўвазе выкарыстанне патэнцыялу гэтай новай арганізацыі для таго, каб дапамагчы людзям у Беларусі. Найперш – палітвязням.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках