29 красавiка 2024, панядзелак, 15:00
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Маскве прайшоў «Сацыяльны марш мільёнаў»

5
У Маскве прайшоў «Сацыяльны марш мільёнаў»
ФОТА: ALEXNEWS.INFO

У Расеі прадаўжаюцца пратэсты супраць падвышэння пенсійнага ўзросту.

У Маскве на праспекце Сахарава ў суботу прайшла ўзгодненая з уладамі акцыя пратэсту «Сацыяльны марш мільёнаў». Яна прымеркаваная да будучага разгляду Дзярждумай у другім чытанні законапраекта аб падвышэнні пенсійнага ўзросту ў Расеі. Ён выклікаў у краіне акцыі пратэсту, якія прадаўжаюцца з сярэдзіны лета, паведамляе «Радыё Свабода».

Мерапрыемства, на розныя звесткі, сабрала ад 3 да 10 тысяч удзельнікаў.

На мітынгу выступіў лідар КПРФ Генадзь Зюганаў, які выказаўся супраць пенсійнай рэформы, назваўшы яе «людаедскай». Ён таксама нагадаў пра вынік выбараў у Прымор'і, дзе лідарам быў камуніст, а перамог адзінарос, і абвінаваціў улады ў хлусні. Раней лідар КПРФ абяцаў правесці ў гэтую суботу акцыі супраць фальсіфікацый на рэгіянальных выбарах.

Яшчэ да афіцыйнага пачатку маскоўскай акцыі на месцы яе правядзення сабраліся ўдзельнікі «Левага фронту» на чале з лідарам руху Сяргеем Удальцовым. Ён у сваёй прамове таксама не толькі заклікаў выступіць супраць пенсійнай рэформы, але і згадаў сітуацыю з выбарамі ў Прымор'і, а ягоныя прыхільнікі пачалі скандаваць «ганьба Адзінай Расеі».

Удальцоў заявіў журналістам, што акцыі будуць прадаўжацца, а ягоныя прыхільнікі будуць дамагацца правядзення ў Расеі рэферэндуму аб пенсійнай рэформе. Лідар «Левага фронту» таксама заявіў, што знойдзе спосаб і далей удзельнічаць у акцыях пратэсту нягледзячы на судовую забарону хадзіць на мітынгі. Паліцыянтам, якія падышлі да яго на праспекце Сахарава, Удальцоў заявіў, што ў яго няма на руках пастановы суда аб прызначэнні адміністрацыйнага нагляду і што ён яе абскардзіць, паведамляе карэспандэнт «Настоящего времени».

Акцыі супраць падвышэння пенсійнага ўзросту прайшлі ў гэтую суботу ў дзясятках гарадоў Расеі. У большасці выпадкаў яны арганізаваныя КПРФ і прафзвязамі. У іх таксама ўдзельнічаюць прадстаўнікі леварадыкальных палітычных рухаў.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках